«Ці ня гэтага ты хацела?» – пайшоў ён проста на яе, каб спужаць. Бо нечакана спужаўся сам. Але яна так і засталася сядзець на падлозе. Голыя калені, ведзьміны валасы раскіданыя на плячах…
«Ці ня гэтага ты хацела, ведзьма?» – прахрыпеў ён.
«Я хацела ўратаваць цябе, – сказала яна ціха. – Я нікуды не пайду. Я кахаю цябе. Няхай нас павесяць разам. Ці разам дадуць жыць доўга і шчасьліва».
Ён рушыў да дзьвярэй. Слугі, пазяхаючы, вызірнулі зь ніжняга паверху. І толькі Эдгар быў ужо гатовы вітаць гаспадара, пакланіўся, вытрымаў шалёны гаспадароў позірк.
«Рыхтуйце каня, – сказаў Лёкса. – Я вып’ю кавы і паеду за муры».
Кава была моцная, пякучая, з кропляю каньяку і белай пенкай. Такой кавы Лёкса яшчэ ня піў. На дахах птушкі абмяркоўвалі неспакойную ноч, вырашалі, ці не перасяліцца ім далей ад гэтай шумлівай плошчы, ад людзей, якія, здаецца, перадумалі класьціся спаць з надыходам цемры, людзей, якія запальваюць страшныя іскрыстыя агні і крычаць, задраўшы галовы да неба. Лёкса ўмыўся халоднай вадой і паглядзеўся ў маленькае люстэрка. Яму хацелася вярнуць гэтае адчуваньне. Адчуваньне таго, што яму падабаецца быць Лёксам Шпулем.
Конь стаяў, прывязаны да брамы, слуга чысьціў яму грыву. «А калі яна возьме і раскажа ім праўду?» – думаў Лёкса, няўмела заскокваючы на каня. Па конскім целе прайшлі дрыжыкі – той ацэньваў, ці варты Лёкса такога скакуна. Калі яна і праўда ім усё раскажа? Ён паедзе за муры, размаўляць з афіцэрамі, а яна… Ёй дастаткова толькі прайсьці праз гэтую пустую плошчу і сказаць некалькі словаў гвардзейцам каля палацавай брамы. І калі ён вернецца – яго ўжо будуць чакаць. Боль, пагарда, сорам, зьдзеклівы сьмех. Крыкі з натоўпу. Тухлыя яйкі ў твар. Імя, запісанае ў кнігах – імя самага вялікага баязьліўца і здрадніка. Боль. І – пустата. Пустата – і пекла. Вечнае вогнішча, распаленая смала. Няўжо папы кажуць праўду? Няўжо Вераніка скажа ім праўду? Няўжо тое, што зь ім адбываецца – праўда?
Што ёсьць праўдай?
Ён зьявіўся каля Паўночнай брамы апошнім. Афіцэры ўжо чакалі яго, наперад выехаў на чорным кані Фармаледайт і павітаў Лёксу кароткім паклонам. Лёкса стрымана пакланіўся ў адказ. Сонны вартаўнік, замітусіўшыся, пачаў падымаць браму.
І вось яны былі за мурамі. Дваццаць афіцэраў палацавай гвардыі прышпорылі коней – і паскакалі, уздымаючы астылы за ноч дарожны пыл, да узгорка на даляглядзе. Лёкса глядзеў на сябе нібы з вышыні – і дзівіўся. Гэта ён скача на прыгожым, паслухмяным коніку, у строгім і бездакорным строі, з шабляю і пісталетамі, у трывуголцы, завязанай пад падбародзьдзем, каб яе ня зьдзьмула ветрам. Сонца даўно паднялася над каралеўствам. Недзе далёка адсюль ехаў па чужых панылых дарогах разьбіты кароль, цягнуліся абозы з забітымі і параненымі. Вартыя жалю рэшткі магутнага войска… А ён, Лёкса, скакаў на кані, поўны сілаў, малады і паважаны, ён сам адчуваў сябе каралём, ён бачыў, як глядзяць на яго афіцэры, як скоса, зьдзіўлена і зь любоўю пазірае на яго юны Фармаледайт.
Яны з ходу адолелі ўзгорак і спыніліся каля старога дуба. Саскочылі з коней, расьселіся на нібы рассыпаных вакол дрэва нейкай нечалавечай рукой белых, старажытных, маўклівых камянях. Прысеў і Лёкса.
