Камера № 2.
1:56. На пірсе ўсё тое ж самае.
Камера № 3.
1:58. Макар ляжыць на спіне.
Камера № 1.
2:03. З правага боку ўзнікае ледзь прыкметны цень. Рух яго хуткі, і ён тут жа знікае з аб’ектыва.
Камера № 2.
2:04. Каля дзвярэй дома вельмі хутка мільгае чыясьці постаць. На долю секунды ў аб’ектыве з’яўляецца чалавек у дажджавіку з насунутым на галаву вялікім капюшонам (угледзець яго можна, толькі запаволіўшы запіс ці падлавіўшы патрэбны кадр і паставіўшы відэа на паўзу). Постаць імгненна знікае з кадра.
Камера № 3.
2:05. Макар з Кірай ляжаць у тых жа позах.
2:07. У акне насупраць іх канапы пачынае міргаць ліхтарык. Спярша кароткімі сігналамі, а потым – з частатой у некалькі секунд.
2:08. Ліхтарык пачынае рабіць кругавыя рухі злева направа і наадварот.
2:09. Нехта абводзіць ліхтарыкам па перыметры ўсяго акна.
2:10. Макар пераварочваецца на левы бок, потым кладзецца на спіну.
2:11. Ліхтарык знікае.
Камера № 2.
2:12. Імпэтны цень гойсае ля дзвярэй дома. Твар незнаёмца немагчыма разгледзець – капюшон цалкам затуляе ўсю яго галаву.
Камера № 1.
2:13. Чалавечая постаць набліжаецца да камеры. Падыходзіць упрытык да аб’ектыва. Зум спрабуе сфакусавацца на яго абліччы. І ў гэты момант на ўвесь аб’ектыў насоўваецца вока незнаёмца. Зрэнка жудасна глядзіць у аб’ектыў.
2:14. Таямнічы незнаёмец знікае.
Усе камеры садзяцца і выключаюцца каля паловы пятай раніцы з розніцай у некалькі хвілін, больш нічога не зняўшы.
– Ты бачыла? Гэта той псіх, што прыносіў нам пад дзверы дыскі, – ашалела сказаў Макар, паказваючы Кіры выбраныя запісы з камер.
Гэтым разам таямнічы незнаёмец нічога ім не пакінуў, аднак убачанага было дастаткова, каб зразумець, што да іх і сапраўды наведваўся якісьці дзіўны тып.
– Трэба сёння ж з’язджаць у горад і паказаць людзям гэтыя запісы! – не на жарт усхвалявалася Кіра. – Што, калі гэта адзін са збеглых вязняў турмы Элізабэттаўна? Макар, мы гуляем з агнём!
– Гатуй сняданне, а я скапірую ўсе доказы на флэшку. Пакуль яны будуць загружацца, падрыхтую машыну да ад’езду.
Аднак ехаць нікуды не давялося. Як толькі сужэнцы, зрабіўшы ўсё неабходнае, селі за стол, каб па-хуткаму перакусіць кансерваваным бобам з ужо чэрствым хлебам, за акном пачуўся гук машыны, якая пад’язджала да дома з боку гравійкі.
Макар схапіў бейсбольную біту і рашуча выйшаў на пірс. Кіра кінулася следам і стала ў яго за спінай.
Вялікі чорны пазадарожнік «Форд-Экспедышн» спыніўся між домам і элінгам. Дзверы павольна адчыніліся, і адтуль выйшаў падрэ Конэлі. На яго твары блукала хітрая ўсмешка. Пабачыўшы яго, Кіра з Макарам выдыхнулі.
– Што ж гэта вы пра нас зусім забыліся, шаноўныя? – прайшоўшы на двор, зычным барытонам спытаў Конэлі. – Пакрыўдзіліся на што-небудзь ці як?
Макар паклаў біту на крэсла-качалку, якое яны нядаўна вынеслі на пірс і паставілі ля самых дзвярэй.