Камера № 1.
00:30. Бачны двор. Цішыня. Ніякіх падазроных і старонніх рухаў.
Камера № 2.
00:35. На пірсе таксама ціха. Зоркі мігцяць анамальным святлом, паверхня возера спакойная.
Камера № 3.
00:40. Макар з Кірай заснулі ў позе «лыжачкі», прытуліўшыся адно да аднаго. У каміне тлее прысак.
Камера № 1.
1:05. На двары ціха.
Камера № 2.
1:10. На пірсе спакойна. Ніякага нечаканага з’яўлення незнаёмца не прагназуецца.
Камера № 3.
1:15. У пакоі цішыня. Макар ляжыць на спіне. Кіра, прыткнуўшы далоні да вуснаў, соладка адпачывае. Прысак у каміне астыў канчаткова.
Камера № 1.
1:32. Хтосьці пачынае рухаць камеру, аб’ектыў паварочваецца да зорнага неба. Потым нешта здараецца, і камера выходзіць са строя.
Камера № 2.
1:35. На камеру накідваюць прасціну. Пірс і роўнядзь возера, на якія быў накіраваны аб’ектыў, больш не бачныя.
Камера № 3.
1:37. Бачны ўсё той жа пакой. Макар перавярнуўся спінай да Кіры, нішто не прадказвае ліха. Нечакана чуецца моцны грук у дзверы, быццам хтосьці ўдарыў па іх вялікім калом. Камера запісвае гэты гук як зычнае і жудаснае рэха. Першай рэзка абуджаецца Кіра. Прыслухоўваецца. Хтосьці звонку зноў моцна б’е ў дзверы, і дзяўчына пачынае тармасіць мужа.
– Нехта грукае ў дзверы! – паказвае Кіра ў іх бок.
– Заставайся на канапе, – кажа Макар і бяжыць да каміна – ля яго стаіць бейсбольная біта.
– Макар, я баюся!..
– Ціха, я зараз усё высветлю!
– Будзь асцярожны!..
Макар нерашуча падыходзіць да дзвярэй.
– Хто там? – зычна пытае ён.
Маўчанне.
– Хто там, маці вашу?! У мяне зброя! Калі зараз ніхто не адкажа, я адчыню дзверы – і вам не паздаровіцца!
– Не трэба, Макар!..
– Маўчы!
За дзвярыма ніхто не адгукаецца. Трымаючы біту напагатове, хлопец злосна адцягвае завалу і груба, з нагі, дае па дзвярах. Як толькі тыя адчыняюцца, ён у жаху адыходзіць назад.