«Я? Лёкса. Ваш сын».
«Петрык?»
«Я Лёкса, мама. Мама, скажыце мне, калі ласка… Салдат, пра якога вы расказвалі… Ён жа вам прысьніўся? Так? Гэта быў проста сон? Скажыце мне, мама, гэта важна».
«Петрык… Ідзі сюды. Ты хадзіў на плошчу, Петрык? Знайшоў там Лёксу? Ты мусіш пахаваць яго… Там, каля бацькі…»
Лёкса Шпуль пацалаваў яе ў лоб і выйшаў.
Яны сядзелі ў сталовай. Брат, сястра і яна, Вераніка. Пабачыўшы яго, яна зірнула яму ў твар так трывожна, што Лёксу апанаваў жах. Яму хацелася вярнуцца ў палац. Зараз жа. Там, у палацы, не было ніякіх Веранік, таямнічых гасьцей, лішніх думак. Там яго паважалі. Там усё было проста.
Эдгар прыслужваў ім за вячэрай. Далікатна папраўляў прыборы, падсоўваў патрэбныя, падказваў правілы – ня голасам, але нейкімі няўлоўнымі рухамі падбародзьдзя і броваў. Лёкса сеў паміж братам і сястрой, хоць Вераніка чакала, што ён зойме месца побач зь ёй. Але ён не зьвяртаў на яе ўвагі.
Ён асьцярожна распытаў брата і сястру, ці не прыходзіў да іх і маці апошнімі днямі нейкі незнаёмы чалавек. Аднак яны запэўнілі, што нічога такога не было. Праўда, яны сыходзілі з дому рана і вярталіся толькі ўвечары.
«Чаму ты пытаешся пра гэта, Лёкса?» – пацікавілася сястра, жуючы.
«Мы што, кагосьці чакаем?» – брат накінуўся на смажанае мяса. Некалі яно было рэдкай стравай на іхным стале. А цяпер усе ў горадзе елі мяса, зьнішчалі прыпасы. Бо хутка, ужо зусім хутка, мусіў вярнуцца кароль з войскам і багатай здабычай. Усе былі пэўныя, што кароль не пакіне басурманам нічога. Хай галадаюць там – калі яны прайгралі самую важную бітву. Хутка, хутка… У каралеўстве будзе ўсяго ўдосталь. Пераможцы мусяць высмактаць зь пераможаных усё. Да апошняй фасоліны. Такі закон вайны.
Лёкса ня стаў адказваць. Вераніка кідала на яго позіркі, поўныя такога жаху, якога ён яшчэ ня бачыў на ейным дзівосным у сьвятле сьвечак, такім дзявочым і такім д’ябальскім твары. Яна зразумела, што нешта ідзе ня так. Зусім ня так. Але ён вырашыў, што ня будзе казаць ёй пра таемнага салдата.
Гэта сон. Гэта прывід, якога пабачыла маці ў сваіх хворых, шэрых мроях. А інакш…
Пасьля вячэры Лёкса загадаў пакінуць яго аднаго. Зачыніўся ў кабінэце павешанага Кавальды. Адкаркаваў бутэльку сьлівовічкі. Выпіў. Страх адступіў. З плошчы даносіліся гулкія, гідкія гукі сьвята. У дзьверы пагрукалі.
«Да вас афіцэр, ваша міласьць», – пачуў Лёкса голас Эдгара.
«Пусьці яго».
На парозе стаяў той самы высокі афіцэр з палацу, з чорнымі вусікамі. Калі ён пабачыў Лёксу, на ягоных шчоках зноў зайграў румянец.
«Прыўкрасны дом, – сказаў госьць. – Але шумнавата. Я не хацеў бы, каб у маім кабінэце, месцы для філязофскіх развагаў, былі чуваць гукі плошчы. Я чую, як крычаць п’яныя бабы. І як лупяць нейкага дурнога мужыка. Проста так. Таму што ім весела. І яны шчасьлівыя. Як мала ім трэба для шчасьця…»
«Месца… – змрочна падумаў Лёкса. – Для філязофскіх развагаў… У паходзе так называлі яміну, выкапаную за лягерам, яміну, у якую яны сралі. Сьмярдзючую, неглыбокую яміну, куды аднойчы праваліўся Жардзіна Людвіг… Калі яшчэ быў жывы…»
«Я мог бы паслаць да вас слугу, – працягваў афіцэр. – Але вырашыў, што прыйшоў час пазнаёміцца з вамі. Мяне завуць Фармаледайт».
«Лёкса, – сказаў вястун. – Лёкса Шпуль».
«Вашае імя ведае ўвесь горад, – сказаў Фармаледайт. – Мы, афіцэры, у захапленьні ад вас і вашай гісторыі пра вялікую бітву. У нас да вас шмат пытаньняў. Шчыра кажучы, мы вельмі хацелі б з вамі пагаварыць. Але не ў палацы. Там ня месца для добрай размовы з героем. Мы запрашаем вас прагуляцца заўтра за муры. Вы ўжо набылі каня?»
«Так, – сказаў Лёкса. – Сёньня раніцай я купіў сабе двух. Я ня ведаю, ці добрыя гэта скакуны, але…»
«Тады мы чакаем вас заўтра а восьмай каля Паўночнай брамы. І яшчэ я хацеў вам сказаць, Шпуль…»
Лёкса падняў на Фармаледайта стомлены твар.
«Мы ганарымся вамі. Вы, чалавек з народу, паказалі ўсяму сьвету, якім мусіць быць салдат Яго Вялікасьці караля. Годнасьць, мужнасьць, сіла і розум. У палацы даўно забылі, што гэта такое… Адны пустыя размовы і цырк. Стаўкі, жарты, іржавы розум адных і дурныя выбрыкі іншых… А вы – чалавек прамы і жорсткі, як дзіда. Да заўтра, Шпуль!»
«Добра, я буду ля брамы а восьмай, – прамовіў Шпуль, хаваючы сваё вялікае зьдзіўленьне і ажылы жах. – Да заўтра, Фармаледайт…»
На двары сьцямнела. Ён забараніў Эдгару запальваць сьвечкі ў спальні. Лёг, не распранаючыся. Эдгар бясшумна выйшаў і прычыніў дзьверы. Плошча шумела ўсё мацней.
Ён чакаў яе. Яна зайшла, прасьлізнула ценем праз пакой, легла побач.
«Што здарылася?»
«Нічога».