Уехаўшы ў горад, Макар вырашыў не зніжаць хуткасць, каб абмінуць гэтае месца. На вуліцах па-ранейшаму было пуста, аднак пад’язджаючы да царквы на перакрыжаванні дарог, ён прытармазіў. У цэнтры горада сышліся жыхары Каунтвіля. Людзей было не так і шмат, дакладна не пяць тысяч, а каля пяцісот чалавек, аднак натоўп перакрыў ім дарогу.
– Трэба выйсці і павітацца, – сказала Кіра. – Паспрабуй не паказваць сваю незадаволенасць, здаецца, яны настроеныя вельмі добразычліва.
– Гэтага я асцерагаўся больш за ўсё, – сказаў ёй Макар і выключыў запальванне.
Як толькі яны выйшлі з машыны, з натоўпу адразу выступіла ўжо знаёмая ім Вікторыя, а разам з ёй і настаяцель царквы – высокі мужчына ў чорнай рызе. Яны рашуча падышлі да новапрыбылых. Мужчына быў моцны, з чорнымі, колеру гругановага крыла, валасамі і вялікімі сінімі вачыма. Рысы яго твару здаваліся прыемнымі, і ён быў не падобны на звычайнага святога айца.
– Гэта нашы новыя суседзі Макар і Кіра! – святочна абвясціла ўсім Вікторыя. – Сардэчна запрашаем у наш слаўны горад!
Макар заўважыў, як пастар паглядзеў на Кіру, і насцярожыўся: у гэтым позірку было штосьці ад той цікавасці, з якой мужчына ацэньвае прывабную жанчыну. Хлопец паспрабаваў даць рады сваім эмоцыям, моцна сціснуўшы сківіцы.
– Мяне завуць Джордж Конэлі, – урэшце звярнуўся да гасцей пастар і працягнуў ім рукі.
Хлопец з дзяўчынай узялі яго цёплыя і мяккія далоні ў свае, і пастар правёў іх у цэнтр натоўпу. Людзі з бледнымі тварамі, якія сабраліся тут цэлымі сем’ямі, саступалі ім месца, аднак тут жа атачалі прыхадняў сцяной. У іх адчувалася сапраўдная сіла. Магчыма, гэта быў новы віток у развіцці грамадства, няхай і не такі, на які разлічваў Макар. Аднак гэтае грамадства не звар’яцела, не паддалося спакусе ўсёдазволенасці і не апусцілася да гвалту. Сярод мясцовых не было ні вайскоўцаў, ні паліцэйскіх, ні проста людзей са зброяй. Так, усе тут былі глыбока рэлігійнымі асобамі, аднак у іх вачах не чыталася той фанатычнай агрэсіі, што ўласцівая буйным згуртаванням людзей, якія прытрымліваюцца адных поглядаў. Вочы іх былі светлымі і перапоўненымі ласкай.
– Заўтра вечарам у нашай царкве адбудзецца традыцыйная малітоўная вячэра. Мы будзем радыя вас бачыць, – сказаў Джордж. – У такія трагічныя часіны ваша з’яўленне ў нашым горадзе сведчыць толькі аб адным – усе прароцтвы спраўджваюцца.
Пасля гэтых слоў людзі ў натоўпе пачалі хрысціцца і шаптаць малітвы. Макар ужо быў гатовы паверыць у іх бяскрыўдную пабожнасць, аднак рабалепства перад падрэ і словы аб якімсьці прароцтве адразу адвярнулі яго ад гэтых людзей. Яму хацелася кінуцца наўцёкі. Ён узяў Кіру за руку і, калі натоўп памаліўся, як мага лагодней сказаў Джорджу:
– Мы прымаем ваша запрашэнне з вялікай павагай і абавязкова прыедзем на вячэру. Але зараз, выбачайце, нам трэба ехаць, мы стаміліся і хочам дабрацца дамоў завідна.
– Вядома, я ўсё разумею, – са штучнай, як падалося хлопцу, прыязнасцю сказаў Джордж. У яго позірку чыталася ўладарнасць, адчувалася, што ён спрабуе іх загіпнатызаваць. Аднак на Макара такія маніпуляцыі не дзейнічалі. Ён цалкам разумеў, што выжыванне ў гэтым свеце залежыць толькі ад яго і што ён нясе адказнасць за сябе і за Кіру. І таму будзе біцца да апошняга, нават калі дарогу яму перагародзяць людзі са зброяй.
– Мы вельмі спадзяваемся, што вы прыедзеце да нас. Не забудзьце – заўтра а восьмай вечара! Пазнаёмімся бліжэй. Вы пабачыце, што мы добры народ. А цяпер не будзем вас затрымліваць! – нечакана для Макара сказаў пастар Конэлі.
