Дзяўчына ўзрадавана падскочыла з месца: яна доўга чакала, калі Макар абудзіцца і зверне на яе ўвагу. Калі ў дзяўчыны з’яўлялася чарговая абноўка, яна любіла красавацца перад мужам, ёй заўжды было важнае яго меркаванне.
Кіра прымерала тры з прынесеных сукенак. Першая была светла-карычневая з высокім горлам, у старамодным стылі: такія, відаць, насілі жанчыны ў дзевятнаццатым стагоддзі. Яна была занадта доўгай – падол хаваў ногі цалкам і цягнуўся па падлозе. Кіра выглядала ў ёй мажной, і сужэнцы прыйшлі да высновы, што адзежа ёй не пасуе. Другая была цёмна-зялёная, з карункавымі ўстаўкамі, трохі карацейшая за папярэднюю, аднак у яе былі нейкія занадта вострыя плечы і яна вісела на Кіры, бы на вешалцы. Трэцяя сукенка была малочнага колеру, трохі выцвілая, але села на дзяўчыну так, быццам была пашытая па яе фігуры. Сукенка прыкрывала калені, а на грудзях быў невялікі выраз. У такім убранні можна было адразу ісці да шлюбу. Калі Кіра яе адзела, Макару нават падалося, што ў пакоі пасвятлела. Выбар быў відавочным.
Праз гадзіну яны апрануліся, сабралі рэчы і падышлі да «джыпа», які Макар пакінуў ля бібліятэкі. На ўсялякі выпадак хлопец праверыў запальванне: штосьці падказвала, што яго маглі сапсаваць, прычым наўмысна, каб сужэнцы засталіся ў горадзе. Аднак усё было ў поўным парадку. Рухавік незадаволена затарахцеў, выпускаючы ў халоднае паветра клубы шэрага ўгарнага газу. Макар паклаў рэчы ў багажнік і разам з Кірай накіраваўся да царквы. Трэба было вярнуць падрэ зброю і развітацца.
Каунтвіль яны вырашылі пакуль не наведваць. Мажліва, заедуць толькі ў крытычных сітуацыях і калі спатрэбіцца папоўніць запасы. Максімум – на святочныя вячэрнія малітвы, і тое не больш за раз на тыдзень.
Па дарозе яны аднеслі астатнія дзве сукенкі Вероніцы. Тая дапамагала Вікторыі наводзіць у бібліятэцы парадак, і Кіра паабяцала, што цяпер будзе надзяваць сукенку на кожную вячэрнюю малітву, якую яны наведаюць.
Конэлі заспелі за чытаннем Бібліі. Ён стрымана прыняў ад Макара пісталет, папытаўся, як прайшоў яго першы патруль, і вельмі здзівіўся, што яны збіраюцца вярнуцца дадому.
– Пакуль нам так зручней. Сур’ёзна, не крыўдуйце, мы абавязкова будзем прыязджаць да вас і дапамагаць ва ўсім, у чым будзе неабходнасць. Заязджайце і вы ў госці!
– Неадкладна заедзем і, разлічваю, усё ж перавабім вас сюды на пастаяннае жыхарства. Самі бачыце – дапамога нам цяпер патрэбная паўсюдна.
Макар уважліва паглядзеў на Конэлі і спытаў:
– Ёсць якія-небудзь звесткі пра затрыманага турэмшчыка?
Было відаць, што падрэ не хацеў распаўсюджвацца пра гэта. Ён хутка адсек:
– Грэшнік сядзіць у турме, як яму і належыць. Пад турму мы пакуль вылучылі месца ў шпіталі.
Назад Макар і Кіра вярталіся з некаторай палёгкай. Дом ля возера зрабіўся для іх такім родным, што яны ехалі туды, быццам ён і сапраўды ім належаў.
Кіра казала, якую смачную прыгатуе вячэру і як нап’ецца добрага віскі. Макар дзяліўся думкамі, як і ў якіх канкрэтна месцах ён замацуе «GoPro».
Пасля цяжкіх тыдняў у іх урэшце з’явілася мэта і хоць нейкае апраўданне ўласнага існавання. Жыццё паступова набывала сэнс.
Аднак іх сэрцы зноў сышлі ў пяткі, калі, падышоўшы да дзвярэй дома, на тым жа месцы, дзе і першы раз, яны знайшлі яшчэ адзін канверт, а ў ім – чарговы дыск, пазначаны «№ 2».
– Грэбаны псіхапат, – са злосцю схапіў знаходку Макар і зайшоў у дом.
Пасля прагляду відэа сужэнцы доўгі час не ведалі, як рэагаваць на тое, што яны ўбачылі. Відавочна: за імі сочаць, і мужчына, які гэта робіць, наўмысна не хоча сябе выдаваць.
Макар зрабіў на «працоўным стале» ноўтбука асобны цэтлік і спампаваў туды абодва запісы.
– Трэба берагчы зарад, – выключыўшы ноўтбук, сказаў хлопец. – Лора выдала мне некалькі лайфхакаў, аднак цяпер марнатраўства забароненае. Трэба зрабіць усё, каб абзавесціся генератарам.
Астатнюю частку дня Макар усталёўваў тры камеры «GoPro» на ўчастку. Першую ён вырашыў прыладзіць на ўваходзе ў байдарачны клуб на весніцах: адтуль адкрываўся добры від на ўвесь падворак. Другую ўсталяваў над дзвярыма ў дом, каб было выразна бачна ўвесь пірс і тое, што дзеецца вакол. Трэцюю камеру Макар замацаваў у пакоі. Незнаёмец мог пракрасціся ў дом, да таго ж апошняя камера была ўсталяваная такім чынам, што ў яе аб’ектыў траплялі два вокны.
Увесь вечар Кіра прасіла Макара плюнуць на ўсе перасцярогі і вярнуцца ў горад, аднак той настойваў на сваім.
Вечарам яны доўга не заседжваліся і ў дзесяць гадзін ляглі спаць, тым больш што пасля ночы патруля і колькіх кубачкаў віскі хлопец адчуваў сябе выматаным. Яму трэба было адпачыць, і ён хутка заснуў, папярэдне ўключыўшы ўсе ўсталяваныя камеры.
Ноч першая.
Камера № 1.
22:31. Бачны ўвесь падворак. Ніякага руху.
Камера № 2.
22:43. Бачны пірс і цёмная роўнядзь возера.
Камера № 3.
22:10. Пакой. Пад самай камерай на вялікай канапе на правым баку ляжыць Макар. Кіра неспакойна варочаецца з боку на бок.