«Пагаджайцеся, пане Люпанарскі, – сказаў нехта з афіцэраў і падміргнуў астатнім. – Мы ўсе гатовыя быць вашымі сэкундантамі. Выбірайце любога з нас, мы гатовыя!»
«Я заб’ю яго той зброяй, якой валодаю з волі бога! – узвыў паэт. – А вашыя пісталеты, шаблі… Дуэлі… Кроў… Гэта не для мяне!»
«То бок вы выйдзеце супраць яго зь пяром? – з удаванай сур’ёзнасьцю спытаў паэта іншы афіцэр. – Пяро супраць пэндзліка! А чаму б і не? Усадзіце яму пяро ў шыю! Падпаўзаеце – і раз! Крывішча! І ён падае да вашых ног!»
«Лепш у задніцу! – сказаў іншы лейтэнант. – Зь пяром у задніцы мастак адразу прызнае ваш талент!»
«А вось і наш герой! – сказаў паэт, не зьвярнуўшы ўвагі на гэтую дасьціпную параду. – Лёкса Шпуль! Вястун, які ашчасьлівіў усё каралеўства! У тым ліку і мяне. Я так даўно не пісаў гераічных одаў! Яго Вялікасьць прасілі мяне, умольвалі. Але натхненьне – ня тая птушка, якая сама садзіцца да цябе на плячо, варта табе толькі сьвіснуць. Ну што, герой! Зараз я займуся вамі!»
«Я зусім не герой, – Лёкса Шпуль зь няёмкасьцю спыніўся за некалькі крокаў ад гэтай зусім чужой яму кампаніі. – Я ўсяго толькі салдат, на якога ў патрэбны момант выпаў выбар нашага слаўнага караля…»
«Вы думаеце, я буду пісаць оду пра вас? – ледзь ня пырснуў ад сьмеху паэт. – Ода пра вестуна… Відаць, слава добра закружыла вам галаву! Можа, мне напісаць яшчэ оду пра кухара? Пра садоўніка? Ці прачку? О прачка, пра цябе пяю…!»
Ён засьмяяўся, але афіцэры маўчалі. Яны з павагай разглядвалі Лёксу, у іхных вачах не было ні кроплі варожасьці, толькі стрыманая павага і зусім ня стрыманая цікаўнасьць. Яны былі такога самага маладога веку, як ён. Але чамусьці яны зрабіліся афіцэрамі яшчэ ў хлапечым узросьце, чамусьці засталіся ў горадзе, маючы ўсё неабходнае для жыцьця і забаваў – а ён мусіў пайсьці на вайну. І пабачыць на свае вочы, як вывальваюцца з таварышаў кішкі, нібы каўбаса… Як расколваюцца, нібы гарбузы, знаёмыя галовы… Як гніюць трупы, як іх жаруць дзікія басурманскія птушкі і сабакі, як…
«А чаму б вам не паспрабаваць напісаць оду пра прачку? – спытаў зьбянтэжаны і раззлаваны Лёкса. Ён адчуў, як твар ягоны гарыць ад сораму і шаленства. – Будзеце першым паэтам у сьвеце, які напісаў штосьці такое. Такое, чаго не пісаў яшчэ ніхто і ніколі!»
«Брава», – сказаў высокі малады афіцэр з чорнымі вусікамі. Лёкса зірнуў на яго і зразумеў, што ўжо бачыў гэтага афіцэра ўчора, у залі, падчас ягонага дакладу рэгенту аб перамозе. Усе перавялі позірк на гэтага прыгожага афіцэра, а ён – сур’ёзна паглядзеў на Лёксу і паўтарыў, каб усе чулі:
«Брава, лейтэнант Шпуль. Адказ, варты афіцэра. Наш паэт, здаецца, забыўся, як размаўляць з вайсковай элітай».
«Мая ода будзе прысьвечаная каралю! – пакрыўджана прамовіў паэт і ўпотай палюбаваўся сваім ордэнам. – Каралю-пераможцу! А ты…»
«Вы», – сказаў Лёкса.
Позірк ягоных вачэй сустрэўся з позіркам таго самага высокага лейтэнанта – і Лёкса адчуў нейкі салодкі боль у жываце.
«Вы, – паўтарыў Лёкса. – Я лейтэнант каралеўскай палацавай гвардыі. І вэтэран пераможнай вайны, якому Яго Вялікасьць даручылі прынесьці ў сталіцу шчасьлівую вестку аб перамозе. І я не дазволю розным штафіркам мне тыкаць. Калі б вы, пане паэт, былі са мной каля Чорнай Скалы, тады я падумаў бы, ці ня выпіць з вамі на брудэршафт. Але паколькі я вас там ня бачыў – будзьце ласкавыя размаўляць з афіцэрамі караля паважліва».
