– Ачышчэнне агнём!
– Ісус сышоў на зямлю!
– Нам патрэбна ахвяра!
– Смерць няверным!
Макара цягнулі за абедзве нагі, ён бачыў перад сабой толькі бясконцае неба, зацягнутае шэрымі хмарамі. Набліжалася змярканне.
Потым перад ім пачалі ўзнікаць твары, шмат розных твараў, якія, здавалася, ён бачыў упершыню. Вочы людзей былі шалёнымі, позіркі – фанатычнымі. На яго плявалі, хтосьці паспрабаваў учапіцца яму ў валасы, аднак чалавека своечасова адагналі. Потым у Макара кінулі камень – вока адразу ж заплыло. Пасля гэтага ён ужо не адчуваў болю і не чуў дзікіх галасоў. Жудаснае дзейства набірала абароты.
Калі ён адчуў, што яго больш не цягнуць, то зноў пачуў немыя крыкі Кіры. Голас яе даўно сарваўся на хрыплы лямант загнанай ахвяры, з якой збіраюцца здзіраць скуру. Макар з цяжкасцю перавярнуўся на жывот і паспрабаваў устаць на локці. Яму не перашкаджалі. Калі ён урэшце зрабіў тое, што хацеў, убачыў, як двое мужчын, імёнаў якіх ён не ведаў, прагна распраналі яго жонку на вачах у натоўпу, а яшчэ двое трымалі яе за рукі. Хоць распрананнем назваць гэта было цяжка: вопратку з яе проста зрывалі. Вакол стаялі людзі, якіх ланцугом адгароджвалі мужчыны з патруля, шырока выставіўшы рукі ў бакі. З Кіры сарвалі куртку і ўжо сцягвалі цёмна-сінія джынсы, якія яна набыла яшчэ ў Мінску. Макар памятаў той дзень, калі перад паездкай у ЗША яны разам хадзілі выбіраць ёй гэтыя штаны ў фірменнай краме «Colin’s». Дзяўчына адбівалася нагамі, і адзін з мужчын ударыў яе прыкладам пад дых. Яна адразу абмякла на руках у тых, хто трымаў яе ззаду. Мужчыны хутка сцягнулі з яе кашулю і футболку. Усім паказаліся яе невялікія грудзі, якія рэзка падрыгвалі ад грубых дзеянняў. Той, хто ўдарыў яе прыкладам, парваў на ёй трусікі, і Кіра засталася цалкам голай. Натоўп канчаткова раз’юшыўся, узняўся дзікі лямант. Хтосьці паднёс сукенку, якую адразу ж пачалі нацягваць на абамлелае цела дзяўчыны. Адзежына была белай з ледзь заўважным лімонным адценнем і карункавым каўняром пад даўніну. У гэты момант Макар зноў страціў прытомнасць.
Яго прывялі ў свядомасць, абліўшы яму галаву сцюдзёнай вадой з вядра. Ён паміргаў, абцёр твар і праз імгненне пабачыў перад сабой Мэцьюсана. Доўга не чакаючы, той схапіў Макара за валасы і штурхануў бліжэй да слупа. Цяпер хлопец бачыў усё. Бачыў вялікі слуп, да якога прывязалі Кіру, якая таксама страціла прытомнасць, – яе галава звісала ўніз, твар быў схаваны пад капой густых валасоў. Бачыў людзей, якія нетаропка падкладалі ёй пад ногі галлё. Бачыў падрэ Конэлі, што стаяў непадалёк ад слупа і трымаў у руках невялікі томік Бібліі.
– Забіце яе, не катуйце, проста забіце яе, – прасіпеў сухімі і парэпанымі вуснамі Макар.
Адным вокам ён ужо не бачыў, яно заплыло настолькі, што перад ім стаяла цьмяная смуга. Хлопец паспрабаваў устаць, аднак сіл не было. Тады ён абапёрся далонямі на зямлю. У гэты момант Мэцьюсан паддаў яму ззаду нагой, і хлопец зноў паваліўся.
– Мы не забіваем, а ўшаноўваем яе целам прышэсце Выратавальніка, – пачуўся за яго спінай разважлівы голас Мэцьюсана. – Д’ябальская пошасць прыйшла на зямлю, атруціўшы праведнікаў сваёй попельнай пячаткаю. У жарале вулкана адкрылася пекла. Нам патрэбная ахвяра, каб ачысціцца, таму што толькі выбраныя змогуць убачыць Усявышняга і пайсці з ім па свеце вяршыць правасуддзе…
– Проста забіце яе, не паліце жыўцом, – бязгучна прамямліў Макар.
Гудзенне ў натоўпе пачало сціхаць, і праз хвіліну на пляцы і наогул ва ўсім Каунтвілі ўсталявалася цішыня.
– І сказаў Усявышні… – урэшце прамовіў падрэ Конэлі, і Макар пабачыў, як Лора, апошняя з прысутных, кінула пад ногі Кіры жменю галля.
Ніхто не зводзіў вачэй з высокай і цёмнай фігуры свайго прапаведніка.