Ён стаяў перад вялікім, ад столі да мармуровай падлогі, люстрам, у адной з заляў каралеўскага палацу, і глядзеў на сябе, пазнаючы і не пазнаючы адначасова.
Ладны, апрануты ў новую, ідэальна пашытую форму з чырвонымі эпалетамі, у ботах зь цялячай скуры са звонкімі шпорамі, з шабляй і пісталетам, на якіх былі па-майстэрску выгравіраваныя ініцыялы караля. З тварам упэўненым і крыху задуменным, з глыбокім, змрачнаватым позіркам, які надаваў яму шляхетнасьці, з акуратна пастрыжанымі вусамі і першай зморшчынай на высокім чале. Такім ён сабе падабаўся. Дый ня толькі сабе. Ён успомніў, што яму казала тая невыносная, дзікая Вераніка, тады, у падступнай і калючай траве, на лузе. Што яна сказала ў тую хвіліну? Што ён, Лёкса, адважны і разумны вястун, заслугоўвае большага. Што гэта ён мусіў бы кіраваць і камандаваць, весьці за сабой і аддаваць загады. І гэта – калі па справядлівасьці, было праўдай. Ён быў высакароднай асобай, пакрыўджанай лёсам. Доўгія гады ён займаў не сваё месца ў гэтым няправедным сьвеце – але хто ведае, магчыма, прыйшоў час справядлівасьці.
Ён зьняў трывуголку, расправіў яе і зноў сагнуў як належыць, гэта Петрык, ягоны малодшы брат, пакамячыў яе. Яны прыйшлі да яго раніцай, нязграбна ступаючы па сходах, кінуліся вітаць і віншаваць, яны, ягоныя брат і сястра, і Люца пацалавала яго ў адну шчаку, а потым у другую – яна ніколі раней гэтага не рабіла. Яна выглядала цяпер зусім як дзяўчына, ён не пазнаваў яе. А Петрык, хоць і выцягнуўся ды займеў сьмешныя вусікі ды валасы на грудзях, так і застаўся хлопчыкам зь летуценнымі і легкадумнымі вачыма. Вачыма, зусім чырвонымі ад чытаньня – і Лёкса з усьмешкай параіў яму менш сядзець за кнігамі, а больш надаваць увагі фізычнай падрыхтоўцы.
Так пачалася Лёксава раніца. А цяпер ён стаяў перад вялікім люстрам і чакаў аўдыенцыі ў міністра і найвышэйшых афіцэраў – тых, каго кароль пакінуў у сталіцы, выпраўляючыся ў паход.
Нарэшце яго паклікалі – і ён увайшоў, ліха прайшоў маршам па нядаўна вымытай да бляску падлозе і аддаў чэсьць.
«Лейтэнант палацавай гвардыі Лёкса Шпуль на ваш загад зьявіўся, вашыя міласьці, і чакае далейшых распараджэньняў!»
Паны, што схіліліся над мапамі, разглядвалі яго ў маноклі і лярнэткі. А Лёкса Шпуль бачыў без усялякіх акуляраў, што ім падабаецца яго выпраўка і яго голас. Голас вернага, храбрага і кемлівага салдата.
«Кажуць, ты сьпяваў учора на плошчы… – зьвярнуўся да яго адзін з афіцэраў. – Што гэта за песьня?»
«Старая салдацкая песьня, ваша высакароднасьць пане палкоўнік, – адрапартаваў Лёкса Шпуль. – Я пачуў яе ў паходзе ад маіх старэйшых таварышаў».
«І пра што ж у ёй пяецца? – запытаўся міністр. – Толькі ў двух словах, ня трэба лекцый…»
«Пра нашага слаўнага караля, які не сьцярпеў абразы, – упэўнена адчаканіў Лёкса Шпуль. – І пра баявых таварышаў, што гатовыя аддаць, не раздумваючы, жыцьцё за свайго караля і свой край!»
«Пахвальна, што нашыя жаўнеры натхняюць сябе на подзьвігі такой песьняй, – кіўнуў міністр. – Я якраз раздумваю над гімнам нашых пераможных узброеных сілаў. Ёсьць, вядома, прыдворны паэт… Але, калі шчыра, панове, ён настолькі бяздарны, што так і хочацца загадаць высьцебаць яго на стайні, па бізуне за кожны радок…»
Афіцэры засьмяяліся.
