Макар мацней прытуліў да сябе Кіру, і ў гэты момант за іх спінамі нечакана з’явіўся Конэлі.
– Ну што, хадзем, правяду вас у гатэль, – прыязна сказаў ён.
Яны пайшлі па Цэнтрал-авеню і праз пяць хвілін дабраліся да белага двухпавярховага будынка. Каунтвіль сапраўды быў невялікім, і ўсё ў ім размяшчалася паблізу.
Конэлі пазнаёміў сужэнцаў з гаспадыняй гатэля, чорнавалосай мажной Дорай Хьюбарт, і тая трошкі ўрачыста ўручыла ім ключы ад пакоя на другім паверсе.
– Адтуль адкрываецца напраўду найлепшы від на наш маленькі, але вельмі ўтульны гарадок, – падкрэсліла яна, з асцярогай паглядаючы на падрэ.
Конэлі правёў іх па лесвіцы да дзвярэй.
– Адпачывайце, – сказаў падрэ. – Макар, раю табе паспаць. Ноч будзе доўгай і сцюдзёнай. Збор а дзясятай ля царквы. Не спазняйся і не забудзь тое, што я табе даў.
Зачыніўшы дзверы, хлопец хутка расказаў Кіры, што яму давядзецца выйсці ноччу ў патруль.
– Гэта абавязкова? – трывожна спытала яна.
– Будзем лічыць, што гэта наша плата за начлег, – спакойна адказаў ёй муж. – Да таго ж у мяне з’явіцца магчымасць бліжэй пазнаёміцца з тутэйшымі мужыкамі і паспрабаваць высветліць, ці не прыходзіў хто з іх да нас на падворак.
– Хто табе прызнаецца?
– Цяпер у нас ёсць камеры.
Ён паказаў жонцы набытыя ім у краме дэвайсы.
– Калі гэта хтосьці з іх, наўрад ці яны пасунуцца да нас зноў.
Кіра цяжка ўздыхнула.
– Цяпер нам трэба максімальна апавясціць усіх, што мы збіраемся здымаць вакол. Я хачу вывесці гада на чыстую ваду. І ты пры магчымасці таксама кажы пра гэта. Запамінай твары і імёны.
Кіра агледзела пакой. Нумар быў невялікім, чыстым і ў меру дагледжаным, у светлых пасцельных тонах. Завесіўшы фіранкі, можна было ўявіць, што за вокнамі нічога не здарылася, свет не загінуў і яны зноў жывуць у нармальным цывілізаваным грамадстве дзесьці ў правінцыйнай глушы сярэдняй Амерыкі.
Макар падышоў да акна і зашморгнуў фіранкі. Лёг на канапу і паклікаў Кіру. Некаторы час яны ляжалі моўчкі, а потым, як звычайна, пачалі павольна лашчыць адно аднаго. Макар горача пацалаваў Кіру, і яны адразу ж заняліся каханнем на свежай і хрусткай прасціне. Сэкс атрымаўся млявым і пяшчотным, а калі ўсё падышло да лагічнага завяршэння, хлопец заснуў, паклаўшы на разгарачанае сцягно дзяўчыны цяжкую руку.
Кіра пабудзіла яго праз дзве гадзіны. Ён трывожна схамянуўся і чамусьці падумаў, што праспаў, аднак будзільнік, які стаяў на тумбачцы ля ложка, сведчыў, што ў запасе яшчэ ёсць трохі часу.
Макар па-хуткаму прыняў халодны душ. Вада аддавала цвіллю і раз-пораз – брыдкай іржой. Апрануўшыся, ён заклаў за рэмень пісталет Конэлі.
– Добрай ночы, любая, – сказаў ён Кіры на развітанне. – Не хвалюйся, я буду разам з вопытнымі мужчынамі.
– Буду цябе чакаць…
Макар падышоў да царквы без дзесяці дзесяць і пабачыў начны патруль у поўным зборы. Разам з Конэлі стаяў старэйшы змены Рык Мэцьюсан – даўгалыгі моцны мужчына з пшанічнымі валасамі і густой барадой. Побач з ім – яшчэ чатырнаццаць чалавек, з якіх Макар пакуль нікога не ведаў: не запомніў падчас малітвы. Ён павітаўся за руку з кожным з іх, і яны ўсім кагалам паслухмяна зайшлі ў царкву. Падрэ правёў звычайны рытуал, перахрысціўшы ўсіх патрульных. Макар разам з іншымі схіліў перад Конэлі галаву. Яму давялося засунуць сваю непрыязнасць як мага глыбей. Сёння ён частка каманды, а значыць гуляе па яе правілах.
– Спадары, гэтым разам дзейнічаем такім жа чынам, як і ў мінулы: пільна ўглядаемся ў ноч і сочым за тэрыторыяй. Сёння з намі новы патрульны, Макар, ён працуе ў звязцы са старэйшым Мэцьюсанам.
Макар паглядзеў у бок Рыка і кіўнуў. Той прыязна міргнуў у адказ: маўляў, спрацуемся.
– Тады больш не затрымліваю, з Богам, браты!
Выйшаўшы з царквы, людзі накіраваліся ў розныя бакі па перыметры горада. Дарога Макара з Мэцьюсанам ляжала праз бібліятэку да ўскраіны Каунтвіля, у яго самую паўднёвую частку. Вельмі хутка яны выйшлі на лясістую сцежку. Калі вочы Макара прывыклі да цемры, ён разгледзеў масіў горнай грады на самым небакраі і рэдкалессе, якое падступала да горада з усіх бакоў. Мужчыны прайшлі невялікі хмызняк, і Макар заўважыў на адным з дрэў прыбудаваную вышку.
– Я палезу першым, – строга сказаў Мэцьюсан, – агледжу перыметр. Твая задача – патруляваць непадалёк. Далёка не адыходзь і пільна ўглядайся ў лес. Калі хтосьці сёння і вырашыць прыйсці, то будзе сунуцца якраз адтуль, – паказаў ён пальцам.
Праз хвіліну да іх падышоў чалавек з дзённай змены і, павітаўшыся з Макарам, сказаў:
– Было колькі падазроных рухаў гадзіну таму, але гэта аказалася жывёліна – хутчэй за ўсё, ліса.