– Я ведаю, што вы падманваеце, і гэта даволі нядобразычліва з вашага боку, – пачаў ён. – Вы ж бачыце: падрэ прыняў вас як сваіх, даў вам хлеба і вады. Аднак калі вы шпегі і вырашылі выведаць тут абстаноўку, ведайце адно – мая рука не здрыганецца, – Гордан прыўзняў сваю фланелевую кашулю, і сужэнцы ўбачылі рукаятку пісталета.
Макар паставіў талерачку пад ногі.
– Спакойна. Я казаў праўду і пакуль сапраўды не магу адкрыць, дзе мы жывём. Наш дом у лесе, мы знайшлі яго выпадкова, ён быў пустым, дзверы былі адчыненыя. Мы нікога не рабавалі і пасяліліся там толькі часова…
– Ніколі не давяраў рускім – яшчэ з тых часоў, як мы абклалі вас санкцыямі. Кенэдзі трэба было, не думаючы, ціснуць на кнопку, каб сцерці вас з твару зямлі, а ў выніку гэта зрабілі вы. Я не веру, што нейкія малпы з ІДІЛу завезлі да нас бомбу! Ваша салідарнасць з жоўтымі прывяла планету да ўсяго гэтага!
– Мы не рускія, – рэзка абсек яго Макар. Больш за ўсё яго раззлавала менавіта гэтае вызначэнне.
– Якая розніца, палякі доўгі час былі марыянеткамі Крамля.
Да іх падышла Вікторыя.
– Калі Гордан вам дакучае, вы толькі скажыце, – кпліва паглядзела яна на яго.
– Усё добра, – паспрабаваў усміхнуцца ёй Макар. – Я б таксама сумняваўся ў нашай добрапрыстойнасці, таму што ўсе мае тлумачэнні гучалі даволі непераканаўча. Аднак я лічу, што цяпер ва ўсіх нас ёсць агульны клопат – выжыць. Дарэчы, калі вы не супраць, у мяне ёсць колькі пытанняў да вашай настаўніцы Лоры. Так яе, здаецца, завуць?
Вікторыя кіўнула.
Макар паглядзеў на Кіру, і, каб уратавацца ад далейшых размоў, яны адышлі ў іншы канец памяшкання. Сярод усіх жыхароў Каунтвіля, якія прысутнічалі ў спартзале, было не так проста адшукаць настаўніцу па фізіцы Лору Пэцісан. Як аказалася, яна таксама трымалася асобна і размясцілася са сваёй порцыяй на апошнім шэрагу трыбуны. Яе заўважыла Кіра і піхнула Макара ў бок. Сужэнцы павольна падняліся па прыступках.
– Мы вам не перашкодзім? – ветліва спытаў у Лоры Макар.
Тая не чакала, што да яе сёння яшчэ хто-небудзь звернецца: відаць, у горадзе з ёй мала хто размаўляў, гэта было бачна па яе агульнай абмежаванасці. Лора сарамліва стрэсла крошкі з куточкаў сваіх пульхных вуснаў і дазволіла новенькім прысесці побач.
– Вы казалі, што попельныя ападкі небяспечныя, аднак пакуль я не бачыў, каб хтосьці з жыхароў Каунтвіля надзяваў процівагаз. Чаму?
– Першы месяц мы іх надзявалі. Аднак попел трапляў усюды: на вопратку, валасы, у ежу. Ад яго нельга было ўратавацца нават у самых абароненых сховішчах. Гэта як пыл, які разам з паветрам пранікае ва ўсе шчыліны. Ужо пасля, калі попел асеў і мы ачысцілі вуліцы горада, было прынятае рашэнне – канчаткова зняць процівагазы. Я зняла першай і кожны дзень брала ў сябе аналізы. У прынцыпе, попелу тут цяпер няма, аднак яго дробныя часцінкі, што не бачныя няўзброеным вокам, носяцца ў паветры. Пазбавіцца ад іх немагчыма. Яны асядуць, можа, толькі праз дзесяцігоддзі, таму трэба выбіраць: хадзіць у процівагазе, значна сябе абмяжоўваючы, ці вольна дыхаць забруджаным паветрам, разумеючы, што ўсе мы вырачаныя. Я чула, што ваша жонка з Украіны. Вядома, вы чулі пра Чарнобыльскую аварыю. Людзі, якія жылі нават за шмат кіламетраў ад эпіцэнтра выбуху, атрымалі вялікую дозу апраменьвання, і ў вашай крыві дагэтуль ёсць сляды той страшэннай радыяцыі. Аднак нічога – вы жывяце. Вывяржэнне вулкана – гэта катастрофа, наступствы якой у шмат разоў перавышаюць наступствы Чарнобыльскай аварыі, але мы таксама выжылі, а значыць – пакуль яшчэ будзем жыць.