Было маўчаньне. Было сонца, якое пачынала прыпякаць. Былі трывуголкі, кінутыя ў траву, быццам яны зьбіраліся хаваць кагосьці, гэтыя юныя вусатыя афіцэры. Былі позіркі спадылба, быў вецер, што насіўся па ўзгорку, нібы сарваўшыся з ланцуга. Паскубваючы траву, коні нягучна ржалі, прывязаныя да высокага скалістага вырасту, што тырчаў зь зямлі. Тут было шмат камянёў, сонца і ветру – а далёка адсюль былі відаць гарадзкія муры і вежы.
«Раскажыце нам, – сказаў Фармаледайт. – Раскажыце нам тое, што вы не маглі расказаць у палацы!»
«Раскажыце, Шпуль», – далучыліся да Фармаледайта і іншыя афіцэры.
«Але я ўсё расказаў», – сказаў Лёкса. І зноў страх падступіў да горла. Чаго яны ад яго хочуць? Аповедаў? Але ён ужо паўтарыў прыдуманую Веранікай легенду аб вялікай перамозе некалькі разоў, розным людзям. І яны таксама яе чулі. Што ім трэба?
«Раскажыце нам, што гэта такое – забіваць», – папрасіў, схіліўшы галаву, Фармаледайт. І іншыя галовы таксама схіліліся – а потым узьняліся, прагна пазіраючы на Лёксу.
«Што гэта такое, калі вораг падае, падбіты табой на поўным ляту? Што вы адчувалі, калі бачылі адсечаную вамі галаву басурмана? Як гэта: бачыць, што твой стрэл трапіў у цэль?»
Такія пасыпаліся на яго пытаньні. Лёкса маўчаў. А потым сказаў:
«Гэта як піць віно. Самае лепшае віно. Віно, якое не канчаецца. І ты п’еш яшчэ і яшчэ».
Іхныя твары ўспыхнулі. Яны былі задаволеныя адказам. Яны былі шчасьлівыя. Яны хацелі яшчэ і яшчэ.
«Гэта як цалаваць найпрыгажэйшую паненку. Як піць яе сьліну проста з вуснаў. Вечны, бясконцы пацалунак. Калі ты ведаеш, што яна аддаецца табе аднаму – і ты ніколі пра гэта не забудзеш».
Так адказала б на яго месцы Вераніка. О, яна была б задаволеная ягонымі словамі. Так адказаў Лёкса Шпуль – і зразумеў, што не прамахнуўся. Афіцэры ледзьве не застагналі.
«Раскажыце нам яшчэ раз. Усё тое, што вы расказвалі ўчора. Мы хочам паслухаць гэта яшчэ!»
І Лёкса расказаў ім тое, што і так вывучыў ужо назубок. Калі ён змоўк, яны сядзелі і глядзелі на яго з паўразяўленымі ратамі. Кулакі іх сьціскаліся. Яны цяжка дыхалі. Лёкса ўзяў сваю салдацкую біклажку і зрабіў вялікі глыток вады. Вада мела прысмак віна. Таго самага кіслага салдацкага віна. Афіцэры глядзелі на яго з павагай.
«Яна адтуль?» – спытаў сарамліва Фармаледайт.
«Так, – нахмурыўся Лёкса. – Яна была са мной ад самага пачатку. Я піў зь яе там, каля Чорнай Скалы. І калі напіўся – мне ўдалося заваліць аднаго басурмана. Буйны экзэмпляр, мушу прызнацца, панове. Я ажно зьдзівіўся, калі ён паваліўся пысай у траву…»
«Траву? Там была трава?»
«Напэўна, уся трава была ў крыві?»
«Я чуў, там адны камяні ды пясок, – прамовіў адзін з афіцэраў. – Чытаў у кнізе… Але адкуль ім ведаць, гэтым штафіркам?»
«Шпуль… – зьвярнуўся да Лёксы румяны, як дзяўчына, Фармаледайт. – Мы хочам сустрэць караля і яго пераможнае войска на падыходах да гораду. Нам патрэбная ваша парада. У які дзень кароль мусіць вярнуцца? І як лепш сустрэць Яго Вялікасьць?»