Кіра з трывогай паглядзела на мужа.
Картэж уехаў у горад праз пяць хвілін. Макар звярнуў увагу на выключную чысціню вуліц і дарогі. Абапал Цэнтрал-авеню былі вывешаныя сіне-чырвоныя стужкі, якімі амерыканцы звычайна ўпрыгожваюць гарады ў асабліва важныя дні – Дзень падзякі ці Дзень незалежнасці. Аднак горад быў пустым. Дзверы дамоў зачыненыя, вокны завешаныя. Каунтвіль як вымер – у ім быццам пачалася каменданцкая гадзіна.
Пад’язджаючы да драўлянай царквы, яны ўбачылі натоўп. Гараджане сышліся на пляцы, як і ў першы раз, калі Макар з Кірай трапілі ў Каунтвіль. Пікап, што ехаў спераду, спыніўся непадалёк ад стоўпатварэння, і Макару давялося прыпаркавацца за ім. Кіра кранула яго за руку і паказала ў цэнтр натоўпу. Хлопец прыгледзеўся і ўбачыў, вакол чаго сабраліся людзі. Спярша яму падалося, што гэта нешта падобнае на эшафот. Аднак паглядзеўшы ўважлівей, Макар зразумеў, што гэта масіўны, метры на два, слуп, што ўзвышаўся над прысутнымі. Потым хлопец угледзеў яшчэ штосьці: усе людзі прынеслі з сабой галлё.
– Гэта тое, пра што я думаю? – з жахам запытала Кіра.
На сківіцы Макара зайгралі жаўлакі.
– Мне здаецца, яны сабраліся кагосьці спаліць, – не пачуўшы адказу, працягнула Кіра.
Макар паглядзеў на машыну, якая стаяла перад імі, потым азірнуўся. Іх добра падперлі з абодвух бакоў, не даючы ніякіх шансаў выехаць.
– Я не хачу гэтага бачыць, – у голасе Кіры з’явіліся ноткі істэрыкі.
– Пачакай, любая, давай пакуль не будзем кідацца ў крайнасці.
– Ты ж бачыш на ўласныя вочы – у іх руках галлё. Навошта яны яго ўзялі?
У галаве Макара загучаў сігнал трывогі. Нешта трэба было вырашаць, прычым зараз жа. Ён мог максімальна выкруціць стырно, націснуць на газ і, зачапіўшы багажнік пярэдняга пікапа, паспрабаваць вырвацца з кальца. Не выключана, што пры такім развіцці падзей задні пікап тут жа ў іх урэжацца, тады яны канчаткова трапяць у пастку. Нават калі сужэнцы змогуць вырвацца і паімчаць па вольнай дарозе, па ўсім перыметры горада, хутчэй за ўсё, выстаўленыя патрулі. Ён маўчаў і рашаўся. Кіра ўжо сур’ёзна нервавалася. Але хлопец наважыўся толькі на блакаванне дзвярэй і вокан.
– Давай жа, Макар, трэба адсюль выбірацца, чаго ты чакаеш? – голас жонкі змяніўся да непазнавальнасці, і калі хлопец, на якога ціснулі яе эмоцыі, урэшце вырашыў на свае страх і рызыку завесці рухавік, дзверы першай машыны адчыніліся, і адтуль выйшаў падрэ Конэлі. Разам з ім выйшлі яшчэ двое ўзброеных мужчын. Макар паглядзеў у люстэрка задняга віду. З другога пікапа таксама паказаліся ўзброеныя людзі на чале з Мэцьюсанам. Кола звужалася. Цяпер усе яны набліжаліся да «джыпа».
– Макар! Цісні ж!
Кроў запульсавала ў яго мозгу.
Яны падыходзілі бліжэй.
– Макар!
І ў гэтае ж імгненне ён зняў рукі са стырна і халоднай далонню паляпаў Кіру па калене.
– Больш ні гуку. Супакойся. Мы не павінны выкрываць сваю занепакоенасць… Усё будзе добра. Зрабі здзіўлены выраз… Нас не пакрыўдзяць… Ты са мной… Захоўвай спакой…
Конэлі падышоў да «джыпа» з боку Макара і пагрукаў сагнутым пальцам па шкле.
– Не адчыняй ім, чуеш?! – прастагнала Кіра.
– Калі ласка, замаўчы, – працадзіў хлопец скрозь зубы і з вымучанай усмешкай паглядзеў на падрэ. Той кіўнуў, каб яны выходзілі.
Макар адказаў Конэлі рухам галавы і пацягнуўся да кнопкі, каб адключыць блакіроўку. У гэты момант Кіра не стрымалася і рэзка адштурхнула яго руку.
– Мы не выйдзем адсюль, чуеце?! Вы, звяры!
Звонку яе голас ледзь пачулі, але выкрык усё адно расцанілі як непадпарадкаванне. Хлопец здранцвеў. Конэлі адступіў на крок ад «джыпа», і ў гэты момант з боку дзяўчыны пачуўся моцны ўдар па шкле. Кіра адхіснулася да Макара. Адзін з узброеных мужчын паспрабаваў разбіць шкло прыкладам драбавіка, аднак яно толькі трэснула. Другі ўдар даў расколіну па ўсім акне. Потым пачалі біць з боку Макара. Білі прыкладамі. Вокны пакрыліся трэшчынамі і хутка сталі нагадваць павуцінне. Пасля некалькіх моцных удараў, калі біць пачалі наводмаш з абодвух бакоў, аскепкі пасыпаліся ў салон. Кіра шалёна закрычала, а Макар знерухомеў. У яго быў ступар.
Дзяўчыну схапілі за валасы і пачалі выцягваць вонкі.
Калі на плячо Макара лягла чыясьці рука, ён азірнуўся і на імгненне апрытомнеў. Перад ім стаяў Мэцьюсан, вочы якога страцілі любыя прыкметы нармальнасці: сасуды чырвоным агнём распаўзліся па жоўтых бельмах. Ён ударыў хлопца ў твар.
Макара вывалаклі з машыны адразу за Кірай. Ён чуў прыглушаны лямант жонкі, усё навокал паблякла. Хлопец глядзеў на ўсё, што адбываецца, з апатычнай абыякавасцю, якая пазбавіла яго цела здольнасці рухацца. Ён быццам збоку назіраў за нейкай драмай. Макару да апошняга хацелася верыць, што гэта адбываецца не з імі, што гэтага проста не можа быць.
Яго павалаклі па зямлі. Адусюль пачуліся абразы і гнеўныя выкрыкі з натоўпу:
– Шлюха! Блудніца! – раўлі над імі жанчыны і мужчыны.
– Боскае пакаранне!