З вышкі злез яго напарнік, і Макар пазнаў у ім Філіпса, шчуплага мужыка, які займаўся рамонтам рэпрадуктыўнага генератара. Той ветліва павітаўся за руку і пажадаў паспяховага патруля.
Калі змена сышла, Мэцьюсан сказаў:
– Наша асноўная задача – выкрываць спробы пранікнення чужынцаў у горад. Калі заўважыш штосьці падазронае, проста пасвяці адзін раз ліхтарыкам уверх, – ён даў Макару невялікі ліхтарык. – Патрулюеш дзве гадзіны, потым мяняемся, і ты лезеш на вышку. Не спаць, не шумець і не размаўляць. Зразумеў?
Мэцьюсан павольна і ціха ўзлез на вышку, пакінуўшы Макара аднаго. Той чакаў чагосьці іншага: думаў, што ўсе шаснаццаць чалавек будуць павольна абыходзіць межы горада, гутарыць, дзяліцца думкамі, і ён зможа лепш пазнаёміцца з жыхарамі, выведаць абстаноўку ў абшчыне і ўрэшце высветліць, ці ўсе яны такія богабаязныя вернікі і ці напраўду сур’ёзна ставяцца да рэлігіі.
Мэцьюсан жа аказаўся строгім і зусім негаваркім чалавекам, знаўцам сваёй справы. Мажліва, у часы да катастрофы ён быў ваенным, дзейным або ў адстаўцы, бо яго рухі і каманды былі надзвычай дакладнымі. Відаць, менавіта таму Конэлі абраў яго старэйшым.
Свае першыя дзве гадзіны Макар выдаткаваў на тое, каб даследаваць мясцовасць. Ён, як і загадаў Мэцьюсан, нягучна пахаджваў па вылучаным яму маршруце, углядаўся ў цемру і прыслухоўваўся да мёртвай цішыні. Было дзіўна не чуць стракатання конікаў. Вецер сцюдзёнымі хвалямі біў яго ў плечы. Добра, што Макар апрануў цёплую парку.
Ужо праз гадзіну хлопцу надакучыла хадзіць з боку ў бок, і ён пачаў думаць аб марнасці такога патрулявання. Ці не лепш сесці ўдвух на вышцы і, хай сабе моўчкі, глядзець у змрочную далячынь? Калі мінула яшчэ паўгадзіны, яму ў галаву прыйшла страшная думка, што яго роля – проста прыцягваць чыюсьці ўвагу. Ён мог быць звычайнай прынадай – і ў выпадку чаго на яго нападуць першым.
Праз дзве гадзіны Мэцьюсан злез з вышкі і саступіў месца Макару, пераняўшы ў яго ліхтарык.
Узлезшы на вышку, хлопец зразумеў, што на ёй ёсць месца толькі для аднаго чалавека. Сядушка знаходзілася на вышыні каля трох метраў, і ўзбірацца да яе трэба было па тоўстых жэрдках, прыбітых да алешыны. З вышкі адкрываўся добры від на ўвесь перыметр тэрыторыі. Макар глядзеў удалячынь і сачыў за Мэцьюсанам, які асцярожна абыходзіў участак, паглядаючы ў бок лесу.
На вышцы хлопца вельмі хутка пачало хіліць у сон, і каб канчаткова не вырубіцца, ён пачаў абдумваць, дзе і як лепш усталяваць камеры ля дома. Варта было ўспомніць, што да іх наведваўся незнаёмы чалавек, як Макар адразу ж прачынаўся. Дзве гадзіны бессэнсоўнага сядзення цягнуліся яшчэ даўжэй, чым патруляванне ўнізе, і праз гадзіну ён ужо хацеў хутчэй аказацца на зямлі.
З трох да пяці раніцы Макар пашырыў сваю тэрыторыю, патрулюючы ўчастак не па прамым, а па паўсферычным маршруце.
Значна пахаладала, і вецер пранізваў ужо нават скрозь цёплую парку.
Ніхто, аднак, у полі зроку патруля не з’явіўся. Не было ніводнага падазронага руху, гуку ці хаця б шоргату.
Узбіраючыся на вышку на апошнія дзве гадзіны, Макар цвёрда вырашыў, што гэта ноч будзе першай і апошняй, якую ён правёў такім чынам. Гэта проста дарэмная трата часу. Лепш заняцца ўласнай гаспадаркай на беразе возера і ўдасканаліць ахову свайго ўчастка. Няхай пашукаюць іншага дурня. А з яго хопіць. Вы далі нам начлег і камеры – я вам дапамог. Такімі былі думкі Макара, калі ён пакутаваў на вышцы, спрабуючы не заснуць.
Калі прыйшла ранішняя змена, Макар быў выціснуты як лімон – маральна і фізічна. Ён думаў пра Кіру і пра тое, як ляжа да яе ў цёплы ложак.
– На поўначы Філ Брэйкет і Джордан Руперт затрымалі чужынца, – сказаў ім шчуплы падлетак з крывымі зубамі. – Падрэ ўжо дапытаў яго. Чалавек аказаўся турэмшчыкам з Элізабэттаўна. Паводле яго звестак, большасць збеглых зэкаў накіравалася на поўнач, але ж хіба можна давяраць яго словам?..
Макар вярнуўся ў гатэль, калі Кіра яшчэ спала. Ён ціха распрануўся, памыў пад сцюдзёнай вадой ногі і лёг да жонкі. Тая млява перавярнулася да яго і сонна прамармытала:
– Ты ўжо прыйшоў?
– Так, спі.
Макар пацалаваў яе ў мяккую і цёплую шчаку.
– Да мяне вечарам прыходзілі жанчыны з абшчыны, – не расплюшчваючы вачэй, сказала яна. – Вероніка, Глорыя і, здаецца, Саманта. Смешныя такія бабанькі, бы тры феі… Прынеслі мне некалькі сукенак, хацелі, каб я выбрала сабе найлепшую.
– Прынеслі проста так? – здзівіўся Макар, мацней тулячыся да жонкі і саграваючыся ад цяпла яе цела.
– Проста так. Сказалі, што я ім спадабалася і што яны будуць вельмі радыя, калі на наступную вячэрнюю малітву я надзену ў царкву адну з гэтых сукенак.
– Добра, давай толькі выспімся, а раніцай усё выберам.
– Як патруль?
– Я разлічваў, што гэта прынамсі будзе цікава, але па факце – нічога асаблівага, звычайнае бадзянне з боку ў бок і зусім негаваркі Мэцьюсан.
Яны замаўчалі, і Макар імгненна праваліліся ў сон, такі салодкі і доўгачаканы, калі ўсё цела ломіць ад стомы і хутчэй хочацца адпусціць усе трывожныя думкі прэч.
Спаў хлопец доўга, але яму нічога не снілася. Ён наогул прыкмеціў, што ў Амерыцы яму яшчэ ні разу не прыснілася чагосьці вартага і якаснага.
Прачнуўся Макар у гадзіну дня ад таго, што не намацаў побач з сабой Кіру. Пралупіўшы вочы, ён убачыў яе за крэслам насупраць ложка. Яна перабірала сукенкі, вывучала карункавыя тканіны і ўважліва ўглядалася ў строчку. Хлопец лёг на спіну і, раскінуўшы рукі на ўвесь ложак, сказаў:
– Ну давай, цяпер я сама ўвага, пакажы мне, што ў нас ёсць.