«Але ты тут не дзеля песень, – прабурчаў міністр. – Цябе выклікалі, каб ты апісаў нам ход бітвы. Вядома, калі Яго Вялікасьць вернуцца, яны раскажуць нам, як усё адбывалася з гледзішча вялікага і мудрага палкаводца. Але мы мусім быць гатовыя да аповеду, якім ён нас узнагародзіць. Ты, як мы чулі, граматны, лейтэнант Шпуль… Вось мапы. Вось тут Чорная Скала. Гэтая мясцовасьць, мяркую, табе добра знаёмая. Раскажы нам і пакажы, дзе былі басурманскія пазыцыі, як Яго Вялікасьць расставілі свае слаўныя атрады, і дзе была коньніца? Як ішла бітва? У які момант у справу ўступіла наша вялікая артылерыя? І не забудзь пра пасьлядоўнасьць! Дзе быў кароль – і як паводзілася пяхота? Раскажы ўсё, пачынаючы ад сыгналу да бою!»
Лёкса схіліўся над мапай. Памаўчаў крыху. А потым павольна, але разважліва, пачаў свой аповед.
Ён хваляваўся. Усё тое, што ён мусіў расказаць, яму давялося некалькі разоў паўтарыць Вераніцы, пакуль яны ішлі ў горад. Гэта яна, часам спыняючыся і зрываючы былінку, каб сунуць у свой прыгожы рот, прыдумляла, як найлепш расказаць у палацы пра перамогу – маляўніча, з дэталямі, так, каб усе адразу паверылі. Яна прыдумляла, а ён слухаў. Ён расказаў Вераніцы пра тое, як адбываецца бітва, расказаў – а яна ператварыла яго словы ў казку, але такую, якую не паставіў бы пад сумнеў ніхто, нават самы прыдзірлівы слухач. Адкуль яна ведала, як трэба расказваць? Хто яе навучыў? Там, у лесе у хаце палясоўшчыка? Але яна прыдумала ўсё так, як трэба – і, апісваючы перамогу каралеўскага войска, Лёкса бачыў, што міністр і афіцэры ўважліва яго слухаюць, часам ківаюць галовамі, а нехта нават робіць пазнакі ў прыгожых нататніках. Ён захапіўся, ён вадзіў пальцам па мапе, ён стукаў па ёй пазногцем – а яны слухалі і верылі яму, і вось ён ужо сам паверыў, што там, ля Чорнай Скалы, быў удзельнікам і сьведкам вялікай перамогі.
Калі ён сьціх і адышоў ад стала, паказваючы, што расказаў усё, што мог, яму пачалі задаваць пытаньні. Да гэтага ён ня быў гатовы – але адказваў з такой пэўнасьцю, што сам сабе дзівіўся. Ён нібы маляваў карціну таго, чаго не было – і вось гэтае небывалае ўжо існавала, ужо пералівалася ўсімі фарбамі.
«Ты разумны ваяр, лейтэнант Шпуль, – сказаў міністр. – Не чакаў, што просты жаўнер Яго Вялікасьці так лёгка схоплівае тое, што не адразу спасьцігаюць нават дасьведчаныя афіцэры. Зрэшты, ад такіх афіцэраў мы пазбаўляемся. Не дарэмна Яго Эксцэленцыя рэгент узнагародзілі цябе так шчодра! Аддаю належнае яго ўменьню разьбірацца ў людзях і ягонаму таленту пранікаць у сутнасьць рэчаў. Безумоўна, новыя законы выхоўваюць у нашых падданых кемлівасьць і вернасьць кароне… Што ж, можаш ісьці. Ты маеш яшчэ тыдзень адпачынку, ці ня так? Ты заслужыў яго. Усяго добрага, лейтэнант!»
«Рады служыць майму каралю!» – брава прагаўкаў Лёкса.
Ён аддаў чэсьць і прыгожым вайсковым крокам выйшаў з залі. Дзьверы за ім зачыніліся. Лёкса зьняў трывуголку і выцер пот. Галоўнае выпрабаваньне ён прайшоў. Вераніка мела рацыю. Таго, хто ведае таямніцу словаў – і праўда цяжка падмануць.
Зрэшты, дзень у палацы яшчэ толькі пачынаўся. Наступны візыт быў да каралеўскага гісторыка – але Лёкса проста паўтарыў у ягоным поўным павукоў, кніг ды ценяў кабінэце тое, што расказаў міністру. Гісторык слухаў, прымружыўшы вочы, а малады пісар, падобны да дзяўчыны сваім круглым азадкам і адсутнасьцю расьліннасьці на тонкім твары, запісваў. Гісторык не задаваў яму пытаньняў – відавочна, ён мусіў занатаваць для дзяржаўнай кронікі сьведчаньне самога караля, а ня нейкага там вестуна, і Лёкса дзівіўся, чаму яго сюды запрасілі. Ён нават асьмялеў і задаў гісторыку такое пытаньне. Чаму ён? Ён толькі сьціплы слуга Яго Вялікасьці… Просты салдат.
