– Вам тэрмінова трэба пакінуць гэтыя мясціны.
– Мы збяром рэчы і заўтра ж пераедзем да вас.
Макар з пагрозай маўчаў, злосна ўтаропіўшыся ў Кіру, якая, відаць, ужо збіралася гаварыць, што не вытрымае яшчэ адну ноч у гэтым доме.
Конэлі з недаверам паглядзеў на іх.
– Ехаць трэба сёння ж! Ці вы хочаце быць ахвярай гэтага бязбожніка?
– Трэба сабраць рэчы, і ў нас яшчэ ёсць колькі недаробленых спраў. Але як толькі мы ўсё зробім – заўтра ж раніцай будзем у горадзе.
Мужчына штосьці абдумваў. Было бачна, што ён вагаецца і яго мучаць мірыяды думак і разважанняў.
– Добра, – урэшце адгукнуўся ён. – Сёння я вылучу вам асобны дом і прасачу, каб там навялі парадак.
– Дзякуй вам, для нас гэта такі гонар.
– Вы дакладна лічыце, што лепш пераехаць заўтра? Вашы справы не могуць пачакаць?
Конэлі акінуў іх сур’ёзным ацэначным позіркам.
– Не хвалюйцеся. Мы справімся.
– Што ж, тады не буду вам перашкаджаць.
На выхадзе з дома падрэ звярнуўся да Кіры:
– Я спадзяюся, вы памятаеце пра сукенку, якую выбралі з прынесеных нашымі мілымі жанчынамі?
– Так, – здзіўлена ўсміхнулася Кіра. – І збіраюся заўтра яе надзець.
– Запэўніваю вас, нам усім будзе прыемна, калі ў горадзе вы з’явіцеся менавіта ў ёй.
Конэлі паглядзеў на свой наручны гадзіннік.
– Можаце мяне не праводзіць. Да заўтра. І будзьце асцярожныя. Той, хто да вас прыходзіць, – вельмі небяспечны чалавек.
Яны стаялі на пірсе і глядзелі ўслед падрэ. Той сеў у чорны «Форд» і, ад’язджаючы, пасігналіў ім тры разы.
На дварэ ўжо змяркалася. На небе малінавым святлом замігцелі зоркі. Значна пахаладнела. За гэтыя дні тэмпература знізілася не менш чым на пяць градусаў.
Вярнуўшыся ў дом, Макар распаліў камін.
– Дык што мы робім? Я нічога не разумею. Чаму мы сёння ж не паехалі ў Каунтвіль?
– Не зразумей мяне няправільна, але я сапраўды не хачу адсюль з’язджаць. Нават нягледзячы на тое, што па акрузе бадзяецца якісьці дурань. У гэтым горадзе я доўга не вытрымаю, хутчэй за ўсё, давядзецца яго пакінуць. Застанёмся яшчэ на ноч, спакойна збяром рэчы, і няхай усё гарыць гарам.
– Макар, я застаюся тут толькі дзеля цябе. Але паабяцай, што заўтра ты не выкінеш чарговую штучку і мы дакладна будзем у горадзе. Мне страшна, а там я хаця б на некаторы час адчую сябе ў бяспецы.
– Не перажывай. Заўтра мы будзем у Каунтвілі.
Спакаваўшы рэчы – а іх аказалася не так і шмат: дзве сумкі і колькі пакункаў з рэшткамі ежы, – яны заслалі канапу.
Макар замацаваў на ранейшых месцах тры зараджаныя камеры і ўключыў запіс.
Калі ў каміне застаўся толькі прысак, яны зачынілі дзверы на завалу і ў хваляванні ляглі адпачываць. Заснуць доўга не атрымлівалася. Хлопец з дзяўчынай варочаліся з боку на бок і ціха перашэптваліся, прыслухоўваючыся да начной цішыні за сценамі дома.
Ноч пятая.