Хлопец чамусьці думаў, што іх пачнуць угаворваць застацца, захочуць паказаць славутасці горада ці, яшчэ горш, завесці ў царкву на споведзь.
Сужэнцы сардэчна развіталіся з маўклівым натоўпам і селі ў машыну. Калі Макар завёў рухавік, гараджане марудна расступіліся, і хлопец з дзяўчынай зноў паехалі па вольнай вуліцы.
Як толькі ў люстэрку задняга віду горад знік за густымі шатамі дрэў, Макар сказаў:
– Сачы за дарогай. Калі за намі будзе хвост – скажаш!
– Мне здаецца, ты здурнеў! З нашага боку было не вельмі прыгожа так хутка з’язджаць. Яны выйшлі з намі павітацца і пазнаёміцца, а мы збеглі ад іх, як якія-небудзь пустэльнікі. Ведаеш, цяпер, у такіх абставінах, я не хачу адмяжоўвацца ад людзей…
– Я таксама. Аднак ты не заўважыла ў іх ніякай фальшы?
– Не. Звычайныя амерыканцы. Трохі рэлігійныя, улічваючы ўсе трагічныя абставіны на кантыненце…
Макар павялічыў хуткасць і не скідваў яе да самага павароту ля рачулкі Іст-Бранч. Хваста яны не заўважылі. Хлопец пачаў ужо думаць, што гэта паранойя. Сённяшняя паездка выматала яго, здавалася, яшчэ больш, чым усё падарожжа з Нью-Ёрка да Адзірондака. Занадта шмат людзей і занадта шмат увагі да іх сціплых персон.
Яны занеслі ў дом прадукты. Макар паставіў «джып» у паветку, працёр машыну вільготнай анучкай, папярэдне намачыўшы яе вадкасцю ад карозіі, якую набыў на запраўцы ў Джэка, зайшоў у дом і зачыніў дзверы на замок.
Некаторы час Макар углядаўся ў акно. Яго не пакідала адчуванне, што за імі назіраюць і што на падворку ці дзесьці паблізу шлындае засланы шпег. Хутка сцямнела, і над возерам ужо нічога нельга было разгледзець.
Кіра зрабіла мужу моцны кактэйль, каб ён трохі супакоіўся. Яна разумела, што пасля столькіх дзён адзіноты ў невядомай краіне ва ўмовах апакаліпсісу такое скопішча людзей і празмерная ўвага да іх асоб выбіла глебу з-пад яго ног. Хаця ў цэлым амерыканцы ж даволі гасцінны народ. Кіра добра ведала Макара – напэўна, лепш, чым ён ведаў сам сябе, – і разумела, што сапсаваць яму настрой магла нават драбяза. У такім выпадку ён яшчэ доўгі час будзе насіць у сабе гэты цяжар.
Кактэйль супакоіў хлопца, і сужэнцы ляглі спаць.
Раніцай Макар зрабіў некалькі нязначных спраў па гаспадарцы. Кіра памыла вокны. На парэнчах выступіла іржа: карозія грызла ўжо многія будаўнічыя канструкцыі.
Калі дзень пераваліў за сярэдзіну, яны ўсё яшчэ спрачаліся, ці ехаць у Каунтвіль: Макар настойваў, што трэба плюнуць на ўсё і працягваць жыць адасоблена.
– Але мне не падабаецца тваё імкненне адасобіцца. Я лічу, што ў такія часы неабходна трымацца побач з людзьмі. Тым больш што ў нас будзе магчымасць даведацца пра іх побыт. Можа, выявіцца, што яны даволі добрая і згуртаваная абшчына, і ты будзеш шкадаваць, што не ўступіў з імі ў кантакт раней, – сказала Кіра.
– У тым і рэч: мы яшчэ нічога не ведаем пра гэтую абшчыну, а я ўжо бачу, наколькі яны рэлігійныя, і мне ўсё зразумела. Гісторыя даўно даказала, што ніякая рэлігія не прадухіліць прыродныя катаклізмы. Замест таго каб засяродзіцца на даследаваннях прычын гэтай навалы і на выжыванні ў новым свеце, яны выбралі самае простае выйсце – не заўважаць гэтую трагедыю, схаваўшыся ў кокане рэлігіі, якая павінна адказаць на ўсе пытанні. Гэта як заплюшчыць вочы, уявіць зялёнае поле, сіняе неба і сказаць сабе, што ўсюды адзін падман, а насамрэч існуе толькі тое, што ўнутры душы…
– У любым выпадку з нашага боку будзе нядобразычліва праігнараваць іх запрашэнне. Ты ж сам сказаў падрэ, што мы абавязкова вернемся. Ці ты хочаш здацца ім траплом?