Як бы Макар ні ставіўся да жыхароў Каунтвіля, у яго пачала нараджацца сімпатыя да гэтай жанчыны. У ёй адчувалася ўжо страчаная многімі нармальнасць звычайнага дасведчанага чалавека, з якім заўжды прыемна пагаварыць. Да таго ж Макар паступова пачаў разумець, што, хоць жыхары горада і былі глыбока рэлігійнымі, яны засяроджаныя на выжыванні і спадзяюцца калі-небудзь аднавіць ранейшае жыццё. Рэлігія аб’яднала іх і зрабіла мацнейшымі.
– Добры выбар, Вікторыя, я таксама зайду паслухаць, – сказаў Конэлі. – А што да харчу, то лічу неабходным заўтра ж выправіць у Нью-Рашу групу падрыхтаваных мужчын. Трэба кроў з носа дамовіцца з тамтэйшым кіраўніцтвам. Мэцьюсан і Рэдбаўн, сфарміруйце каманду! Цяпер у прыярытэце вырашыць праблему з пастаўкай у горад круп і бульбы. Дыстыляванай вады нам хопіць яшчэ надоўга, аднак хутка, нашмат хутчэй, чым мы можам сабе ўявіць, давядзецца ўсталёўваць кантакты з гарадамі на поўначы.
Падрэ Конэлі меў сапраўдны аўтарытэт, яго слухалі і не пярэчылі, таму Макару заставалася толькі адкінуць усе забабоны і з захапленнем назіраць за адладжанай структурай кіравання горадам. Пужала толькі адно: хлопца маглі папрасіць далучыцца да той групы добраахвотнікаў.
– Таксама нас турбуе радыяцыйны ўплыў усіх гэтых ападкаў на атмасферу. Якія ў вас ёсць навіны і, мажліва, пажаданні да далейшага паляпшэння жыцця ў нашай мясцовасці? – спытаў падрэ з усё той жа сур’ёзнасцю сапраўднага кіраўніка абшчыны.
З крайняга левага шэрага паднялася мажная жанчына ў акулярах, цалкам апранутая ў джынс.
– Гэта наша настаўніца па фізіцы Лора Пэцісан. Бог злітаваўся над намі, паслаўшы нам такую спецыялістку, – ціха растлумачыў Макару Говард Фішнэр. – Яе веды цяпер вельмі патрэбныя.
– Асмелюся заўважыць, што на дадзены момант гэта самае непрыемнае і балючае для нас пытанне, – невыразна сказала Лора. Макару давялося добра прыслухацца, каб разабраць гаворку гэтай жанчыны. – Навіны не самыя абнадзейлівыя. У першыя дні катастрофы па ўсіх тэлеканалах нас заклікалі не выходзіць вонкі і перамяшчацца толькі ў процівагазах ці іншых сродках аховы слізістай абалонкі. Потым, калі попел апаў, да нас даляцелі чуткі, што дыхаць паветрам стала бяспечна. Я правяла ў школьнай лабараторыі некалькі аналізаў і высветліла, што ў нашых лёгкіх асела значная колькасць сажы – нават у тых, хто прымаў усе неабходныя меры засцярогі. Мы ўсім кантынентам падхапілі сілікоз[8]. Зусім нядаўна прайшлі кіслотныя дажджы, што таксама дрэнна паўплывала на наш арганізм, і тая доза атруты, якую мы атрымалі, на жаль, назаўжды застанецца з намі. Я нават бяруся сцвярджаць, што зменіцца не адно пакаленне, перш чым народзіцца чалавек без сур’ёзных мутацый. Пакуль вулканічныя выкіды застаюцца ў атмасферы, усе мы будзем хварэць і нішто не зможа нас выратаваць. Хіба што перасяленне на іншы кантынент…
– На жаль, па ўсім свеце дзеецца тое самае, – трагічна прамовіў падрэ. – Елаўстонскі выбух справакаваў вулканічную дзейнасць у Паўднёвай Амерыцы, Еўропе і Азіі…
– Адкуль такія дадзеныя? – шэптам спытаў у мэра Макар.
– Апошнія радыё-паведамленні ўскосна закраналі гэтую тэму, – адказаў яму Фішнэр. – Апакаліпсіс надышоў паўсюдна…
– Магчыма, калі перасяліцца на поўнач, скажам, на востраў Грэнландыя, то паветра там будзе больш прыдатнае, аднак такім, як раней, яно не зробіцца яшчэ шмат гадоў, – заўважыла Лора.
– Аб перасяленні не можа быць і гаворкі, мы павінны заставацца тут і чакаць знака, – фанатычна заявіў падрэ, і Лора, схіліўшы галаву, прысела.
