«Хто гэта быў? І навошта прыходзіў?»
«Гэта быў салдат… Босы і паранены салдат… Паранены ў руку салдат… Які сказаў мне…»
«Што сказаў? Што ён сказаў, мама?»
«Што ты загінуў… Што войска разьбітае…»
«Хто гэта быў? Як такое магло стацца? Хто ён?»
«Што хутка ў горад прыедуць разьбітыя, крывыя вазы, поўныя трупаў… – працягвала маці, ня слухаючы яго. – І сярод іх – твой… Труп майго старэйшага сына… Лёксы Шпуля…»
«Як ён выглядаў? Як яго звалі? Ён наш?»
«Ён не назваўся… Я ніколі яго раней ня бачыла… Але гэта быў салдат… Малады салдат… Ён ведае цябе… Цень… Цень…»
«Табе прысьнілася, мама! Ты моцна хварэеш, як я бачу! Заўтра я прывяду да цябе найлепшага лекара з палацу! Вазьмі, папі вады! І пастарайся заснуць!»
Але яна і так ужо спала – і з рота ў яе цёк тонкі струменьчык сьліны.
Стукнуўшыся аб рог старой шафы – вось і рэчы яго забылі… – Лёкса таропка выйшаў на вуліцу. Кусаючы вусны, нічога не разумеючы, муркаючы пад нос песьню пра караля. Вераніка сядзела каля дзьвярэй і грызла вялікі кавалак засохлага хлеба. Яна зірнула на яго спадылба, але нічога не сказала. Яна сядзела ў такой бессаромнай паставе, што Лёкса рыўком падняў яе на ногі. Яна раззлавана мяўкнула.
«Дзе ты гэта ўзяла?»
«У тваім доме!»
«Скрала, значыць», – нязлосна прамовіў ён. Думкі яго былі зусім ня зь ёй. Салдат, салдат, салдат – грукала ў ягонай галаве пад трывуголкай. Што за салдат? Адкуль? Гэта быў матчын сон? Галюцынацыя? Хутчэй за ўсё…
«Я паміраю з голаду, Лёкса! – раптам накінулася яна на яго. – А на плошчы даюць хлеб і віно! І салёныя агуркі ад яго міласьці! Я ня ела з пазаўчарашняга дня! Ты ня корміш мяне, вястун!»
«Мы пойдзем у мой дом, і там ты атрымаеш такую вячэру, якой яшчэ ня бачыла! Хадзем за мной!»
І яна пацягнулася за ім, лясная папялушка. Спачатку маўчала. Потым пачала:
«Што ты будзеш рабіць, Лёкса?»
«Я ўжо сказаў! Заўтра! Вырашу заўтра! Маўчы!»
«Я ня буду маўчаць! – зашыпела яна. – Што ты нагаварыў сваёй маці? Які дом? Якія лекары? Ты мусіш падумаць, як уратавацца! Адлік пачаўся! Час ідзе!»
«Маўчы!»
«Няўжо ты і праўда паверыў, што ўсё гэта тваё? Што ты будзеш афіцэрам? А можа, нават генэралам? У нас тыдзень, Лёкса! Ужо менш за тыдзень! Трэба пачынаць думаць! А ня радавацца так, быццам…»
Ён схапіў яе і заціснуў рот.
«Не хапала, каб нас пачулі. Ідзі за мной. А калі яшчэ раз раскрыеш рот…»
Чыгунныя дзьверы былі зачыненыя. Натоўп танчыў на плошчы, паўсюль панаваў кіслы водар віна. У цэнтры гарэлі вогнішчы, асьвятляючы ўпрыгожаны кветкамі палац. Людзі весяліліся і сьпявалі, і песьні раз-пораз перарываліся пранізьлівымі жаночымі крыкамі. П’яныя галасы зьліваліся ў хор. Шыбеніцу ўжо прыбралі. Народ абдымаўся, іскры паходняў падалі людзям пад ногі, хтосьці таптаў запаленую салому, хтосьці штурхаў яе нагамі. Але ніхто не падыходзіў блізка да дому павешанага.
Лёкса дастаў шаблю і закалаціў ёй у дзьверы. Яму адчынілі не адразу. Слуга пабачыў яго, апусьціў вочы і пакланіўся.
«Я Лёкса Шпуль», – прамовіў вястун і зрабіў крок наперад.
«Вітаем у новым доме, ваша міласьць».
«Як цябе завуць?»
«Эдгар».