«Гэй, прыяцель, не гані, – дабрадушна сказаў мінак, лыпаючы вачыма. – Перамога! Ты што, ня чуў? У палацы вястун ад караля! Сёньня ўсе п’юць і гуляюць, а ты чаго такі сярдзіты?»
«Ты як размаўляеш з афіцэрам! – крыкнуў Лёкса і выцяў п’янага ў зубы. Той паваліўся на брук. – Мы за перамогу кроў пралівалі! Пакуль ты тут…»
Ён разьвярнуўся і амаль подбегам кінуўся ў прасьвет між натоўпу, пакінуўшы зьдзіўленага мінака ляжаць на бруку. Незразумелая злосьць душыла яго. Дамоў, дамоў, пабачыць маці, і брата, і сястру, там спакой, там можна будзе ўсё абдумаць, там можна выспацца…
Ды толькі свавольныя ногі Лёксавы пацягнулі яго зусім у іншы бок. Туды, дзе ў самым канцы галоўнай плошчы стаяў высокі прыгожы дом з бальконам, чыгуннымі дзьвярыма і кветкамі на падваконьнях. Дом павешанага Кавальды. Ягоны дом. Дом шчасьлівага каралеўскага вестуна, афіцэра палацавай гвардыі Лёксы Шпуля.
У тое, што гэты дом належыць яму, Лёкса ня верыў – і ўсё ж ведаў, што так яно і ёсьць. «Інфармацыя!» – падумаў Лёкса, успомніўшы словы рэгента. Ён паддаўся спакусе, прабраўся скрозь натоўп, які крыху прыціх, слухаючы герольдаў, што абвяшчалі пра раздачу хлеба, салёных гуркоў і віна ў гонар перамогі – і спыніўся перад чыгуннымі дзьвярыма. Вокны глядзелі на яго варожа. Кветкі пагардліва адвярнулі ад яго свае галоўкі. Ён не наважваўся падысьці бліжэй. Там, у доме, былі Кавальдавы слугі. Ён ня мог уявіць сабе, як зойдзе і скажа: я ваш новы гаспадар. На іхным месцы ён бы выгнаў нахабнага госьця. Але яны мусяць яго слухацца! Дом належыць яму! Цікава, ці абвясьцілі ўжо герольды пра тое, якую ўзнагароду атрымаў вястун за сваю шчасьлівую вестку?
Нехта дакрануўся да ягонага пляча. Ён рэзка азірнуўся. Гэта была яна, Вераніка. Верная яму – і ўсё ж нейкая варожая.
«Я так і думала, што ты прыйдзеш сюды, – прамовіла яна ціха. – Я згубіла цябе там, у палацы».
«Хадзем, – сказаў ён змрочна. – Мы прыйдзем сюды пазьней. І няхай яны толькі паспрабуюць мяне не пусьціць! Сёньня мы будзем спаць на пуховых пярынах і піць шампанскае, як паны!»
Прыціскаючыся да сьценаў, яны пайшлі далей ад плошчы, да ўжо амаль цёмных вуліц. Герольды нарэшце змоўклі. З завулкаў выходзілі людзі з паходнямі. Плошча за іхнымі сьпінамі віравала. Здавалася, яны там ніколі ня стомяцца крычаць гэтыя словы.
«Перамога!»
«Слава каралю!»
Напэўна, яны зь Веранікай выглядалі падазрона, сыходзячы з плошчы ў той самы момант, калі ўвесь горад імкнуўся сюды, каб адзначыць трыюмф. Але мундзір афіцэра ратаваў Лёксу і Вераніку ад лішніх пытаньняў. Лёксу падавалася, што яна марудзіць, ён схапіў яе за руку і пацягнуў за сабой. Ён бачыў, што Вераніцы не падабалася, як на яе глядзяць. Зь цемры выплывалі ўсё новыя твары, скажоныя радасьцю, узбуджаныя, сьлізгалі нядобрымі позіркамі па Веранічынай шыі, па голай руцэ, якую трымаў афіцэр, шчэрыліся і зьнікалі…
«Што ты будзеш рабіць? – спытала яна, калі яны ішлі па пустой вуліцы ў напрамку Старога Раўчука. – Што ты надумаў, Лёкса?»
«Ня ведаю, – адказаў ён. – Заўтра. Яшчэ ёсьць час падумаць. Што я магу зрабіць зараз? Усё ідзе міма маёй волі! Лепш памаўчы!»
Вось і ён, Стары Раўчук. Доўгая чарада шчыльна прыціснутых адзін да аднаго дамоў, у вокнах ні агеньчыка. Селядцовы смурод – і пах дражджэй зь Пякарскай вуліцы. Брук, які канчаецца за паваротам. Сабачы брэх з двароў – у якім таксама чуецца: «Перамога! Слава каралю!» Нізка павіслая над вуліцай бляшаная каўбаса, аб якую можна стукнуцца галавой, калі не нахіліцца. Далёкі прыглушаны шум плошчы. Драўляная шыльда: «Швачка Шпуль».
Лёкса прыўзьняў знаёмы камень пад акном, дастаў ключ. Адамкнуў маленькія дзьверы. Вераніка прасьлізнула за ім.
Адзін цесны пакой, другі. Пахне мышамі і зьялчэлым маслам. У цемры раптам зьявілася асьветленая тонкая рука з доўгімі пальцамі – маці запаліла сьвечку. Прыўзьнялася на ложку.
«Люца?»
«Мама…»
Ён падышоў да яе ложка, зьняў трывуголку і ўкленчыў.
«Лёкса… Лёкса… Ах…»
Лёкса ня ведаў, што яму сказаць. Маленькі пакой нібы абняў яго і прыціснуў да сябе – а маміны рукі гладзілі ягоныя нямытыя, запыленыя валасы, малявалі ў цемры ягоны твар. Ён апусьціў галаву яшчэ ніжэй. Маміны рукі дрыжалі.
«Я думала, ужо ніколі не пабачу цябе».
«Што вы так, мама».
Яна паспрабавала падняцца.
«Вы ляжыце, мама. Я сам… Я тут, я нікуды пакуль не іду. Вы жывая. Хвароба адступіла?»
«Я дачакалася… Цяпер я хутка пайду на папраўку. Ты мой лек, Лёкса. Мой сын…»
«Я прывяду да вас найлепшых дактароў. Самых дарагіх лекараў. Тых, хто лечыць саміх міністраў!»
«Што ты такое кажаш, Лёкса… Са мной усё ў парадку…»
«А дзе ж Люца і Петрык?»