Недзе ў вялікім горадзе быў чалавек, які мог выкрыць яго. Вельмі небясьпечны чалавек. Чалавек, якога варта было б знайсьці. Чалавек, які меў такую ўладу над Лёксам, якая ня сьнілася нават каралю.
Чалавек, які, магчыма, ніколі не існаваў. Гэтага чалавека трэба было знайсьці. Знайсьці і дамовіцца зь ім.
Ці пераканацца, што яго няма і ніколі не было.
«Пане! – кінулася ўсьлед за Лёксам нейкая чыста апранутая, але праставатага выгляду жанчына. – Пане вястун! Ох, даруйце! Пане афіцэр!»
Ён не абарочваўся. Ён ішоў дамоў, нібы ня чуў гэтага жаласьлівага жаночага голасу.
Яна дагнала яго і схапіла за руку. Ён вырваўся і ў шаленстве павярнуў да яе твар:
«Ня лезь да мяне! Чаго ты хочаш? Мо пацалунку?»
«Толькі адно пытаньне! Ці ня ведаеце вы Станю? Станю-пекара?»
Лёкса спыніўся. Паглядзеў, як яна ўсім целам наступае на яго – ці то каб абняць, ці то каб усадзіць яму пад рэбры нож.
«Я яго жонка! – жанчына горача дыхала яму ў твар. – Ён пайшоў у паход з каралём, мой Станя! Вы мусілі яго ведаць, яго ўсе любяць! Ён такі разумны! Такі харошы!»
Лёксу пазналі і іншыя людзі. Абступілі іх. Кожнаму хацелася пачуць адказ. А шмат у каго былі і пытаньні. Пытаньні пра іхных сваякоў. Ды ня кожны быў гатовы чапляцца з такімі пытаньнямі да афіцэра.
«Станя? – прамовіў Лёкса і падавіўся сьлінай. У горле зьявіўся камяк – і Лёксу хацелася выплюнуць яго. Выплюнуць як мага хутчэй, пакуль ён не заплакаў. – Станя-пекар?»
«Станя!» – радасна пацьвердзіла жанчына. – «Ведаеце яго?»
«Станя…» – сказаў Лёкса і нечакана выпаліў ёй у твар: «Яго няма!»
«Няма?» – яна ўсё яшчэ ўсьміхалася. Яна не магла сьцерці гэтую ўсьмешку з твару.
«Няма, – рэзка прамовіў Лёкса. – Загінуў. Я бачыў, як яго прывезьлі з распоратым жыватом. Ён быў мёртвы».
Жанчына ўскрыкнула. Людзі змоўклі.
«Але гэта ж была… Перамога?» – спытаў хтосьці.
«Перамога! – сказаў Лёкса з выклікам. – Але і ў пераможных бітвах гіне шмат жаўнераў! Думаеце, басурманы не стралялі ў нас, не калолі і ня рэзалі? Думаеце, у іх няма гарматаў? І атрутнага газу? І вострых крывых шабляў? Думаеце, яны проста разьбегліся, як зайцы, ад нашага выгляду? Ага, як жа! Яны біліся. Як ільвы! І таму гэта нашая вялікая перамога, а ня так, прагулянка на Чорную Скалу. Мы перамаглі магутнага і жорсткага ворага! Ясна вам? Станю кішкі выпусьцілі! Прывязуць яго – і кінуць на плошчы. Ты знойдзеш яго і пахаваеш! І будзеш ганарыцца, бо ты жонка героя! Які аддаў кішкі за караля і перамогу!»
Варта было Лёксу сказаць праўду – усяго толькі гэтую маленькую праўду – як яму адразу зрабілася лягчэй. Камяк праглынуўся. Ён разьвярнуўся і рушыў шпаркім крокам у свой новы дом.
Слуга Эдгар адчыніў яму дзьверы. Іншыя слугі, яшчэ паўсонныя пасьля бурлівай ночы, кінуліся накрываць на стол і рыхтаваць яму ванну. Ён сьцягнуў пальчаткі, выцер аб мундзір мокрыя зь непрывычкі рукі, прайшоў у сталовую. Загадаў паклікаць сястру і брата.
«Дзе маці? Вы зрабілі тое, што я сказаў?»
«Так. З маці… З маці кепска, Лёкса», – сказала сястра.
«Я пайду да яе. Можаце пачынаць безь мяне».
Маці ляжала ў яе новым пакоі, на шырокім ложку, пад балдахінам. Калі Лёкса ўвайшоў, яна не паварухнулася. Ён раптам падумаў, што ўсё скончана. Ён сірата. Цікавае слова.
«Мама…»
Яна паварушылася і адплюшчыла вочы.
«Цені…»
«Гэта я, мама. Як вы сябе адчуваеце? Вам спадабаўся новы дом? Я паклікаў лекараў з палацу. Яны прыйдуць заўтра…»
«Хто ты?» – прашаптала маці.