Хлопец максімальна павялічыў карту Каунтвіля на экране навігатара і пабачыў, што ў горадзе ёсць некалькі крамаў і запраўка наводшыбе. А вось астатняе – ці ёсць там аптэка і іншыя важныя аб’екты – давядзецца высвятляць самастойна.
Ехаць вырашылі на наступны дзень.
Раніцай, пакуль яшчэ не развіднела (наколькі гэта ўвогуле можна было так назваць), яны надзелі рэспіратары. Макар заліў у бак апошнюю каністру бензіну.
Па дарозе да трасы сужэнцы заўважылі, што лівень вымыў у лесе ўвесь попел, і пабачылі апаленыя кіслотнасцю дрэвы і ігліцу. Гравійку на некаторых участках таксама моцна размыла: утварыліся цэлыя каляіны з бруднымі калюжынам. Ім пашчасціла, што ў Нью-Ёрку яны здабылі менавіта «джып», які здолеў не загразнуць у гэтым балоце.
Калі яны ўрэшце выехалі на трасу, Макар па звычцы прытапіў педаль газу.
Пасля праліўных дажджоў шаша таксама была чыстая, так што можна было разгледзець дарожную разметку з характэрнымі для Амерыкі жоўтымі палосамі.
Амаль усю дарогу над імі ўзвышаліся горы, а праз колькі кіламетраў з правага боку з’явілася рачулка Іст-Бранч, рэчышча якой зрабілася значна шырэйшым.
Яшчэ праз некалькі кіламетраў Макар і Кіра пабачылі ля самай трасы першы дом. Гэта быў доўгі аднапавярховы будынак – гэтак жа, як і іх дом, абабіты белымі дошкамі. На ганку самотна матляўся амерыканскі сцяг.
– Можа, спынімся і паспрабуем пагаварыць з жыхарамі? – спытала Кіра.
– Бачыш сцяг? Хутчэй за ўсё, у доме жыве былы ваенны. Не вельмі добрая ідэя, тым больш у такі час. Гаспадар можа падумаць, што мы рабаўнікі, і пачаць страляць без разбору. Паспрабуем адшукаць звычайны дом.
– Ты ведаеш, мы сталі параноікамі.
– Лепш быць параноікам, чым мерцвяком, – адказаў хлопец, і яны паехалі далей.
Праз колькі кіламетраў ім трапіліся яшчэ два дамы, таксама з паласатымі сцягамі на ўваходзе. Ці тут было заведзена вывешваць на ганку сцягі, ці ў доме сапраўды жылі ваенныя. Макар не ведаў і хуткасць не збаўляў.
Мінуўшы мост праз раку, яны ўрэшце ўбачылі першы дом без сцяга – невялікі двухпавярховы будынак, пафарбаваны ў салатавы колер, з зялёным чарапічным дахам. Ён туліўся ля самай дарогі, і Макар спыніўся.
– Заставайся ў машыне, я высветлю абстаноўку.
Хлопец выйшаў з «джыпа» і наблізіўся да паўметровага штыкетніка. Веснічкі былі расчыненыя, і Макар узышоў па драўляных прыступках да дзвярэй. Яны аказаліся замкнутымі. Ён асцярожна пагрукаў і, вычакаўшы імгненне, падаў голас:
– Добрай раніцы! Не хачу вас палохаць, я з добрым намерам – проста высвятляю, ці ёсць тут хто жывы.
Яму ніхто не адказаў, і хлопец вярнуўся ў машыну.
– Паехалі ў горад, мажліва, там нам пашчасціць сустрэць людзей.
Яны рушылі далей. Дарога ішла проста ўздоўж ракі. Калі яе рэчышча адсунулася далёка ўбок і схавалася за лесам, наперадзе мільгануў прасвет, і Макар з Кірай уехалі ў невялікі ціхі гарадок.
На пад’ездзе да яго яны ўбачылі традыцыйны надпіс: «Сардэчна запрашаем у Каунтвіль», а ніжэй: «горад з насельніцтвам 5432 чалавекі».
Хаця Каунтвіль выглядаў як мястэчка, гэта быў горад з адной галоўнай вуліцай Цэнтрал-авеню, якая цягнулася ад яго пачатку да канца. Драўляныя прыватныя дамы стаялі абапал дарогі, і на некаторых з іх таксама былі вывешаныя амерыканскія сцягі.
Першым яны пабачылі мясцовы рэстаранчык «Абед апоўдні» – двухпавярховы драўляны будынак, чымсьці падобны на іх дом ля возера. Праехаўшы трохі па горадзе, яны налічылі яшчэ два такія будынкі.
Далей з левага боку быў фітнес-цэнтр – таксама драўляны аднапавярховы будынак з цяжкіх масіўных бярвён, пафарбаваны ў цёмна-карычневы колер. Насупраць размяшчалася сувенірная крама «Birch Store», далей – яшчэ адна. Відаць, гэта было нездарма. Складалася ўражанне, што Каунтвіль існаваў толькі для таго, каб яго наведвальнікі спярша сытна паелі, а потым купілі сабе якую-небудзь цацку на памяць.
Праз колькі соцень метраў хлопец з дзяўчынай пабачылі двухпавярховы гатэль у форме бумеранга. Вакол яго акуратнымі шэрагамі раслі прыгожыя піхты, а на пляцы на вялікім флагштоку горда лунаў амерыканскі сцяг.
Едучы па бязлюдным горадзе, яны адразу звярнулі ўвагу, што цэнтральная вуліца чыстая. Магчыма, нядаўнія дажджы змылі ўвесь попельны бруд, але ўсё роўна без умяшання чалавека тут не абышлося. На асфальце і газонах не было смецця, кожны з падворкаў быў прыведзены ў належны стан, ад чаго здавалася, што маладыя людзі трапілі ў горад на досвітку, калі яшчэ ніхто з жыхароў не прачнуўся.
Яны мінулі прыхадскую драўляную царкву з вычышчаным дзядзінцам, на пад’ездзе да якой пазначалася: «Congregational Church UCC». Царква была невялікіх памераў, з вострай трохпавярховай капліцай і гадзіннікам.
Далей быў паварот на іншую вуліцу, і адтуль добра праглядалася цагляная чырвоная будыніна гарадской школы: два паверхі і два злучаныя паміж сабой корпусы. Святло ў вокнах адсутнічала.
Праехаўшы яшчэ, убачылі гарадскую бібліятэку, якая больш нагадвала лецішча, і толькі вялікая шыльда на дзвярах сведчыла сапраўднае прызначэнне будынка.
– Спыніся! – Кіра рэзка схапіла Макара за локаць. – Там чалавек!