– Макар, гэта не наш дом, і ты гэта добра ведаеш.
– У дадзенай сітуацыі яго можна лічыць нашым. Свет навокал робіцца прыватным.
– Ну добра, а далей што?
– Я абяцаю, што, калі тут пачнецца якая-небудзь чартаўшчына, мы, не чакаючы ні хвіліны, паедзем да мяжы і будзем спрабаваць прарвацца ў Канаду.
– А я б засталася ў горадзе…
Усю дарогу да Каунтвіля яны маўчалі, і толькі на ўездзе на цэнтральную вуліцу горада Макар нагадаў Кіры нічога нікому не казаць і паспрабаваць паводзіць сябе так, быццам нічога не здарылася.
У гадзіну дня яны, як і дамовіліся з падрэ, былі ў прасторным памяшканні бібліятэкі. Усе дзеці горада і пэўная колькасць дарослых ужо сядзелі ў фатэлях, а каму тых не хапіла, размясціліся на падлозе на мяккіх крэсла-мяшках. Макар з Кірай памкнуліся таксама ўладкавацца на падлозе ля акна, аднак як толькі падрэ іх прыкмеціў, адразу падышоў і, папрасіўшы выбачэння ў Кіры, адвёў Макара ў першы пакой бібліятэкі, дзе нікога не было.
– Учора вы казалі, што мы можам разлічваць на вашу падтрымку, – даволі мякка прамовіў Конэлі.
– Так, вядома, зробім усё, што зможам, – адказаў Макар і паспрабаваў зрабіць сур’ёзную міну.
– Сёння раніцай група нашых людзей, як і было вырашана ўчора, выправілася ў Нью-Рашу дамаўляцца з мясцовымі жыхарамі аб конях. Калі яны вернуцца, ім спатрэбіцца адпачынак, а нам цяпер якраз не хапае людзей у начным патрулі. Таму патрэбныя добраахвотнікі.
Макар згодліва заківаў.
– Так, я магу паспрабаваць.
– Наконт жонкі можаце не хвалявацца, мы размесцім вас у найлепшым з нумароў гатэля.
– Вялікі дзякуй, падрэ.
Конэлі пачціва схіліў галаву. Макар вытрымаў паўзу і дадаў:
– Тады і ў мяне да вас таксама будзе адна далікатная просьба.
– Уважліва слухаю.
– Мне хацелася б яшчэ раз пабачыцца з настаўніцай па фізіцы Лорай. Учора мы пагутарылі з ёй, і яна аказалася вельмі прыемнай суразмоўцай. Прызнаюся шчыра, пасля вячэрняй малітвы жыхары ўдзялілі нам зашмат лішняй увагі, і я не паспеў скончыць з Лорай размову і высветліць яшчэ колькі пытанняў. Вы не маглі б падказаць, дзе я магу яе знайсці, таму што ў бібліятэцы няма?
Конэлі лісліва паглядзеў на Макара.
– Вы можаце спакойна спытаць у мяне ўсё, што толькі хочаце, я дастаткова добра ведаю гэты горад.
– Не хачу вас пакрыўдзіць, аднак мне здаецца, вы не асабліва добра разбіраецеся ў пытаннях квантавай фізікі і механікі. Размова з Лорай падштурхнула мяне да разважанняў і нарадзіла некалькі ідэй, якія, мажліва, потым будуць карысныя для ўсіх нас…
Конэлі з недаверам паглядзеў на Макара, а потым сказаў:
– Добра, я правяду вас у школу. Апошнім часам Лора засядае ў лабараторыі.
Макар вярнуўся да Кіры і сказаў, што зойдзе ў школу да Лоры, упэўніўшы жонку не хвалявацца і паспрабаваць атрымаць асалоду ад чытання Стэйнбека.
– Выбачай, любы, але я не настолькі добра валодаю англійскай, каб зразумець тэкст. Вікторыя занадта хутка гаворыць. Магчыма, калі б у мяне перад вачыма была кніга, гэта б палепшыла сітуацыю, – шэптам сказала яму Кіра.
Макар пагладзіў яе па плячы.
– Тады проста адпачывай, можаш нават падрамаць. Сёння мы застанёмся ў горадзе.
Дзяўчына радасна паглядзела на мужа і пацалавала яго ў руку.
Па дарозе да школы Макар паведаміў Конэлі, дзе яны жывуць.
– Спадзяюся, вы ўжо зразумелі, што ўчора мы не хацелі выдаваць свой прытулак, пакуль не пераканаліся, што вам можна давяраць, што горад бяспечны і, самае галоўнае, што тут жывуць добрыя людзі.