Па некаторых шэрагах пракацілася хваля добразычлівых смяшкоў.
– На жаль, нас, як і ўсіх вас, напаткала гэтая сусветная бяда. Прыкладна месяц таму мы пераехалі ў ЗША, каб знайсці тут лепшае жыццё: выйгралі ў Польшчы Green Card і на радасцях вырашылі эміграваць. Як аказалася, у даволі неспрыяльны час. Хаця цяпер ужо і невядома, дзе бяспечней: на радзіме, якую ў хуткім часе таксама закране пагаршэнне клімату, ці тут – у эпіцэнтры катастрофы…
Далей Макар, памятаючы, што ён ужо расказваў бібліятэкарцы Вікторыі, паспрабаваў пераказаць гісторыю іх з Кірай падарожжа так, каб не выклікаць падазронасці і не даць людзям нагоды для плётак. Сярод іншага ён сказаў, што па дарозе да Адзірондака яны абзавяліся зброяй, і схлусіў, што ім даводзілася адстрэльвацца ад шматлікіх бандаў байкераў і нават ратаваць дзяўчыну ад групавога згвалтавання, дадаўшы сабе такім чынам высакароднасці. Прысутныя разам з падрэ ўважліва слухалі Макара, які спрабаваў вымаўляць словы як мага больш выразна. Вядома, яго англійская была не ідэальнай, аднак яму хапала слоўнікавага запасу на тое, каб яго пачулі і зразумелі. Спярша ён думаў, што яго ўсходнеславянскі акцэнт будзе цяжкім для ўспрымання, але выявілася, што за гэты час яны з Кірай крыху асіміляваліся, бо ўжо шмат чулі амерыканскую гаворку. Макар прывык да некаторых асаблівасцей вымаўлення і нават пераняў міміку і жэсты амерыканцаў – такія рэчы даваліся яму добра. У Кіры з гэтым пакуль былі цяжкасці.
Калі Макар скончыў, Конэлі нечакана спытаў у прысутных:
– Якія будуць пытанні да нашых новых прыхаджан?
Апошняе слова балюча ўдарыла Макара ў самае сэрца. Ніякім прыхаджанінам ён рабіцца не збіраўся і ўжо яскрава ўяўляў, як па заканчэнні мерапрыемства яны, улучыўшы момант, з’едуць адсюль назаўсёды – і следу іх тут не застанецца. Шукай ветру ў полі, падрэ!
– Колькі вам гадоў і чаму ў вас яшчэ няма дзяцей? – асуджальна спытала жанчына, якая сядзела праз некалькі шэрагаў за імі.
Макар сумеўся і, паглядзеўшы на разгубленую Кіру, адказаў:
– Мне трыццаць два гады, Кіры – дваццаць дзевяць, дзяцей вырашылі завесці ўжо ў Штатах, калі абжывёмся тут і станем на ногі. А цяпер… Нават не ведаю, што адказаць на гэтае пытанне…
– Дзе вы пасяліліся і як знайшлі гэтае месца? – сур’ёзна запытаў мужчына з чорнымі байкерскімі вусамі.
Пытанне, вядома, заспела іх знянацку. Макар не хацеў выкрываць свой прытулак, таму адказваць трэба было хутка і ўпэўнена, каб не выклікаць падазрэння. Гэтыя добрапрыстойныя амерыканскія абывацелі прыязна прынялі іх у сваю абшчыну і разлічвалі, што ім адплацяць той жа манетай.
– Мы пасяліліся ў першым доме, які знайшлі на павароце ад трасы № 87, калі ехалі сюды з Нью-Ёрка. А да вас у горад трапілі, каб запасціся харчам. У нас пакуль працуе навігатар, аднак яго зарад заканчваецца…
– Няпраўда! – сказаў той жа мужчына. – У першым доме на павароце, калі гэта той дом, аб якім вы гаворыце, жывуць мае знаёмыя, я ўчора заязджаў да іх, і яны па-ранейшаму знаходзяцца там і не бачылі ніякіх незнаёмцаў, што маглі б пасяліцца побач…
Макар пачырванеў. Гэта было фіяска. Ён адпусціў руку Кіры і прыгладзіў потнай рукой валасы.
– Говард, перастань, нашы сябры тут упершыню. Мажліва, яны пасяліліся ў якім-небудзь іншым доме – першым, на іх погляд, ад павароту, – своечасова ўмяшаўся ў спрэчку падрэ і жэстам паказаў мужчыну замоўкнуць.
Макар прыязна і вінавата паглядзеў на Конэлі.
– Твая жонка размаўляе па-польску? Чаму з ёй вы гаворыце па-руску? – нечакана спытала ў іх жанчына, што сядзела побач з Вікторыяй. – Я патлумачу сваё пытанне. У каледжы ў мяне была сяброўка, бацькі якой таксама эмігравалі з Польшчы. Я чула польскую і ведаю, як яна адрозніваецца ад рускай.
Макар хацеў адказаць, але Кіра, крануўшы яго за руку, на ламанай англійскай рашуча прамовіла:
– Я з Украіны. Мой муж мяне вельмі кахае і дзеля добрых стасункаў вывучыў рускую мову.
– Шаноўныя, давайце не будзем ператвараць нашу сустрэчу ў допыт, наперадзе вячэра, і калі каго цікавіць штосьці асабістае, прапаную запытаць пасля. А зараз закончым з гэтым, – зноў умяшаўся падрэ.
Усе падпарадкаваліся, і Макар з Кірай вярнуліся на свае месцы.
Конэлі прачытаў завяршальную малітву, і прыхаджане павольна выйшлі з царквы. Яны доўгім ланцужком накіраваліся да школы, дзе даўно чакалі накрытыя сталы.
Выйшаўшы з царквы, Макар з Кірай узяліся за рукі і моўчкі пасунуліся з астатнімі ў школу. Каб да іх больш ніхто не чапляўся, Макар падышоў бліжэй да падрэ.
– Ну і як вам нашы парадкі? – з цікавасцю запытаў у іх Конэлі.
– Мне вельмі спадабалася, што вы збіраецеся ва ўлонні царквы і вырашаеце значныя і злабадзённыя пытанні, – шчыра адказаў яму Макар. – Цяпер жыхарам горада лепш за ўсё трымацца разам.
– Тады я магу разлічваць, што вы ўступіце ў нашу абшчыну? – усміхнуўся куточкамі вуснаў падрэ.
Макар паглядзеў на Кіру і падміргнуў ёй.
– У нас досыць прывабны і бяспечны прытулак. Але я магу паабяцаць, што часам мы будзем заязджаць да вас у госці і што, калі спатрэбіцца, гатовыя дапамагчы, – сказаў ён, каб аддзячыць Конэлі за такую неверагодную клапатлівасць.
– Людзі цяпер – вельмі каштоўны рэсурс, нам неабходна любая дапамога, – уздыхнуў падрэ, відавочна не задаволены такім адказам.
За сталамі ў школе ежы было небагата – толькі ўсё самае неабходнае. Пластыкавыя кубачкі былі напалову напоўненыя вадой, на аднаразовых талерачках ляжаў тонка нарэзаны хлеб, а побач – зусім дробныя кавалачкі салямі і сыру. Людзі заходзілі ў спартзалу і пачціва бралі адну порцыю. Хтосьці завёў патэфон, і ў вялікім памяшканні лёгкім фонам загучаў прыемны джаз. Макар з Кірай ужо даўно не чулі ніякай музыкі. Яны ўзялі сабе па талерачцы і сціпла адышлі да першага шэрага трыбуны. Да іх адразу ж наблізіўся Гордан.