– У цяперашніх абставінах дзеля бяспекі гаварыць можна ўсё што хочаш. Ты ж сама разумееш, я казаў гэта вымушана, каб ад нас адчапіліся. Цяпер жа мяне турбуе іншае – калі мы не прыедзем, яны абавязкова захочуць знайсці, дзе мы спыніліся, і тады…
– Я паеду адна, скажу, што ты захварэў і не змог да мяне далучыцца.
– Гэта выключана, адну цябе я не адпушчу!
Кіра цяжка ўздыхнула. Макар доўга думаў і ўрэшце адказаў:
– Д’ябал. Выходзіць, што нам усё ж прыйдзецца ехаць, каб не выкрыць свой прытулак.
– А ты не думаў, што тут паблізу могуць пражываць знаёмыя каго-небудзь з Каунтвіля?
– Слушная заўвага. Аднак мы паведамілі Вікторыі, што пасяліліся непадалёк ад павароту з трасы № 87. Трэба паглядзець па навігатары, якія дамы ёсць там у лесе.
– Нейкія надта складаныя махінацыі.
Макар яе ўжо не слухаў і толькі сказаў:
– Паедзем туды ў апошні раз. Пакажамся ім на вочы і будзем шукаць побач іншыя гарады. Няхай выдаткуем больш паліва, аднак у Каунтвіль я больш ні нагой…
Камера здымае з супрацьлеглага боку возера Лоўэр-Осэйбл. У аб’ектыве водная роўнядзь. Рабізны зусім няма, таму здаецца, што каламутная вадкасць згубіла сваю першапачатковую натуральнасць.
Аб’ектыў павольна праходзіць уздоўж возера і скіроўваецца на падворак байдарачнага клуба «Галава індзейца». На беразе выразна бачны белы дом, пірс і элінг. Карцінка набліжаецца – цяпер у кадры ўваходныя дзверы дома. Некаторы час яны ў цэнтры ўвагі. Потым дзверы адчыняюцца, і аб’ектыў рэзка аддаляецца.
У полі зроку з’яўляецца Макар. Твар яго сур’ёзны. У руках ён трымае бейсбольную біту. Макар хутка спускаецца па прыступках з мансарды і рашуча накіроўваецца ў бок паветкі. На пэўны час яго постаць знікае з камеры.
Аб’ектыў зноў факусуецца на дзвярах. Адтуль паказваецца Кіра. У руках яна трымае торбу. Твар яе лагодны. Бачна, што яна трохі падмалявала вочы і вусны. Аб’ектыў затрымліваецца на яе фігуры: спярша карцінка максімальна павялічваецца, выразна дэманструецца твар дзяўчыны, потым фіксуецца яе гнуткае цела. Кіра апранутая ў цёмна-зялёную парку і чорныя джынсы ў абцяжку. На галаве – шэрая вязаная шапка, на нагах – высокія чорныя чаравікі. Яна падыходзіць да пірса і доўга ўзіраецца ў возера. Камера вяртаецца на сваю першапачатковую пазіцыю, і цяпер у аб’ектыве зноў увесь байдарачны клуб.
Праз імгненне каля дома з’яўляецца «джып». Макар на хуткасці пад’язджае да самага ганка і выходзіць з машыны. Дапамагае Кіры паставіць у багажнік торбу. Некаторы час яны штосьці абмяркоўваюць. Кіра запальвае цыгарэту, і яны сядаюць у «джып». Рухавік заводзіцца, машына спрытна разварочваецца і накіроўваецца па гравійцы ўглыб лесу.
Зум камеры настроены на максімальную адлегласць, каб быў добра бачны ўвесь падворак байдарачнага клуба і роўнядзь каламутнага возера.
Аб’ектыў накіраваны ў дол. Часткова бачныя ногі незнаёмага чалавека. Хутчэй за ўсё, гэта ногі мужчыны. Раз-пораз у кадр трапляюць насы грубых карычневых ботаў на шнуроўцы. Пад нагамі – лясная сцежка. Чуваць цяжкую хаду і хруст пяску. Чалавек ідзе павольна, рашуча і мэтанакіравана.
Наступныя кадры ўжо робяцца паблізу ад байдарачнага клуба. Мужчынская рука ў чорнай пальчатцы адчыняе брамку і заходзіць на падворак. Камера здымае месца з таго ракурсу, адкуль сюды ўпершыню завіталі Макар з Кірай. Аб’ектыў спыняецца на элінгу. Чалавек падыходзіць бліжэй і здымае акуратна складзеныя ў шэрагі лодкі. На падворку парадак: бачна, што новыя жыхары папрацавалі.
На драўлянай мансардзе грукаюць цяжкія боты – і вось незнаёмец на пірсе. Кадр павольна захоплівае ўжо вядомыя мясціны: шырокае возера і адзінокую лодку, якая павольна гайдаецца на роўнядзі побач з пірсам.
Чалавек накіроўваецца да дома і бярэцца за ручку дзвярэй. Зачынена. Ён падыходзіць да акна і, наблізіўшы карцінку, спрабуе зняць на камеру тое, што ўнутры. У кадры з’яўляецца вялікі пакой. Мужчына павялічвае карцінку да максімуму і наводзіць камеру на ложак, потым на камін, кухню і канапу, якая стаіць пасярэдзіне.
Зняўшы ўвесь інтэр’ер, камера аддаляецца і некаторы час трасецца; чуваць, як чалавек штосьці шукае ў кішэні. Праз імгненне ў кадры з’яўляецца яго далонь з чорным маркерам. Ён адшпурляе каўпачок і малюе на акне тоўсты крыж.
На гэтым здымкі абрываюцца.
Макар з Кірай прыехалі ў Каунтвіль, калі ўжо змяркалася, хаця паводле ранейшых падлікаў дзень мусіў быць у разгары. Ля прыходскай царквы сабралася шмат народу, аднак большасць, відаць, ужо размясцілася ўнутры, заняўшы найлепшыя месцы.
На ўваходзе іх сустрэў падрэ Джордж Конэлі з усё той жа шчырай усмешкай. Павітаўся. Побач стаяў мажны лысы мужчына з тоўстымі вуснамі.
– Знаёмцеся, гэта мэр нашага сціплага гарадка – Говард Фішнэр, – сказаў Конэлі.
– Вельмі рады бачыць вас у Каунтвілі! Спадзяюся, вам у нас спадабаецца і вы будзеце прыязджаць сюды часцей, – прагугнявіў мэр.
– А я спадзяюся, што нашы госці наогул пераселяцца ў наш горад, – дадаў Конэлі. – У нас ёсць колькі вольных дамоў, на першы час можна размясціцца і ў гатэлі, нумароў там цяпер хоць адбаўляй. Вядома, калі паважаны мэр вырашыць гэтае далікатнае пытанне, – звярнуўся да Говарда Фішнэра пастар Конэлі.
– Безумоўна.
Макар ледзь бачна скрывіўся. Яму заўжды было непрыемна, калі хтосьці чужы вось так нахабна, з прыхаванай уладнасцю асмельваецца прапаноўваць яму план яго далейшых дзеянняў. Хлопец лічыў, што такое дазволена толькі сваякам, якія любяць распытваць маладых пра справы і фантазіраваць пра іх ідэальнае жыццё. Хоць нават сваякам варта не пераходзіць пэўныя межы.
– Вялікі дзякуй за прапанову, аднак мы вырашылі перажыць гэты час бліжэй да прыроды і далей ад вялікіх згуртаванняў людзей, – паспрабаваў як мага лагодней адказаць Макар. Здаецца, у яго атрымалася.