– Навошта мы ім? Ты думаеш, будзе пагоня?
– Я думаю, колькі ў нас засталося часу і на колькі хопіць бензіну, каб адарвацца ад іх. Відаць, давядзецца гнаць…
– Макар, паехалі! Хопіць марудзіць.
Ён завёў рухавік, і яны выехалі на гравійку, назаўжды пакідаючы гэтыя мясціны, такія родныя і такія чужыя.
Пад’язджаючы да шашы, яны яшчэ здалёк убачылі, што дарога наперадзе перакрытая. Два чорныя пікапы клінам стаялі на дарозе. Побач з машынамі былі ўзброеныя людзі.
– Гэта засада, нас чакаюць… – трагічна засведчыў Макар.
– Што робім? – Кіра пачала аглядацца назад.
– Калі мы рэзка павернем, нам усё роўна няма куды ехаць, толькі бегчы, але гэта занадта неабачліва. Да таго ж мы да канца не ведаем іх намеры.
– Значыць, давядзецца ехаць у горад, – сказала дзяўчына.
– Сядзі ціха. Д’ябал! – хлопец моцна ўдарыў па стырне абедзвюма далонямі.
Пад’ехаўшы бліжэй, яны пазналі ў адным з узброеных мужчын Рыка Мэцьюсана, таго самага, з кім Макар патруляваў начны Каунтвіль. Наблізіўшыся да засады, Макар спыніў «джып».
У гэты момант з аднаго пікапа паказаўся падрэ Конэлі, які рашучым крокам накіраваўся да іх. Макар апусціў шкло.
– На ўсялякі выпадак мы выставілі тут патруль, каб забяспечыць вам падтрымку і дапамогу, – абапёршыся аб дзверы машыны, сказаў мужчына, спрабуючы надаць свайму голасу як мага больш добразычлівасці, аднак яна была штучнай. – Вашы запісы і гісторыя мяне надта насцярожылі, для большай бяспекі мы будзем суправаджаць вас да самага горада. Спадзяюся, вы не супраць?
– Гэта будзе вялікай пашанай да нашых сціплых персон. Мы вельмі ўдзячныя, – з робленай павагай адказаў Макар.
Падрэ паглядзеў на Кіру.
– А вы, паважаная, не выканалі абяцанне. Вы ж казалі, што абавязкова надзенеце сукенку. Ну і як вам пасля гэтага давяраць?
Кіра збянтэжылася.
– Ведаеце, праз усе гэтыя жахі, якія нам давялося перажыць, я зусім забылася на вашу просьбу. Не перажывайце, я абавязкова яе надзену. У вас жа сёння будзе вячэрняя малітва, так?
– Сёння ў Каунтвілі адбудзецца адна з галоўных урачыстасцей, – сур’ёзна заявіў Конэлі і, адсунуўшыся ад шкла, дадаў: – Кіруйцеся за першым пікапам, другі будзе ехаць за вамі.
Мужчына зрабіў у паветры кругавы рух указальным пальцам – знак усім збірацца. У гэтае імгненне ён больш паходзіў на верхавода банды, чым на падрэ мясцовай парафіі. Макар упіўся рукамі ў стырно.
Яны выехалі на шашу. Першым ехаў аўтамабіль, у якім сядзеў падрэ, потым – іх «джып», а замыкаў картэж другі пікап. Ім не пакінулі шансу вырвацца. Дарога была занадта вузкай.
– А што, калі мы заедзем у горад і там адразу ж дадзім па газах? – спытала Кіра.
– Ты так не хочаш надзяваць тую сукенку? – паспрабаваў разрадзіць абстаноўку Макар.
– Проста думаю пра розныя варыянты ўцёкаў.
– Гэта выключана, яны кінуцца за намі, а калі зловяць, як мы будзем апраўдвацца? Кіроўца я так сабе. Скажам, што нас напалохалі гісторыі дзіўнага пустэльніка? Пакуль да нас ставіліся добра, а такімі дзеяннямі мы пакажам сябе з кепскага боку, і ў іх будуць усе падставы лічыць нас ворагамі.
– Божа, Макар, ты чуў, што казаў Джон? Яны спальваюць людзей на вогнішчы!
– Гэтая секта не падабалася мне з самага пачатку, я казаў, што не трэба з імі збліжацца і ўваходзіць у давер. Навошта тады было прысутнічаць на ўсіх гэтых вячэрніх малітвах, ездзіць у горад і дапамагаць ім?
– Таму што мы прыстойныя людзі, а я не хацела падацца нядобразычлівай пасля таго, як яны пайшлі з намі на кантакт.
– Цяпер позна. Давядзецца паводзіць сябе натуральна. У іх вачах мы павінны заставацца напалоханымі суседзямі, якія ратуюцца ад невядомага псіхапата, што пужае іх па начах. Некаторы час пажывём у Каунтвілі, а калі надарыцца зручны момант, ціха змыемся.
– Калі я пераканаюся, што ўсе словы Джона – праўда, мы не застанёмся ў Каунтвілі ні секунды.