Кіра паглядзела на дзверы.
– Зачыні іх на завалу, мне робіцца жудасна толькі ад адной думкі, што дзесьці паблізу бадзяецца незнаёмец ці група незнаёмцаў, тым больш калі нас няма побач. Як ты думаеш, у іх добры намер?
– Мы гэта абавязкова высветлім, а цяпер давай паспрабуем паспаць. Я з ног валюся…
№ 2
Здымкі вядуцца з таго ж ракурсу, што і першы раз, – з супрацьлеглага берага возера Лоўэр-Осэйбл. Аб’ектыў накіраваны на дом Макара і Кіры, і праз суцэльную цемень разглядзець можна толькі святло ў акне, якое выходзіць на пірс.
Зум павольна набліжае акно, аднак праз змрок у ім нічога не бачна – толькі светлая пляма жоўтага святла ад свечак. Неўзабаве святло гасне.
Чалавек, які здымае наступныя кадры, ідзе па падворку байдарачнага клуба. Чуваць лёгкае храбусценне пяску пад яго нагамі. Камера працуе ў рэжыме начнога бачання, ад чаго экран мае ўласцівы такой наладцы рэжыму зялёны фон. Аб’ектыў абводзіць падворак, элінг і «джып».
Чалавек спрабуе нягучна падняцца па прыступках мансарды, накіраваўшы камеру на дом. Ціха мінае мансарду і ўзыходзіць на пірс. Камера набліжаецца да дзвярэй і ў кадры з’яўляецца рука ў пальчатцы, якая павольна бярэцца за ручку. Спрабуе адчыніць дзверы. Аднак тыя добра зачыненыя, і незнаёмец вымушаны адступіць.
Раніцай сужэнцы звярнулі ўвагу на намаляваны на акне крыж. Макар заўважыў яго, калі вяртаўся ў дом з двара.
– Што гэта значыць? – занепакоена спытала Кіра.
– Відавочна тое, што чалавек, які яго пакінуў, – з абшчыны ці хоча, каб мы падумалі, што ён адтуль.
– Можа, гэта проста адзнака ці…
– Крыж на нас…
Яны разгублена глядзелі на невядомы сімвал.
– Макар, гэта ўжо не жарты…
– Хтосьці свядома хоча нас напалохаць ці проста здзекуецца з нас.
– Але навошта? У такі час – якія тут здзекі і гульні?
Макар азірнуўся на возера. Падышоў да пірса.
– Значыць, так. Сёння мы паедзем у горад, як і планавалі. Толькі, Кіра, прашу цябе, паводзься звычайна і натуральна, дакладна гэтак жа, як учора. Пакуль нам не трэба пра гэта нікому казаць: чалавек, што быў тут, хутчэй за ўсё з Каунтвіля, і гэта значыць, яны ведаюць, дзе мы жывём. Яны будуць чакаць, што мы збянтэжымся, магчыма, нават раскажам пра гэтае таямнічае наведванне і будзем спадзявацца як мага хутчэй перабрацца ў горад. Нас спрабуюць адсюль выціснуць: ты ж памятаеш, падрэ Конэлі ўчора настойваў на нашым пераездзе. Лоры таксама ні слова. Набудзем «GoPro», пажадана некалькі штук, каб расставіць іх па ўсім перыметры байдарачнага клуба.
– Можа, нам сапраўды адсюль з’ехаць? – з мальбой спытала Кіра.
– Я сам раскажу ім, дзе мы жывём, няхай ведаюць. Калі яны пачнуць угаворваць нас пераехаць, то адразу дам ім зразумець, што мы супраць. Таксама скажу ім, што я атэіст і мне непрыемная іх рэлігійнасць.
– Гэта вельмі дзёрзка і нядобразычліва.
– Калі ім штосьці не падабаецца, няхай ідуць у дупу.
– А ты не баішся наклікаць на нас ліха? Яны ж могуць не так усё зразумець і нашкодзіць нам.
– Яны проста хочуць здабыць новы рэсурс, а я не збіраюся гуляць у іх гульні. Калі ім неабходная дапамога – калі ласка, мы зробім усё, што ў нашых сілах, аднак не больш за тое. Я не хачу жыць у гэтым горадзе.
– Чаму ты не пытаеш у мяне, чаго хачу я?
Макар гнеўна азірнуўся на жонку.
– Ты праўда думаеш, што цяпер трэба адмяжоўвацца ад людзей? Паслухай, любы, я хачу быць з табой, аднак мне здаецца, што жыць тут цяпер неабачліва і ўжо небяспечна.
Макар паспрабаваў стрымаць свой гнеў.
– Проста тут у нас свой дом. І такі краявід – ты ж заўжды марыла аб гэтым. Давай хаця б паспрабуем…