«Не спрабуй разважаць пра тое, у чым ты ні каліва не разумееш, – пагардліва сказаў гісторык і прыбіў пантофляй, у якой ён захоўваў тытунь, буйнога, сівога павука, што ўскараскаўся на стол. – Ёсьць вялікая гісторыя, салдат. Гісторыя каралёў і палкаводцаў. Гісторыя інтрыг і дыпляматыі. Гісторыя бітваў і дамоваў! А ёсьць малая гісторыя… Гісторыя маленькіх людзей, якія не выбіраюць для сябе, у якой вялікай гісторыі яны хацелі б жыць. Гісторыя такіх, як ты… Добры гісторык піша абедзьве гісторыі, вялікую і малую. Вялікая гісторыя трапіць у вялікія кнігі, якія зоймуць сваё месца ў каралеўскай бібліятэцы. А малая гісторыя трапіць у малыя кнігі, якія ніхто цяпер чытаць ня будзе… Каму ёсьць справа да маленькіх людзей? Каму цікавыя такія, як ты? Ты проста інсэкта, вястун… Ці як там цябе?… Лейтэнант… Або чарвячок. Парушынка. Ты ніхто. Малыя кнігі пра маленькіх людзей будуць прачытаныя ў будучыні. Дзеля яе я і пішу. Дзеля яе я сяджу тут і слухаю цябе. Некалі гэтая гісторыя зробіцца вялікай. А вялікая гісторыя малой. Але ты занадта цёмны і просты, каб спасьцігнуць такія ісьціны…»
«Значыць, вам не цікава?»
«Асабіста мне – не, – крыва пасьміхнуўся гісторык. – Якая мне розьніца, што там думае пра сябе нейкі Шпуль, пра якога ніхто нічога ня ведае – і пра якога ўсе забудуць? Ты – проста Добрая Вестка, якую прынесла нам гісторыя. Ужо ж ня думаеш ты, Шпуль, што ад цябе нешта залежала? Што ты герой? Што ты неяк паўплываў на вялікую гісторыю? Ты, драбностка, якая так ганарыцца новай формай? Цяпер ты ў фаворы… Але калі вернуцца Яго Вялікасьць – ніхто пра цябе ня ўспомніць. Кароль вяртаецца зь перамогай, кароль – герой, кароль – вось хто выйграе бітвы. А зусім ня нейкія там шпулі… Запомні гэта. Можа, мае словы дапамогуць табе перажыць той дзень, калі ты прыйдзеш у палац, і ні кароль, ні рэгент нават ня ўспомняць твайго імя…»
«Чаму гэта? Можа, успомняць? – ня вытрымаў Лёкса. – Можа, ніхто і не забудзе? У караля добрая памяць…»
«У Яго Вялікасьці – найлепшая памяць, – строга прамовіў гісторык. – Памяць каралёў – самая лепшая памяць у сьвеце. Яны памятаюць толькі тое, што сапраўды важна. А астатняе забываюць адразу ж. Можаш ісьці. Размова скончаная».
Лёкса выйшаў, разважаючы пра тое, што словы гісторыка яму ня надта спадабаліся. І ня толькі таму, што ягоны, Лёксаў, подзьвіг не зрабіў на гэтага вучонага пацука асаблівага ўражаньня. Было ў пачутых Лёксам думках нешта супрацьдзяржаўнае, нешта няўлоўна няправільнае, нешта крывое ды касое, хоць і выказанае ў прыгожых словах. Такія меркаваньні і самому рэгенту не спадабаліся б, вырашыў Лёкса Шпуль, шукаючы па ўсім палацы прыдворнага паэта. Але што менавіта было падазронае ў разважаньнях старога гісторыка, Лёкса так і ня змог сабе патлумачыць.
Ён вырашыў, што абавязкова запомніць усё, што казаў гісторык, але расказваць пакуль нікому ня будзе. Прыберажэ гэтую… ммм… інфармацыю, як называў яе рэгент. Можа стацца, спатрэбіцца – у іншых варунках, у іншыя часы.
Паэта ён знайшоў у садзе. Нізкарослы, галавасты, густабровы мужчына ў белай форме, якая выдавала вайсковай, але была ўся расшытая кветкамі, стаяў у атачэньні афіцэраў, такіх самых лейтэнантаў, што і Лёкса. На грудзях у паэта быў прыколаты ордэн, і паэт нібы незнарок час ад часу пазіраў на яго, выпукляючы правы бок. Афіцэры насьмешліва глядзелі, як паэт рашуча, з грымасай агіды на твары выстаўляе перад сабой рукі, нібы адмаўляючыся ад прапанаванай яму атруты.
«Не, панове! – усклікнуў паэт. – Не і яшчэ раз не!»