– Тады я не магу зразумець толькі аднаго: чаму аб выбуху не паведамілі загадзя? Сейсмолагі павінны былі мець усе гэтыя жудасныя дадзеныя. Мажліва, людзі паспелі б перасяліцца. Ці гэта ўсё ж быў тэракт? Жанчына з Олбані казала, што гэта справа рук невядомых экстрэмістаў.
– Я лічу, што сейсмолагі ўсё ведалі. Мяркую, пра вывяржэнне было вядома прыкладна за тыдзень. Аднак ім загадалі маўчаць. Проста ніхто не хацеў усеагульнай панікі. Уяўляеце, што б тут было, калі б пра вывяржэнне паведамілі загадзя? Я, вядома, не апраўдваю наш урад, аднак зразумела, што яны вырашылі ахвяраваць мільёнамі дзеля пэўнай стабільнасці ў краіне. Цяпер мяжа перакрытая. Тыя, хто застаўся ў жывых, спрабуюць згуртавацца. У некаторых гарадах гэта атрымліваецца, у некаторых, як у Элізабэттаўне, улада пераходзіць да ваенных, і яны цалкам блакуюць стасункі горада са светам. Мабыць, дзесьці ёсць і гарады, захопленыя бандамі адпетых галаварэзаў. Я атэістка, але вера ва Усявышняга не самае благое выйсце ў нашым выпадку, тым больш што падрэ Конэлі – добры і высакародны чалавек, – Макар заўважыў, што апошнія словы прагучалі няшчыра і быццам завучана. Яму падалося, што Лора думае пра яго зусім іншае, аднак не рашаецца пра гэта казаць староннім людзям.
Макар падзякаваў Лоры за размову і разам з Кірай наблізіўся да аднаго са сталоў.
Людзі падыходзілі да іх і цікавіліся самымі рознымі рэчамі. Распытвалі пра здароўе, дабрабыт і харчовыя запасы. Давалі рэкамендацыі і парады, а таксама запрашалі абавязкова прыязджаць на ўсе вячэрнія малітвы ці наогул перасяліцца ў Каунтвіль.
Для прыліку Макар з Кірай яшчэ трохі пабылі ў школьнай спартзале. Як толькі яны перасталі быць аб’ектам усеагульнай увагі, хлопец падышоў да падрэ Конэлі.
– Вялікі вам дзякуй за цёплы прыём, нам сапраўды ўсё спадабалася. Аднак час вяртацца дадому. Дарога няблізкая, і ехаць уначы не асабліва бяспечна.
– Заставайцеся, а заўтра я адпраўлю з вамі каго-небудзь з нашых, каб дапамагчы пераехаць.
– Дзякуй, але наконт пераезду мы пакуль дакладна не вырашылі. Але абяцаю, што заўтра мы прыедзем на чытанне ў бібліятэку да Вікторыі.
– Тады дамовіліся: заўтра а першай.
Макар павярнуўся да прысутных і гучна пажадаў ім добрай ночы. Позіркі жыхароў Каунтвіля напоўніліся замілаваным бляскам, і яны сардэчна і нібы завучана вымавілі хорам:
– Блаславі вас Божа!!!
У машыне Макар маўчаў, а выехаўшы за горад, урэшце выдыхнуў:
– Нават і не ведаю, што сказаць. Дзіўнае ўражанне… Штосьці мне ў іх спадабалася, а штосьці адштурхнула.
– Зноў ты за сваё… Як на мяне, яны звычайныя рэлігійныя амерыканцы, – Кіра глядзела на дарогу, якая вілася ў святле фар. Цемень ужо грунтоўна завалодала светам.
– У тым і рэч, што яны не падобныя на фанатыкаў, якімі я іх уяўляў. Аднак гэтая абшчына падалася мне штучнай: яны ўсе розныя, ты не заўважыла? І быццам вымушаныя прытрымлівацца поглядаў Конэлі. Толькі адна Лора – як брыдкае качаня, па ёй бачна, што яна спрабуе падладзіцца да гэтай даволі неаднастайнай супольнасці. Падрэ цалкам кантралюе горад. Мэр Фішнэр не мае ніякай улады, хаця яго роля ў справах горада мусіць быць галоўнай. Не ведаю, якім чынам Конэлі навязаў ім сваю рэлігійную пазіцыю, аднак гэта дакладна не ідзе ім на карысць. Да таго ж мы бачылі не ўсіх жыхароў. На ўездзе пазначана, што Каунтвіль налічвае трохі больш за пяць тысяч. А сёння мы бачылі пяцьсот. Дзе астатнія? Дзе паліцыя, шэрыф, уся адміністрацыя, акрамя мэра? Дзе астатняя частка нармальнага грамадства?