– Ты чула яе? – адразу спытаў Макар, сеўшы за стырно. – Яны тут усе звар’яцелі на рэлігіі, не хапала нам яшчэ па-суседстве цемрашалаў!
– А мне яна падалася прыемнай жанчынай. Трэба ж людзям у штосьці верыць, калі вакол такое…
– Чаму менавіта ў гэтым горадзе? Чаму не ў іншым? Цяпер давядзецца шукаць горад з нармальнымі жыхарамі.
– Ты занадта перабольшваеш, любы…
Яны паехалі проста, як і казала Вікторыя. Праз колькі кіламетраў, ужо за межамі Каунтвіля, яны ўбачылі пошту, а пераехаўшы цераз жалезны мост, урэшце трапілі на запраўку «Shell», дзе быў міні-маркет – найбліжэйшы, паводле Вікторыі, харчовы «стор». На буйныя закупкі жыхары горада звычайна ездзілі ў акруговы цэнтр Эсекса Элізабэттаўн, які знаходзіўся ў пяцідзесяці кіламетрах адсюль, а сняданкі і абеды падаваліся ў мясцовых забягалаўках.
Макар вырашыў запасціся ежай настолькі грунтоўна, наколькі гэта будзе магчыма, каб яшчэ доўга не паказваць нос у ваколіцах Каунтвіля. У горшым выпадку давядзецца зматацца ў Элізабэттаўн: мажліва, у буйнейшым горадзе людзі будуць пад меншым уплывам рэлігіі. Аднак падумаўшы, колькі давядзецца выкарыстаць паліва, хлопец толькі плюнуў сабе пад ногі.
Яны падышлі да крамы. На дзвярах вісела шыльда з надпісам «націснуць на званок», сам званок быў побач. Макар пазваніў. Праз хвіліну за шклянымі дзвярыма паказаўся заспаны нізкарослы і пажылы афраамерыканец, у яго руках быў пісталет. Хлопец павітаўся, сказаў, што дарогу сюды ім паказала Вікторыя з Каунтвіля, і выцягнуў з кашалька грошы, каб засведчыць, што яны з добрымі намерамі – збіраюцца набыць прадукты. Прадавец здзіўлена паглядзеў на іх і, трохі счакаўшы, пусціў у краму.
– Мяркую, грошы ўжо абясцэніліся, – прайшоўшы за касу, сказаў ён. – Але я на ўсялякі выпадак бяру ўсё, што даюць. Жыхары Каунтвіля апошнім часам расплачваюцца мёдам і віскі ўласнай вытворчасці.
Макар зразумеў, што перад ім – звычайны адзінокі чалавек без лішніх забабонаў.
– А я чамусьці падумаў, што вы таксама з гэтых, – усміхнуўся ён і працягнуў руку. – Мяне завуць Макар.
– Джэк, – працягнуўшы сваю, сказаў стары. – Мажліва, да выбуху я і верыў у Бога, аднак цяпер разлічваю толькі на сябе. У Каунтвілі заўжды жылі богабаязныя людзі, так што іх рэлігійнасць – не адкрыццё. Вы адкуль?
Макар адправіў Кіру да прылаўкаў, а сам хутка расказаў скарочаную гісторыю іх прыгод. Джэк слухаў з удаванай ветлівасцю і хутка страціў да суразмоўцы цікавасць. Было бачна, што цяпер яму ні да чога ў свеце няма справы і ён проста хоча дажыць свой век, пацягваючы вечарамі піва, якое хутка скончыцца.
– А вы не баіцеся заставацца тут адны? Што, калі нападуць марадзёры?
Джэк паглядзеў на яго з усмешкай і падняў пісталет.
– У мяне ёсць 165-міліметровы «Сміт-Весан» сорак чацвёртага калібру. Няхай пацалуюць мяне ў мой чорны азадак. Да таго ж цяпер варта асцерагацца не людзей, а таго, што падае з неба. Вы бачылі, што яно робіць з жалезам?
Макар толькі потым, на выхадзе, заўважыў, што ўся запраўка пакрылася тонкім слоем іржы. Ён вызірнуў у акно і запытаў:
– А ці няма ў вас зброі на продаж?
– З гэтым тут наогул бяда, – падазрона адказаў Джэк і хутка перамяніў тэму: – Так што раю вам паспяшацца. Запасы заканчваюцца, ды і тыя не кашэрныя, хутка тут нічога не застанецца.
Макар падзякаваў яму і падышоў да Кіры. Тая паклала ўжо ў кошык некалькі пачкаў аўсяных шматкоў і бабовыя кансервы. Асартымент крамы і сапраўды быў абмежаваны. Макар знайшоў трохі вэнджанага мяса. Сужэнцы набралі шмат ежы хуткага прыгатавання, узялі два галоны дыстыляванай вады, чыпсы і прысмакі.
– Давядзецца зменшыць свой рацыён і эканоміць, – з горыччу сказаў ён жонцы.
– Я дык змагу, а вось табе з тваёй пражэрлівасцю будзе кепска, – пажартавала Кіра.
Расплачваючыся з Джэкам, Макар працягнуў яму картку Філіпа.
– Не, паважаны, тэрмінал ужо даўно не працуе. Спачатку быў якісьці збой, а потым навярнулася і ўся электрычнасць, таму прымаю толькі зялёныя.
Макар заплаціў грашыма з запасаў у Кірыным кашальку і пацікавіўся:
– А вы не падкажаце, якія тут яшчэ гарады паблізу?
– Калі праехаць наперад міль дваццаць, будзе Каунткент, аднак запраўкі з крамай там няма, – хітра адзначыў Джэк. – Усё найлепшае толькі тут.
– Не асабліва і шмат для апакаліпсісу, – усміхнуўся яму Макар.
Яны дазаправілі бак і набралі бензіну ў дзве парожнія каністры.
– Хутка і гэтая раскоша скончыцца, – развітваючыся з імі, сказаў Джэк. – Самы час шукаць добрага каня і думаць, як яго пракарміць. А яшчэ як засеяць палі: зямля атручаная, неабходна вынайсці спосаб ачысціць яе ад хімічных ападкаў. Карацей, цяжкая будзе зіма, – з веданнем справы прамовіў ён.
Вярнуўшыся ў машыну, Макар пашкадаваў, што не ўзяў навігатар. Яму зусім не хацелася ехаць назад той самай дарогай. Магчыма, ёсць і іншая, якая, мінуўшы Каунтвіль па дузе, вывела б іх да возера. Аднак каб не заблудзіцца, давялося ехаць у тым жа кірунку. Неба пачало афарбоўвацца ў змрочныя тоны. Трэба было спяшацца.