Паэт пабляднеў.
«Вядома… – прамармытаў ён, абвёўшы вачыма афіцэраў. Усе яны ўхвальна і горда глядзелі на Лёксу. – Вядома… Я ўсяго толькі маю даручэньне яго міласьці рэгента напісаць оду… І распытаць пана лейтэнанта Шпуля пра тое, як адбывалася пераможная бітва, самая слаўная бітва ў гісторыі нашага каралеўства… Прашу вас, пане лейтэнант, раскажыце мне…»
«Нам», – прагна сказаў высокі афіцэр з чорнымі вусікамі. – Мы таксама хочам паслухаць.
І Лёкса зноў распачаў свой аповед. Ён ужо стаміўся расказваць тое самае – але пакрысе ён захапіўся, словы, нібы адлітыя ў гатовыя, вытанчаныя і дасьціпна прыдуманыя формы, выскоквалі з вуснаў самі сабой, ён расказваў, а сам лавіў свой адбітак у люстраной сьцяне за фантанам. Ён падабаўся сам сабе – ён нібы толькі што навучыўся гаварыць. Маладыя афіцэры слухалі яго з зайздрасьцю, не прапускаючы ні слова. Шчокі таго высокага, з вусікамі, пакрыліся румянцам. Яны ніколі не былі на вайне, іх не ўзялі ў паход, іх пакінулі тут, вартаваць палац, нудзіцца ў бясьпецы і сытасьці, ахоўваючы нахабнага няздарнага паэта, ды міністра, што гатовы быў зьняць штаны па першым загадзе, ды гісторыка зь яго павукамі, ды яшчэ тылавога генэрала, што, як і яны, ніколі ня нюхаў пораху… А яны хацелі таго, пра што расказваў ім Шпуль: расколатых галоваў, вывернутых кішак, куляў, што, як мухі, залятаюць у вачніцы ворагаў – і перамогі, вялікай перамогі, яны таксама хацелі пабачыць кучы басурманскіх трупаў і везьці дамоў горы здабычы, адправіўшы перад абозамі шпаркага вестуна, каб ён расказаў у палацы пра іхны трыюмф.
Паэт чыркаў у сваім сшытку.
Лёкса расказаў усё, што было патрэбна, і спыніўся. Ён быў такі стомлены, што яму хацелася хутчэй схавацца ў сваім новым доме і пабыць аднаму. А яшчэ лепш – пакласьці галаву на калені Веранікі. Толькі б яна маўчала… Толькі б ня мучыла яго сёньня сваімі трывожнымі словамі…
«Да пабачэньня, панове».
Ён пайшоў да мастака – і той, прымружыўшыся і намагаючыся ўявіць вялікую бітву, выслухаў Лёксу, а затым доўга тлумачыў яму, чым жывапіс лепшы за паэзію, гэтую «служку багатых і суцяшальніцу калек». Лёкса не пярэчыў. Ён хацеў, каб усё гэта хутчэй скончылася.
І вось нарэшце ён пакінуў палац. Надышоў вечар. Народу на плошчы паменела – хоць самыя заўзятыя гараджане, здавалася, зьбіраліся прысьвяціць і гэтую ноч сьвяткаваньню вялікай перамогі. Лёкса рашучым крокам перасек плошчу. На бруку, там, дзе яшчэ ўчора тырчала шыбеніца, цяпер стаяла вялікая, папросту агромністая бочка. Учора яна была поўная дармавога віна, але цяпер была пустая, і месьцічы зь нецярплівасьцю чакалі, калі яе зноў напоўняць. Плошча пахла салёнымі гуркамі і дымам.
Варта было Лёксу пакінуць палац – як змрочныя думкі зноў апанавалі яго. Нібы чакалі ўвесь дзень на плошчы, чакалі, не сыходзілі, пільнавалі, калі ён зьявіцца.
Маці. Што зь ёй? Ён сказаў брату і сястры, каб яны перавезьлі яе ў новы дом. Даў ім грошы, каб яе прывезьлі ў мяккай карэце.
Салдат.
Гэта было самае страшнае.
Салдат з параненай рукой.
Той самы салдат, пра якога расказала яму маці. Невядомы салдат – ці існаваў ён насамрэч? – які прыйшоў да маці за некалькі дзён да Лёксы і сказаў ёй праўду. Праўду пра прайграную бітву. Пра жахлівую паразу. І чамусьці схлусіў пра Лёксу. Сказаў, што Лёкса загінуў на вайне. Што ўсё гэта значыла?