– Што там?!
Нічога не адказваючы, Макар хутка зачыняе дзверы.
Да раніцы яны ўжо не спалі. Хлопец чакаў, пакуль развіднее. Некаторы час Кіра білася ў істэрыцы. Ён не хацеў нічога гаварыць, аднак хутка зразумеў, што ад гэтага ёй будзе толькі горш.
– Нам падкінулі адрэзаную галаву нейкай жывёліны.
Калі цемра сышла, Макар вызірнуў у вокны, каб дазнацца, ці няма каго паблізу, і пераканаўшыся, што на прыстані яны адны, адчыніў дзверы.
Пад імі была галава барана. Адрэзалі яе надоечы. Кроў паспела запячыся чырвоным вобадам вакол шыі, а вочы застылі ў апошнім прыступе смяротнай агоніі.
– Гэта дрэнны знак, Макар! – сказала Кіра.
– Да чорта ўсё, зараз жа едзем прэч.
Перад тым як адагнаць «джып» пад дом і пачаць складаць у яго рэчы, хлопец гнеўна адфутболіў жахлівую галаву ў возера.
Ім спатрэбілася каля пяці хвілін, каб сабрацца. Кіра ўжо была на пярэднім сядзенні, а калі Макар збіраўся сесці за стырно, яна паказала яму на весніцы байдарачнага клуба.
– Глядзі!
З таго месца, адкуль яны ўпершыню сюды прыйшлі, у іх бок клыпаў чалавек у доўгім хітоне з насунутым на галаву капюшонам. У яго руках нічога не было відаць, і хлопец, схапіўшы з задняга сядзення біту, накіраваўся насустрач незнаёмцу.
– Макар, не рабі глупстваў! – трывожна закрычала яму Кіра, вылезшы з машыны, але яе муж ужо рашуча ішоў наперад. – Трымай сябе ў руках!
Напаткаўшы чалавека каля весніц, Макар выставіў перад сабой біту і шалёна выкрыкнуў:
– Ах ты вылюдак, сам ідзеш на расправу!
Незнаёмец запаволіў хаду і, заўважыўшы біту, сказаў:
– Спакойна, я прыйшоў да вас з мірам.
Голас выдаў пажылога чалавека.
– З мірам не шпурляюць пад дзверы галаву барана!
Чалавек зняў капюшон, і хлопец убачыў перад сабой сівавалосага афраамерыканца. Яго добры твар быў у буйных зморшчынах.
– Я не разумею, пра што вы, аднак толькі цяпер магу павініцца, што зрабіў глупства, адразу не прыйшоўшы да вас. Вы ў вялікай бядзе, маладыя людзі, і я збіраюся вам штосьці расказаць. Мяне завуць Джон Браен.
Макар апусціў біту і разгублена ўнурыўся на мужчыну.
– Бачу, вы ад’язджаеце? Спадзяюся, далёка і назаўсёды?
Макар азірнуўся на Кіру, якая падыходзіла ўжо да іх.
– Мы едзем у Каунтвіль. Хто вы такі і чаму палохаеце нас?
Джон паглядзеў на Кіру.
– Вам трэба тэрмінова пакінуць гэтыя мясціны, – проста сказаў ён. – Калі ў вас ёсць час, я магу вам усё патлумачыць.
Макар запытальна зірнуў на жонку. Яна глядзела на мужа з тым жа выразам.
Яны вярнуліся ў дом і размясціліся на шырокай скураной канапе. Макар паклаў біту на стол. Джон сеў насупраць і некаторы час маўчаў, збіраючыся з думкамі. Хлопец вырашыў загаварыць першым.
– Гэта вы рабілі тыя дзіўныя запісы на камеру, а потым падкідвалі дыскі?