Камера № 2.
2:16. Усё тое ж самае.
Камера № 3.
2:18. Макар ляжыць на жываце. Кіра перавярнулася на левы бок.
Першая камера скончыла трансляцыю ў 4:31, другая – у 4:50, трэцяя – у 4:19. Нічога падазронага знята не было.
Праглядзеўшы відэазапісы, Макар расчараваўся. Ніхто не прыходзіў і больш нічога пад дзвярыма не пакідаў. Мажліва, гэта быў нечы дрэнны жарт.
– Вось і добра, няма чаго да нас сунуцца! – сказала Кіра.
Макар запампаваў запісы на ноўтбук і паказаў ёй тое, што зняла ў другую ноч першая камера – яна тады неспадзеўкі нахілілася.
– Думаеш, гэта ён?
– Можа, кепскае мацаванне, вецер, а яшчэ – чыясьці рука…
– Тым не менш камеры яго адпужваюць.
Макар насупіўся.
– Я ўсё ж хачу выйсці з ім на кантакт.
– Было б някепска з’ездзіць у Каунтвіль, наведаць суседзяў. Мне прэзентавалі сукенку, і я лічу, што трэба ўшанаваць гэтых добрых пурытан сваёй прысутнасцю.
– Паедзем заўтра, – згадзіўся з ёй Макар.
Ноч чацвёртая.
Камера № 1.
00:15. Бачныя абрысы дома і падворак. Сілуэты дрэў і лясны масіў за імі.
Камера № 2.
00:18. Пірс бязлюдны. Азёрная роўнядзь калышацца ад лёгкага ветрыку. Шоргат хваль прыемным гукам дапаўняе відэазапіс.
Камера № 3.
00:21. У пакоі ціха. Бачна, як у каміне тлее попел. Сужэнцы даўно заснулі. Кіра прытулілася да Макара і закінула на яго нагу.
Камера № 1.
1:06. На падворку нічога не відаць.
Камера № 2.
1:16. На пірсе спакойна, чуваць ціхія перашэпты хваль.
Камера № 3.
1:24. Макар ляжыць у той жа позе, Кіра перавярнулася на правы бок. Попел у каміне згас. У пакоі змрочна.
Камера № 1.
1:54. На падворку без змен.