– Спаць хачу, – пазяхнула Кіра. – Пра сябе магу сказаць, што мяне ўсё задавальняе, і цяпер я спакойная наконт гэтых людзей. Яны не ўяўляюць ніякай пагрозы, і мне здаецца, што ў нас нарэшце ўсё пачало наладжвацца. Гэта, вядома, не Лос-Анджэлес, затое ў нас ёсць дом на беразе возера. І ведаеш яшчэ што: я хачу з табой сэксу.
Макар паглядзеў на жонку.
– Я таксама… – чамусьці сумеўся ён. Хлопец заўжды бянтэжыўся, калі яна так гаварыла, бо звычайна гэтыя словы зляталі з яго вуснаў.
Дабраўшыся да павароту на гравійку, Макар паглядзеў у люстэрка задняга віду, думаючы, што ўбачыць ззаду святло фар. Аднак за імі нікога не было. Зрэшты, ён ужо і не асцерагаўся, што за імі будуць шпіёніць, а калі б і шпіёнілі, што ж – няхай ведаюць, дзе яны спыніліся. Абшчына быццам бяскрыўдная, і ўтойваць ад яе сваё месцазнаходжанне было б занадта нядобрасумленна. Макар вырашыў, што заўтра яны вернуцца ў Каунтвіль і абавязкова раскажуць пра свой прытулак яго жыхарам.
Сужэнцы пакінулі машыну каля дома і ўзышлі на пірс. Праз сваю стомленасць і цемру, якая цяпер усюды панавала, хлопец з дзяўчынай не адразу заўважылі, што пад дзвярыма ляжыць запячатаны канверт. Яны б наогул не прыкмецілі яго да ранку, але заходзячы ў дом, Кіра штурханула яго наском чаравіка, і ліст уляцеў у памяшканне.
Макар запаліў свечкі і ўзяў канверт. Рашуча разадраў яго і дастаў невялікі дыск. На ім была белая налепка, на якой чорным маркерам пазначалася: «№ 1».
– Што б гэта магло значыць? – трывожна прамармытаў сабе пад нос Макар.
– Што там? – спытала Кіра.
– Не ведаю…
Макар пакруціў дыск у руках.
– Хтосьці быў тут без нашага ведама. Наўрад ці гэты хтосьці – з жыхароў Каунтвіля. Бо тады б яны так прагна не распытвалі пра наш прытулак, – пачаў разважаць услых Макар.
– А што, калі яны рабілі гэта для адводу вачэй, каб не выкрыць сваіх намераў? Ці, яшчэ горш, гэта зрабіў хтосьці адзін з абшчыны, утаіўшы гэты факт ад астатніх, – занепакоена сказала Кіра.
– Тады навошта яму раскрываць перад намі ўсе карты?
Хлопец сеў на мяккую канапу, паставіў перад сабой ноўтбук і папрасіў Кіру наліць віскі. Яна разліла алкаголь па кубачках і села побач з мужам. Ён уставіў дыск у дыскавод ноўтбука, батарэя разраджалася. Макар загрузіў відэафайл і ўключыў яго.
Запіс глядзелі з асаблівым неспакоем. Яны бачылі, як хтосьці невядомы здымаў іх з іншага берага возера, бачылі сябе ў аб’ектыве, які непрафесійна падрыгваў, бачылі, як чалавек сноўдаў па іх падворку і спрабаваў адчыніць дзверы, асцярожна тузаючы іх за ручку.
Кіра праглынула сваю порцыю віскі нагбом і наліла яшчэ.
– Чаго яму ад нас трэба? – з жахам спытала яна ў Макара.
– Гэта я абавязкова высветлю. Калі ён трапіцца мне на вочы, я зламлю яму ўсе пальцы… – жаўлакі на сківіцы Макара злосна хадзілі хадуном.
– Цяпер мне сапраўды страшна, – сказала дзяўчына.
– Мяне раздзіраюць цьмяныя сумневы, што гэта робіцца спецыяльна, каб нас адсюль вытурыць. Хтосьці вельмі стараецца, каб мы хутчэй адсюль з’ехалі. Вось толькі навошта?
– Можа, гэта проста псіх, якому мы не падабаемся і які хоча нам нашкодзіць, – Кіра прыткнула кубачак да свайго лба.
Хлопец паглядзеў на жонку.
– Мне тэрмінова трэба знайсці камеру ці «GoPro» – без розніцы, хоць тэлефон, якім можна здымаць. А таксама зноў пагутарыць з Лорай, я ёй давяраю. Толькі неабходна зрабіць гэта далікатна, сказаць, што мы нібы збіраемся весці відэаблог пра час пасля катастрофы.
– Навошта? – зацікаўлена спытала Кіра.
Макар падумаў.
– Мы разлічваем, што калі-небудзь усё вернецца ў першапачатковы стан і нашы здымкі стануць яскравымі архіўнымі сведчаннямі пра трагедыю, якая адбылася на Зямлі. Тым больш што я спрабаваў рабіць нешта такое ў Нью-Ёрку. Мы спадзяваемся, што людзям потым будзе цікавая і карысная тая інфармацыя, якую мы задакументуем.
– Гучыць няблага, але як мы будзем зараджаць камеру?
– Тут нам таксама спатрэбіцца парада Лоры: мажліва, яна вырашыць нашы пытанні ці скажа, што ў нас няма шансу…
– Хаця калі хтосьці тут здымаў і падкінуў нам гэты дыск – значыць, у нас ёсць надзея…
– Надзея ёсць заўжды, пытанне толькі ў сродках.