Макар адразу і не прыкмеціў невысокую жанчыну сярэдніх гадоў, якая палівала з пульверызатара самотную піхту, што расла пад самым акном бібліятэкі.
Яны вырашылі выйсці разам. Невядома, якой рэакцыі можна чакаць ад незнаёмкі, калі перад ёй з’явіцца адзін Макар.
– Добры дзень! – павіталася з той Кіра.
Жанчына павольна азірнулася, і на яе твары з’явілася прыязная ўсмешка. Здавалася, яна нікога і нічога не асцерагалася, быццам у свеце не было ніякіх катаклізмаў, быццам Макар і Кіра трапілі ў звычайны правінцыйны гарадок на ўскраіне штата.
– Хвала Усявышняму, што дорыць нам гэты новы дзень! – узняла яна рукі да неба і на імгненне затрымала там позірк.
Хлопец непрыемна сцепануўся.
– Мы праязджалі непадалёк, вырашылі заехаць, пазнаёміцца з жыхарамі, – сказала Кіра.
– Іншых гарадоў тут паблізу няма, – адразу адзначыла жанчына.
Гэта была прывабная лэдзі гадоў сарака з натуральнымі рудымі валасамі, якія ўпрыгожвала белая хустка, павязаная на манер рокабілі. На ёй быў просты світар кававага колеру і джынсы клёш.
– Мы шукаем краму, каб трохі запасціся ежай, самі ведаеце, які цяпер час… У вас у горадзе ёсць якія-небудзь харчовыя крамы? Пакуль мы сустрэлі толькі мясцовыя забягалаўкі і сувенірныя крамкі.
– Заходзьце да мяне, я пачастую вас гарбатай і ўсё раскажу.
Макар паглядзеў на Кіру, і тая кіўнула.
– Мяне завуць Вікторыя, – падыходзячы да дзвярэй, сказала жанчына.
– Вельмі прыемна, Вікторыя! Я – Кіра, а гэта мой муж Макар.
– Вы адкуль самі? Чую па акцэнце, што з Еўропы.
– Мы з Польшчы, – рэзка ўмяшаўся ў гутарку Макар, каб Кіра выпадкова не ляпнула чаго іншага, забыўшы пра іх дамоўленасць. – Я – паляк, а Кіра з Украіны.
Бібліятэка складалася з двух вялікіх пакояў. Спачатку яны трапілі ў памяшканне з масіўнымі кніжнымі паліцамі ўздоўж дзвюх сцен. Пасярэдзіне размяшчаўся круглы дубовы стол і фатэлі для чытачоў. Далей ішоў другі пакой, дзе меўся экран праектара, невялікі камін і вялікая канапа. Было бачна, што тут ладзяцца творчыя вечарыны і танцы: паркетная падлога блішчала лакіраванай паверхняй. Каля сцен ляжалі крэслы-мяшкі і мяккія цацкі для дзяцей. Бібліятэка была вельмі ўтульнай і выгоднай, ад чаго сюды хацелася прыходзіць і бавіць вольны час.
На запрашэнне Вікторыі сужэнцы прыселі на мяккія фатэлі і расказалі ёй гісторыю сваіх вандровак. Ролю расказчыка ўзяў на сябе Макар. Кіра часам устаўляла кароткія рэплікі, падтрымліваючы мужа. Макар расказаў усё з пачатку – пра Green Card, якую яны выйгралі год таму, і пра тое, як у пошуках лепшай долі яны вырашылі перабрацца ў ЗША. Пра цяжкі пералёт і нечаканае сутыкненне з жудаснымі катаклізмамі на кантыненце, пра знаёмства з Філіпам і Джэсікай і іх выпадковую смерць у Нью-Ёрку, пра доўгі пераезд у Олбані і пра Глорыю, якая расказала ім пра Адзірондак.
Уважліва выслухаўшы гасцей, Вікторыя спытала:
– Дзе ж вы спыніліся?
Кіра хацела адказаць, аднак Макар павольна паклаў на яе руку сваю далонь і спакойна прамовіў:
– Мы знайшлі пакінуты дом на павароце ад трасы № 87.
– Цікава, там паблізу няма ніякіх дамоў, хіба што ў Джэферсанаў, аднак яны зусім нядаўна заязджалі ў горад на вячэрнюю малітву ў нашу царкву.
– Папраўдзе, я пакуль дрэнна арыентуюся ў тутэйшай мясцовасці, аднак дакладна магу сказаць, што дом знаходзіцца наводшыбе, у глыбіні лесу.
Вікторыя ўзнялася са свайго месца і падышла да акна.
– У любым выпадку вельмі добра, што вы да нас заехалі, цяпер людзям неабходна трымацца разам.
– А што вы чулі пра гэтую катастрофу? – раптам спытала Кіра.
– Катастрофу? – здзіўлена азірнулася на яе Вікторыя. – Ян Багаслоў вельмі падрабязна прадказаў яе ў сваіх Адкрыццях. Мы з’яўляемся сведкамі другога прышэсця Хрыста. Наступіў так званы Апакаліпсіс. Чатыры вершнікі ўжо сышлі на зямлю. Грэшнікі рыхтуюцца да пакут, а праведнікі чакаюць адпаведных знакаў. Дарэчы, сёння ў нашай царкве адбудзецца святочная малітва, а адразу па яе завяршэнні – вячэра. Абавязкова прыходзьце, пазнаёмімся бліжэй. Я спадзяюся, вы вернікі?
– Так, вядома, – хутка адказаў Макар. – Што ж, дзякуй вам вялікі за гасціннасць. Аднак нам усё ж трэба знайсці харчовую краму. Хацелася б вярнуцца дамоў перад змярканнем. Вы пакажаце нам дарогу?
Вікторыя расказала, як дабрацца да крамы, яны дапілі гарбату і селі ў машыну. Вядома, жанчына не хацела іх так хутка адпускаць, ад чаго стала зразумела, што людзі наведваліся ў гэты гарадок не часта, а цяпер сюды наогул ніхто не зазіраў. На развітанне яна сунула ім кішэнную Біблію, паведаміўшы, што ў такі складаны час яе проста неабходна трымаць пад рукой.