– Ды вось якраз збіраемся да вас у Каунтвіль, – саромеючыся свайго нядаўняга выгляду, сказаў ён, а потым сур’ёзна дадаў: – Нам ёсць што вам паказаць, і вы будзеце вельмі здзіўленыя.
Парукаўшыся, яны пайшлі з падрэ ў дом.
– Як тут усё ў вас… – аглядаючы вялікі пакой, здзівіўся Конэлі. – Добра абжыліся. Цяпер я разумею, чаму вы не хочаце пераязджаць у горад. У вас тут сапраўдная сядзіба. Усё самае неабходнае, можна зачыніцца на завалу, і прыступам вас не возьмеш, хіба агнём выкурваць.
Макар з насцярогай пераглянуўся з Кірай.
– Аднак з’ехаць адсюль вам давядзецца, – уладна сказаў падрэ. – Не абяцаю вам у Каунтвілі такога ж палаца, але пэўную ўтульнасць і клопат гарантую, – яго голас быў сур’ёзным. Адчувалася, што мужчына хоча падкрэсліць: спрачацца ён не збіраецца, гэта канчатковы вердыкт і ўльтыматыўная канстатацыя факта.
– Ды мы і самі збіраліся вам пра гэта паведаміць.
Конэлі прыязна ўсміхнуўся.
– А я ўжо думаў, што буду вас угаворваць. Вось і добра.
– Падрэ, вы не галодныя? – адразу ўмяшалася ў гаворку Кіра. – Сядайце з намі палуднаваць!
– Вялікі дзякуй, я сыты, – сціпла адказаў мужчына.
Кіра падышла да стала, за якім яны звычайна елі.
– Не саромейцеся, – настойвала яна. – Мы таксама не абяцаем вам шыкоўную трапезу, але чым багатыя – тым пачастуем.
– Тады наліце мне проста вады, я сапраўды не галодны.
– Сядайце, падрэ, – Макар узяў Конэлі за локаць і падвёў да стала, усадзіўшы на канапу.
Дзяўчына акуратна расставіла талеркі з бобам, паклала побач відэльцы і хлеб і падала мужчыну шклянку дыстыляванай вады.
Яны памаўчалі, чакаючы, пакуль падрэ прачытае малітву перад ежай, і прыступілі да сціплага сілкавання.
Макар еў прагна, жадаючы хутчэй пакончыць са сваёй порцыяй і выкласці Конэлі ўсё, што яны высветлілі за гэты час.
Падрэ для прыліку паспытаў трошкі бобу, адзначыў цудоўны смак стравы і адсунуў талерку. Кіра прыбрала са стала і адышла мыць посуд. Макар жа паставіў перад Конэлі ноўтбук і паказаў асноўныя кадры з камер.
Той уважліва глядзеў у манітор. У моманты, калі на відэа з’яўляўся чужынец, падрэ падсоўваўся бліжэй, спрабуючы ўважліва яго разгледзець.
– Вы яго ведаеце? – спытаў у Конэлі Макар.
– Гэты чалавек мне не вядомы…
– Мы падумалі, што гэта можа быць збеглы турэмшчык з Элізабэттаўна, – вярнуўшыся да мужчын, занепакоена сказала Кіра.
– Не выключана… Аднак ён нездарма тут з’явіўся. Цяпер вы разумееце, што заставацца ў гэтым доме небяспечна?
Макар стрымана кіўнуў.
– А з гэтымі камерамі вы, вядома, добра прыдумалі, – падрэ пагладзіў свой падбародак.
– Ну, мы спярша хацелі здымаць відэа пра тое, як мы жывём у такіх умовах – нічога незвычайна, проста побыт і лайфхакі, як выжываць у лесе. Але калі нам пачалі падкідваць пад дзверы гэтыя дыскі – я насцярожыўся.
Макар паказаў Конэлі ўсе запісы з дыскаў. Прагледзеўшы відэа, той задуменна пагрукаў доўгімі пальцамі па стале.
– Гэта ўжо наш пралік, – на яго сківіцы зайгралі жаўлакі. – Чаму вы раней мне пра гэта не паведамілі?
– Хацелі самастойна высветліць, што яму ад нас трэба, дый увогуле не думалі, што гэта можа быць небяспечна, – зманіў хлопец.
Падрэ стомлена правёў далонню па вачах.