«Дзе астатнія слугі? Або ты адзін?»
«Усе на плошчы… Сьвяткуюць перамогу».
«Ясна».
Лёкса і Вераніка нясьмела ўвайшлі і спыніліся, азіраючыся па баках. З карцін на сьценах на іх глядзелі незнаёмыя істоты. Эдгар запальваў сьвечкі – адну за адной. Не, дом ня быў раскошным. Тут не было ні золата, ні срэбра, але гэта быў дом высакароднага чалавека.
«Правядзі нас у спальню… І пакармі яе. Яна будзе жыць тут», – Лёкса паказаў на Вераніку.
«Прашу вас, ваша міласьць пані Шпуль».
Лёкса гмыкнуў. Слуга адвёў Вераніку ў залю і паказаў Лёксу ягоную спальню. Такую шырокую – тут магло б зьмясьціцца ўсё іхнае жытло на Старым Раўчуку. У жываце ў Лёксы нарастаў моцны, калючы боль.
«Прынясі мне… Сьлівовічкі…»
Слуга адчыніў нейкую шафу ў куце. Прыгожым рухам дастаў бутэльку. Наліў маленькую чарачку з выявай аленя. Запаліў сьвечкі.
«Ты можаш ісьці… І скажы, каб яна… Тая, каго ты называеш пані Шпуль… Каб яна зайшла да мяне, калі наесца. Зразумеў?»
«Будзе зроблена, ваша міласьць».
Лёкса вырваў у яго з рук бутэльку і пачаў піць. Ён піў доўга, ня дыхаючы, высмоктваючы з бутэлькі ўсё, што ў ёй было. Яму здалося, што калі ён п’е, час спыняецца. Час не ідзе. Час стаіць і чакае, калі ён дап’е сьлівовічку.
Эдгар ціха выйшаў. Нехта на плошчы заўважыў, як у акне дома павешанага запалілася сьвятло. Людзі, перадаючы адно аднаму, расказалі ўсім, што ў доме зьявіўся гаспадар. Відаць, усе ў горадзе ўжо ведалі, хто тут пасяліўся міласьцю рэгента. Ён, Лёкса Шпуль. Каралеўскі вястун. Той, хто прынёс у горад вестку пра шчасьлівую перамогу. Спачатку невялікімі купкамі, а потым усёй грамадою людзі перайшлі з цэнтру плошчы да дому павешанага і абступілі ўваход. І кожны задзіраў галаву, спрабуючы разгледзець героя. І кожны ўяўляў сябе на ягоным месцы.
Натоўп на імгненьне сьціх, а потым выбухнуў новымі крыкамі. Стомленыя ад тых самых воклічаў, што пасьпелі ўжо крыху надакучыць, людзі з асалодай паўтаралі новыя.
«Лё-кса! Лёк-са! Лё-кса Шпуль!»
Афіцэр палацавай гвардыі Лёкса Шпуль спаражніў бутэльку і адчыніў акно. Высунуўся, адчуўшы прахалоду летняй ночы. Ягоны сіняваты сылюэт быў добра відаць кожнаму, хто падышоў блізка да дому Кавальды. Іншыя падскоквалі, каб пабачыць героя.
«Няхай жыве вястун! Няхай жыве Лёкса Шпуль!»
Лёкса засьмяяўся.
«Дзя-куй! Дзя-куй!» – паўтараў натоўп.
«Лёк-са!» – паўтараў увесь горад.
Толькі хворая маці Лёксы Шпуля ляжала недзе ў цемры і мармытала ў сьне зусім іншыя словы.
Недзе там, у натоўпе, стаялі ягоныя брат і сястра. І казалі ўсім, што гэты іхны Лёкса. Іхны! Аднак ніхто ня чуў іх у такім тлуме.
Лёкса падняў руку. Натоўп пачаў сьціхаць. Усе чакалі, што скажа герой. Што скажа адважны вястун, які прайшоў праз агонь і ваду, каб прынесьці ў родны горад шчасьлівую вестку.
«Кароль сабраўся на вайну,
Абразы не сьцярпеў…» – завёў Лёкса глухім голасам.
Людзі не адразу пачулі, што ён кажа. Яны бачылі, як рухаюцца яго вусны, але патрэбная была абсалютная цішыня, каб разабраць словы вестуна.
Яму ніхто не падпяваў. Яны проста стаялі і слухалі.
4
Яму падабалася быць Лёксам Шпулем.
Менавіта цяпер звацца Лёксам Шпулем і жыць у ягонай скуры было так радасна, так прыемна і так выгодна, што ён бы ня стаў ні з кім мяняцца ні сваім імем, ні тварам, ні домам. Хоць яшчэ зусім нядаўна ён шмат аддаў бы, каб выйграць у лёсу нешта больш прыстойнае і прыгожае. Але яму не давялося ні з кім мяняцца. Ён быў, як і раней, Лёкса Шпуль – і ўсё ж гэты Лёкса пагардліва адварочваўся ад таго, ранейшага, і не зьбіраўся прызнаваць у ім свайго.