– Дарэчы, а дзе вы пасяліліся? – спытаў мэр, і ў гэты час з капліцы пачуўся бой гадзінніка.
– Пройдзем унутр, – азірнуўшыся на капліцу, сказаў Джордж Конэлі.
Яны зайшлі ў драўляную царкву, якая аказалася даволі ўмяшчальнай. Мінуўшы бабінец пад спічаком капліцы, увайшлі ў прамавугольны неф. Там было светла, а белыя атынкаваныя сцены быццам былі пранізаныя сапраўднай духоўнасцю і ласкай. Са столі амаль да сярэдзіны залы звісалі гатычныя люстры з белымі лампадамі, а на карычневых лавах, што цягнуліся праз усё памяшканне, ужо сядзелі людзі. Царква была запоўненая пад завязку, і, здавалася, нідзе не засталося ніводнага вольнага месца.
Пастар з мэрам правялі сужэнцаў наперад і ўсадзілі на першай лаве насупраць невялікага ўзвышэння-сцэны, сцяну за якой аздабляў драўляны крыж. Мэр сеў побач з Макарам, а пастар узышоў да трыбуны.
– Браты і сёстры нашага слаўнага горада Каунтвіля, – пачаў гучным тэмбрам Джордж Конэлі. – У гэты складаны час да нас далучыліся нашы новыя брат і сястра Макар і Кіра. Яны прыехалі здалёку, і цяпер я хачу спытаць усіх вас: што нам неабходна зрабіць, каб зноў прымірыцца з Богам нашым Айцом дзякуючы ахвяры Ісуса Хрыста?!
– Пакаяцца! – разам адказалі прыхаджане, і царкву напоўніла рэха, узняўшыся ўвысь і завісшы дзесьці пад самымі грувасткімі бэлькамі нефа.
Мэр Говард Фішнэр перадаў Макару з Кірай дзве паперчыны, на якіх былі напісаныя словы малітвы.
– Дарагі мой Творца і Стваральнік! Я прыходжу да цябе ў імя Ісуса Хрыста! – прамовіў пастар Конэлі, і ўсе без выключэння паўтарылі за ім гэтыя радкі. Кіра таксама прашаптала малітву, а Макар, сціснуўшы зубы, прачытаў толькі апошнія два словы.
– Дзякую Табе за тое, што Ты прымаеш мяне такім, якім я ёсць!
Гэтым разам Макар прачытаў напісанае разам з астатнімі.
– Я веру, што Хрыстос памёр на крыжы, каб загладзіць мае грахі і ўваскрэснуць з мёртвых дзеля майго выратавання!
Кіра трохі асмялела, і яе голас гучаў гэтак жа ўпэўнена, як галасы астатніх прыхаджан.
– Прашу цябе, мой Божа, даруй мне і ачысці ад усялякага граху! – настойліва працягваў пастар. Макару давялося адступіцца ад сваіх прынцыпаў, і ён паўтараў малітву разам з усімі.
– З верай прымаю каштоўны дар літасці і вечнага жыцця, запрашаю Ісуса Хрыста ў маё сэрца і вызнаю Яго сваім Госпадам і Выратавальнікам! – Конэлі акінуў усіх вернікаў урачыстым позіркам і, счакаўшы, пакуль яны паўтораць за ім, узняў рукі ўгару і завяршыў: – Дзякуй Табе, мой Божа, што праз веру ў Ісуса Хрыста цяпер я – твой сын!
Калі з малітвай было скончана, Макару не цярпелася выйсці вонкі, каб дыхнуць паветра, аднак гэта, відаць, быў толькі пачатак.
«Трымай сябе ў руках і не падавай выгляду», – паўтараў ён самому сабе. Калі Кіра паклала руку на яго калена, якое нервова дрыжала, Макар з жахам зразумеў, што ледзь не выкрыў сваё хваляванне і агіду да ўсяго, што дзеялася ў гэтых сценах.
– Ну, а цяпер да асноўнага! Нас усіх цікавіць пытанне аб харчаванні, – перайшоўшы на больш зямны тон, сказаў пастар Конэлі, і Макар адразу зразумеў, што ён у горадзе галоўны. – Мэцьюсан, калі ласка!
Макар азірнуўся і заўважыў, як з лавы ў сярэдзіне залы прыўзняўся мажны, гладка паголены мужчына гадоў сарака ў кашулі лесаруба. Гаварыў ён даволі лагодным і ціхім голасам.
– Мы з хлопцамі так і не змаглі наладзіць стасункі з кіраўніцтвам Элізабэттаўна. Учора ля той турэмнай цытадэлі д’ябла яны наогул адмовіліся з намі размаўляць.
– У Элізабэттаўне, цэнтры нашай акругі Эсекс, уся ўлада перайшла да шэрыфа Джыма Рутэра, – растлумачыў Макару мэр Фішнэр. – Калі катаклізмы трохі суняліся, ён стварыў у гарадской турме нешта накшталт ваенізаванай супольнасці. Паліцэйскае кіраўніцтва перайшло на яго бок, яны выпусцілі ўсіх зняволеных, і цяпер тыя бадзяюцца па нашай акрузе. У найбліжэйшым адсюль горадзе Каунткенце банда з пяцярых рэцыдывістаў напала на мясцовую мэрыю і забіла майго сваяка Стыва Донэла. Там цяпер безуладдзе. Кажуць, што яны накіруюцца ў наш бок.
– Неабходна тэрмінова ўзмацніць ахову горада, – сур’ёзна зазначыў Конэлі.
– Так, я ўжо выставіў патрулі па ўсім перыметры, – адказаў Мэцьюсан.
– Вероніка, што ў нас чуваць з медыкаментамі?
Побач з Кірай узнялася невысокая каржакаватая жанчына.
– З гэтым справы ідуць крыху лепш, чым з харчам, аднак у нас па-ранейшаму не хапае некаторых самых неабходных пазіцый.
– Падасі мне потым падрабязны спіс. Колькі цяпер у горадзе хворых?
– Мы часова прыпынілі заняткі ў школе праз адзёр і ўвялі каранцін. Дзесяць хворых дзяцей – сем дзяўчынак і тры хлопчыкі – размешчаныя ў гатэлі, каб вірус не распаўсюджваўся. Там жа ляжыць стары Гордан, які надоечы зламаў нагу, і Саманта, якая атруцілася кансервамі. Яшчэ чацвёра паступілі сёння са скаргамі на кепскае самаадчуванне.
– Напішаш мне іх імёны. А наконт каранціну… – прамовіў Конэлі. – Мяркую, здаровых дзяцей трэба чымсьці заняць. Можна размясціць іх у бібліятэцы і праводзіць чытанні. Вікторыя, што скажаш?
З апошніх шэрагаў прыпаднялася ўжо знаёмая Макару і Кіры жанчына з капой рудых валасоў.
– Пачытаю ім Стэйнбека «Пра мышэй і людзей». Класіка, якая бессмяротная, – голасна адказала Вікторыя.