«На плошчы… Сёньня ўвесь горад там. Як пачулі, што ў горад вярнуўся вястун ад караля… Што прынёс весткі пра перамогу… Так яны і пабеглі. Кажуць, гэта праўда. Што вайна скончылася… І ты тут… Зноў дома… Як гэта ўсё неверагодна! І якое гэта шчасьце!»
«Ляжыце, мама, ляжыце, – нягучна прамовіў Лёкса. – Так, вайна скончылася. А той вястун – гэта я і ёсьць».
Маці хацела нешта сказаць, але закашлялася – і кашаль гэты быў такі балючы, такі невыносны; здавалася, ён рэжа матчына цела, нібы нажніцы паперу.
«Вас трэба перавезьці ў наш новы дом! – сказаў Лёкса, падымаючыся. – На галоўнай плошчы! Там у вас будзе вялікі пакой, і шырокае акно з кветкамі, і слугі, і добрая ежа, і ўсе неабходныя лекі… Вы будзеце мець усё, што заслужылі!»
За яго сьпінай нехта шумна ўздыхнуў.
Вераніка. Так, яна ўвесь гэты час стаяла там, каля дзьвярэй.
«Хто гэта?» – матчын палец выцягнуўся ў напрамку дзьвярэй.
«Гэта Вераніка… – неахвотна сказаў Лёкса. – Мая… Ну…»
«Нявеста? – узрадавана сказала маці. – Ты прывёз з далёкіх краёў нявесту? О, Лёкса… Няўжо я дачакалася? Пакажы мне яе. Падыдзі сюды, мая галубка… Запалі лямпу, Лёкса! Яна там, ля печы…»
Лёкса абярнуўся – але ў пакоі ўжо нікога не было. Толькі дзьверы заскуголілі недзе ў змроку.
«Зараз… Зараз, мама…»
Ён выйшаў у іншы пакойчык і намацаў на падстаўцы каля печы лямпу і запалкі. Родны дом зусім не зьмяніўся. Толькі там, дзе спаў Петрык, ляжалі цяпер кнігі. Некалькі тоўстых, старых кніг. На вокладцы той, што ляжала зьверху, напісана на нейкай дзіўнай мове: «Nusquam aliquando». Няўжо, пакуль яго не было, Петрык стаў кніжнікам? Ды яшчэ і мовы вывучыў? Сваёй яму мала, жэўжыку? Вось жа, Петрык, вучоная жамяра. Ну нічога, адужаем мы гэтага кніжніка…
Лёкса вярнуўся ў пакой, дзе засталася маці.
Яна сядзела на ложку, прыціснуўшыся да сьцяны, і ня зводзіла зь яго вачэй.
«Хто ты?» – ускрыкнула яна і зноў закашлялася, страшным, шваччыным кашлем.
«Я? Лёкса… Ваш сын!»
«Мой сын загінуў на вайне! – прахрыпела яна. – Ідзі адсюль, цень! Прывід! Думаеш, ты змог падмануць мяне? Ад цябе сьмярдзіць! Сьмярдзіць трупам! Халоднымі сутарэньнямі! Гнільлём, крывёй і зямлёй! Не падыходзь да мяне!»
«Мама!» – ён кінуўся да яе, але яна забілася на ложку, новы прыступ кашлю прымусіў яе задыхнуцца, падушка ўпала на падлогу. Матчына сарочка задзерлася да шыі – і Лёкса з жахам і сорамам адвярнуўся.
«Цень! Сыдзі ад мяне, цень!»
«Мама!»
«Хто цябе паслаў? Сьмерць? – маці крыху сьціхла. – Я пайду з табой, але пакажы мне сваё аблічча! Не гуляй са мной! Здымі маску майго беднага Лёксы! Пакажыся!»
«Мама! Гэта я! Я!»
Яна ўпала на пасьцель, схаваўшы твар. Цела яе дробна трэслася.
«Мой Лёкса ніколі ня быў салдатам! Ён ня ўмее ваяваць! У ім няма ні кропелькі жорсткасьці! Думаеш, я паверу, што ён жывы? Такіх забіваюць у першую чаргу! Сыдзі ад мяне, цень, або забяры з сабою!»
«Мама! Вось, паглядзі! Хочаш, як пакажу табе ўсе радзімкі? І шнар на патыліцы? Той самы? Сын краўца заехаў мне па галаве дубінай! Той самы, прыдурак Гуз? Памятаеш?»
Гэтыя словы падзейнічалі на яе, нібы нябачны доктар даў ёй выпіць нейкі настой. Яна апусьціла сарочку і адвярнулася да сьцяны. Яе сьпіна ўздрыгвала, але яна ўжо не крычала. Лёкса асьцярожна прысеў побач зь ёй на скамечаную пасьцель.
«Усё будзе добра, мама. Заўтра я перавязу цябе ў наш новы дом…»
«Добра? – яна страшна заскрыгатала зубамі. Яму падалося, яна сьмяецца. – Але як жа быць з тым, першым?»
«Якім першым?» – спытаў Лёкса, кончыкамі пальцаў пагладзіўшы яе па сівых, рэдкіх валасах.
«Ён прыйшоў некалькі дзён таму… – загаварыла яна, як у сьне. – Прыйшоў, не назваўшы свайго імя…»