Пасля такіх катэгарычных слоў Джорджа Конэлі да Макара, які ўжо быў гатовы паверыць у шчырую рэлігійную рацыянальнасць жыхароў горада, што рабілі вартыя павагі намаганні выжыць і палепшыць свой побыт, вярнуліся ранейшы смутак і недавер. Спачатку хлопец памкнуўся спытаць у мэра, які такі знак яны чакаюць, але тут жа перадумаў. Цяпер было канчаткова зразумела – глабальная катастрофа цалкам зруйнавала нармальнае ўспрыманне рэчаіснасці ў гэтых людзей, і найлепшае, да чаго яны даўмеліся, – гэта засяродзіцца на рэлігійных догматах і вырашаць надзённыя пытанні падчас сходаў у царкве, хай сабе і на аснове дэмакратычных прынцыпаў.
– Таксама адным з найважнейшых пытанняў застаецца аднаўленне падачы электрычнасці, – працягваў падрэ Конэлі. – Пакуль ні адзін з населеных пунктаў не можа пахваліцца, што гэтая праблема вырашаная. Калі мы з Божай падтрымкаю адновім гэты працэс, наш горад стане галоўным у акрузе каталізатарам станаўлення «новага жыцця». Філіпс, што ты можаш пра гэта сказаць?
За Макарам з Кірай узняўся шчуплы мужычок у цвідавым пінжачку і з вялікімі акулярамі, і сіпатым голасам працадзіў:
– Я рамантую рэпрадуктыўны генератар, аднак пакуль беспаспяхова. У яго слабая магутнасць, але мажліва, калі набыць неабходныя дэталі, я змагу забяспечыць энергіяй адзін з нашых дамоў. Гэта будзе пэўная перамога: такім чынам з часам мы зможам забяспечыць святло па ўсім горадзе.
– Пасля вячэры абавязкова падасі мне падрабязны спіс усіх неабходных рэчаў, – кіўнуў яму Конэлі. – І апошняе. Дакладна сцвярджаць не бяруся, аднак, хутчэй за ўсё, нам усім неўзабаве давядзецца перасесці на коней – паліва заканчваецца. Трэба задумацца аб пошуках добрай скаціны.
– Спадзяюся, аб гэтым якраз і пойдзе гаворка ў Нью-Рашы, там ёсць вялікая ферма, – зноў прыўзняўшыся з месца, сказаў Мэцьюсан.
– Паспрабуйце заўтра задобрыць кіраўніцтва горада. Калі яны выдзяляць нам колькі галоў жывёлы, дайце ім усё, што яны запатрабуюць.
– Хутчэй за ўсё, гэта будзе зброя, – прыгнечана азваўся Мэцьюсан.
– Тады не больш, чым адна адзінка за каня, – рашуча прамовіў Конэлі.
На хвіліну ў царкве павісла маўчанне. Чулася, як хтосьці перашэптваўся ў далёкім куце, хтосьці чмыхаў і цяжка ўздыхаў. Конэлі пяшчотна загарнуў Біблію і паклаў яе на край трыбуны. Потым з прыязнай усмешкай паглядзеў у бок Макара і Кіры і святочна сказаў:
– А цяпер давайце пазнаёмімся з нашым братам Макарам і яго прыгожай жонкай Кірай. Няхай яны трохі раскажуць нам пра сябе. Калі ласка, не саромейцеся, падымайцеся да мяне!
Макар адмоўна заматляў галавой – маўляў, не звяртайце на нас увагі, – але мэр Фішнэр падбадзёрыў яго рэзкім штуршком локця ў бок. Кіра, азірнуўшыся, ціха сказала мужу на вуха:
– Пайшлі, будзе кепска, калі мы адмовімся. Праўда, я не ведаю, што ім казаць…
Макар паглядзеў па баках, быццам чакаючы падтрымкі, і зразумеўшы, што на гэты раз ім не адкруціцца, ціха адказаў:
– Добра, я што-небудзь прыдумаю.
Яны сціпла ўзышлі да трыбуны, і Джордж Конэлі саступіў ім месца, стаўшы непадалёк.
Макар акінуў царкву нерашучым позіркам. Прыхаджане сядзелі моўчкі і запытальна паглядалі на маладую пару. Каб надаць свайму голасу моцы і рашучасці, Макар узяў Кіру за руку.
– Добры вечар, шаноўныя жыхары Каунтвіля! – прамовіў ён. – Як вам ужо сказалі, мы Макар і Кіра.
[8] Сілікоз – найбольш распаўсюджаны і цяжка працякаючы від захворвання лёгкіх, абумоўлены ўдыханнем пылу.