– Мяркую, гэта шчырыя словы, – толькі і сказаў падрэ.
– Мы пасяліліся на беразе возера Лоўэр-Осэйбл непадалёк ад гары Галава Індзейца ў аднайменным байдарачным клубе. Нам вельмі спадабаліся ілюстрацыі з часопіса, які мы ўбачылі ў гатэлі ў Олбані. Мы натхніліся і вырашылі ехаць менавіта сюды. І зусім не расчараваліся.
Конэлі моўчкі выслухаў яго.
– Што ж, гэта добры выбар. Вам сапраўды пашанцавала. Я ведаў былых уладальнікаў гэтага дома. Фробыстэры з’ехалі адтуль адразу пасля вывяржэння вулкана. У іх сваякі ў Канадзе. Спадзяюся, яны паспелі перасекчы мяжу, пакуль яе канчаткова не перакрылі. Хаця хто ведае, як там цяпер у Квебеку. На жаль, Елаўстон выклікаў ланцуговую рэакцыю, і па ўсім свеце пракацілася хваля вулканічных выбухаў і катастрафічных цунамі.
У школе было бязлюдна, і яны хутка адшукалі лабараторыю, дзе засядала Лора. Госці заспелі яе за чытаннем адной з кніг, якія вялікімі стосамі ляжалі перад ёй. Лора трохі разгубілася, аднак падрэ хутка яе супакоіў і пакінуў іх сам-насам, сказаўшы Макару, каб па заканчэнні размовы той зайшоў да яго ў царкву.
Калі падрэ сышоў, Макар з прыязнасцю звярнуўся да Лоры:
– Выбачайце, што непакою. Напэўна, у вас шмат спраў, аднак я не ведаю, да каго яшчэ звярнуцца.
Лора сціпла ўсміхнулася:
– Усё залежыць ад таго, што вам трэба. Дапамагу чым змагу.
– Рэч у тым, што ў нас з жонкай узнікла даволі дзіўнае жаданне, і мы спадзяемся, што калі-небудзь гэта прынясе ўсім карысць. Вядома, мы згадзіліся дапамагаць вашаму гораду, аднак самім нам хацелася б зрабіць нешта большае. Карацей, мы хочам пачаць дакументаваць усё, што адбываецца навокал. Для гэтага нам спатрэбяцца відэакамера, калі, вядома, у нас атрымаецца яе знайсці, і ваша кансультацыя, як ёй карыстацца ва ўмовах, калі мы часова, а магчыма, і надоўга, пазбаўленыя электрычнасці.
Лора зацікаўлена паглядзела на Макара і, выслухаўшы яго, сказала:
– Пытанне электрыфікацыі на дадзены момант самае злабадзённае. Галоўная задача для ўсіх нас – набыць моцны генератар. З гэтым было б не так складана, калі б мы наладзілі стасункі з Элізабэттаўнам, аднак, як вы ведаеце, там цяпер кіруе ваенная хунта, не асабліва добразычлівыя да чужынцаў. Калі б не агульнае забруджванне атмасферы і не суцэльныя аблокі на небе, было б лягчэй, аднак відавочна, што наступны год пройдзе без лета. Пра сонечныя батарэі таксама давядзецца забыць. Для гаджэтаў тыпу вашай відэакамеры, у прынцыпе, будзе дастаткова механічнай зарадкі, аднак у Каунтвілі такіх дакладна няма, дарэчы, як і партатыўных батарэй. Наш горад зусім не падрыхтаваўся да другога прышэсця. Але калі вам карціць, магу прапанаваць некалькі простых лайфхакаў. Здаецца, у вас ёсць машына, і яе акумулятар – а хутка ім усім прыйдзе канец – яшчэ не сеў. Я раю зараджаць відэакамеру менавіта ад яго. Яшчэ можна развесці агонь, паставіць рондаль, нагрэць, падключыць спецыяльны перахаднік і трохі пачакаць. Які-ніякі зарад вы атрымаеце. Можна яшчэ набыць ровар і круціць педалі, аднак гэта зойме каля дзесяці гадзін.
Макар пляснуў сябе па лбе.
– Дакладна – акумулятар, як я раней не даўмеўся…
– Неўзабаве ўсім нам давядзецца вучыцца ездзіць верхам. А наконт камеры і перахаднікоў спытайце ў Монікі Лоўджэнс, яна да выбуху валодала крамай, якраз ля бібліятэкі. Мажліва, якія-небудзь «GoPro» там і знойдуцца…
Высветліўшы ўсё неабходнае, Макар пакінуў Лору з яе кнігамі і напрасткі пашыбаваў да царквы. Падрэ падмятаў ганак.
Калі хлопец наблізіўся, Конэлі адразу запрасіў яго ўнутр.
– Глядзі, сёння будзе вельмі адказны патруль. Калі наша група вернецца з Нью-Рашы, могуць пачацца правакацыі. Зэкі з Элізабэттаўна ўжо ва ўсю гойсаюць па лясах. Невядома пакуль, ці многія з іх накіраваліся на поўнач. Паводле маіх разлікаў, большая іх частка вырашыла заняцца марадзёрствам, і наш горад ляжыць на іх дарозе. Я выдам табе зброю. Гэта будзе мой уласны «Сміт-Весан». Па заканчэнні патруля я хачу, каб ты знайшоў мяне і вярнуў зброю.
Конэлі акуратна дастаў з-за рэменя вялікі срэбраны пісталет і перадаў яго Макару.
– Васьміміліметровы з дзевяццю патронамі. Карыстацца ўмееш?
– Не даводзілася пакуль…
– Гэта не складана: здымаеш з засцерагальніка, адводзіш затвор, цэлішся і спускаеш курок. Сёння з табой у патрулі за старэйшага Рык Мэцьюсан, таму слухай толькі яго.
Макар узяў ствол і засунуў яго за пас.
Пакуль у бібліятэцы доўжылася чытанне, хлопец схадзіў у краму непадалёк. Прыемная і трохі сарамлівая Моніка Лоўджэнс зрабіла яму экскурсію па сваім доме, у якім і размяшчалася крама: некалі гэта была сувенірная лаўка з вялікім асартыментам – ад паштовак і магніцікаў да ўжо пратэрмінаваных пачкаў з чыпсамі. Макару пашанцавала. У Монікі аказалася некалькі камер «GoPro», якія яна на ўсялякі выпадак набыла сабе на «eВay», а таксама шмат розных перахаднікоў і раздымаў. Макар узяў сабе з тузін і расплаціўся доларамі, якія жанчына прыняла з прыхаванай неахвотай.
– Усё ж я разлічваю, што калі-небудзь яны яшчэ спатрэбяцца, – запэўніў яе Макар.
– На ўсё воля Божая, – сціпла адказала яму Моніка і патупіла позірк.
Чытанні скончыліся, і Макар, не заходзячы ў бібліятэку, чакаў Кіру на дварэ. Выйшаўшы, жонка з палёгкай абняла яго за плечы.
– Паветра там – не прадыхнуць … – стомлена сказала яна.
– Падрэ паабяцаў, што выдзеліць нам нумар у гатэлі, каб мы перабылі гэтую ноч у горадзе.
– Ну вось, я ж казала, што ён вельмі добры чалавек…