Спускацца назад было прасцей. Рухаліся моўчкі. Пасля ўбачанага на хлопца з дзяўчынай напала апатыя, ім хацелася хутчэй дабрацца да свайго прытулку і ўшчэнт напіцца. Яны высветлілі тое, што хацелі. Макар быў моцна расчараваны, аднак, спрабуючы думаць пазітыўна, вырашыў, што сярод гэтага попелу яны, агароджаныя горнай градой, у бяспецы ад любых вонкавых пагроз. Застаецца толькі выжываць. Колькі часу – невядома. Магчыма – усё астатняе жыццё. Выказаць гэтыя думкі Кіры ён пакуль не адважваўся. Усё ж некалі яны разлічвалі дабрацца да Канады. Трэба было толькі перачакаць.
А потым пайшлі кіслотныя дажджы. Спачатку гэта былі дробныя ападкі. Макар нават выходзіў на пірс, каб паглядзець на незвычайную з’яву прыроды. Дождж падаў сцюдзёнымі кроплямі, і ў гэтым было штосьці захапляльнае. Усё нібыта пачало вяртацца ў звыклае і натуральнае рэчышча.
Праз дзень неба пашарэла яшчэ мацней, і ўжо немагчыма было зразумець, калі пачынаецца і заканчваецца дзень. Усюды стаяў устойлівы прыцемак, і толькі з надыходам сапраўднай цемры рабілася ясна, што ўжо ноч.
Тры дні быў лівень: здавалася, што дах вось-вось прагнецца і іх залье з галавы да ног. Тры дні яны сядзелі пад замком і не выходзілі вонкі. У дадатак да ўсяго Макар прастудзіўся, і ноччу яго пачалі мучаць прыступы астмы.
Кіра западозрыла няладнае, калі ў мужа перастала спадаць тэмпература. За шэсць гадоў іх знаёмства яна не памятала, каб ён так хварэў, а тым больш задыхаўся. Кашаль быў моцным, і яна рабіла Макару ў каміне гарачыя напоі, прымушаючы піць лекі тры разы на дзень. Ім пашчасціла: рабуючы разам з Філіпам аптэку ў Нью-Ёрку, яны, як аказалася, здабылі патрэбныя цяпер таблеткі сальбутамолу і парацэтамолу, і ўрэшце змаглі збіць дакучлівую тэмпературу.
Калі лівень скончыўся, Кіра яшчэ з тыдзень правазілася з мужам, каб канчаткова паставіць яго на ногі. Яна спраўна запальвала камін, гатавала і сілком прымушала Макара есці. І калі па начах той перастаў трызніць і ў адзін дзень адчуў, што сапраўды прагаладаўся, дзяўчына ўздыхнула з палёгкай.
Праляжаўшы тыдзень у ложку, хлопец быў вымушаны зноў вучыцца хадзіць. Ногі сталі ватовымі. Макар хадзіў па доме з кута ў кут і з трывогай пазіраў у вокны.
На наступны дзень ён вырашыў выйсці на двор, і яго перасмыкнула.
Падышоўшы да пірса, ён убачыў з дзясятак рыбін, якія плавалі ў каламутнай вадзе брухам уверх. Вада зрабілася ўстойлівага чарнільнага колеру, а па баках пірса Макар заўважыў бура-зялёнае багавінне, якое з’явілася там надоечы.
Навальніца змыла ўвесь попел з узвышшаў, і лясныя пагоркі набылі брудна-зялёнае адценне. Ад попелу не засталося і следу.
«Джып», які яны пакінулі каля дома, ад бампера да даху пакрыўся тонкім слоем рудой іржы.
Калі Макар пабачыў, што лістота на дрэвах за домам стала карычневай ад пякучай вільгаці, то спахмурнеў яшчэ больш.
– Гэта быў кіслотны дождж, – паведаміў ён Кіры. – Разам з вулканічным попелам у атмасферу трапіла занадта шмат аксіду серы і азоту.
– Адкуль ты гэта ведаеш? – трывожна спытала Кіра.
– Неяк глядзеў на ютубе навіны, дык у Крыме праз выкіды на заводзе было тое самае. Прайшлі кіслотныя дажджы, і людзі потым хварэлі на астму, лісце на дрэвах высахла, а металічныя канструкцыі пакрыліся іржой. Бачыш шыльду на ўваходзе ў падворак – яна таксама з металу…
Кіра паглядзела на шыльду байдарачнага клуба «Галава індзейца» – яе спрэс пакрыў налёт.
– Гэта небяспечна? – спытала яна.
– Так, нам лепш некаторы час заставацца ў доме і пры выхадзе на двор на ўсялякі выпадак надзяваць рэспіратары. Мы перажылі попельныя ападкі, і цяпер не хацелася б загінуць ад запалення лёгкіх. Тым больш што лекі заканчваюцца, і нам тэрмінова трэба знайсці паблізу аптэку.
Пачуўшы гэта, Кіра адразу зайшла ў дом. Макар паспрабаваў завесці «джып», і пасля шматлікіх спроб рухавік абнадзейліва затарахцеў усімі цыліндрамі. Паставіўшы машыну ў паветку да квадрацыкла, хлопец таксама вярнуўся ў дом.
Цяпер Макара злавала, што ў іх не было доступу да інтэрнэту, каб знайсці там карысную інфармацыю. Яшчэ больш прыгнятала тое, што за свае трыццаць гадоў ён так і не авалодаў некаторымі ведамі, якія б цяпер палегчылі ім жыццё. У іх быў толькі навігатар.
– Дарма я ставіў сабе перад ад’ездам добрыя пломбы. На халеру мне цяпер здаровыя зубы? – злаваўся ён сам на сябе. – Ужо лепей бы скончыў якія-небудзь курсы па фізіцы ці хіміі…
– Затое ты ў нас добры гуманітарый, – паспрабавала супакоіць яго Кіра.
Макар сеў на канапу і расчаравана апусціў рукі.
– І чым мне цяпер дапаможа ўся гэтая гуманітарыя?..
Кіра села да мужа і абняла яго за плечы.
– Ведаеш што, я хацела сказаць аб гэтым раней, аднак скажу зараз – дзякуй табе за тое, што ты дамогся нашага ад’езду з Олбані і што мы знайшлі гэтае сапраўды цудоўнае месца. Ты малайчына.
Наступныя два дні яны не выходзілі на двор, назіраючы з акна, як падчас заходу сонца неба афарбоўваецца ў яркі колер, і думаючы, што рабіць далей.
А рабіць трэба было многае. Па-першае, у іх заканчвалася ежа, па-другое – лекі, па-трэцяе – застаўся толькі адзін бак бензіну. Яны прыкінулі, што ім патрэбна, і склалі спіс.
Макар узяў навігатар, якія яны выключылі адразу, як толькі дабраліся да байдарачнага клуба, пераканаўся, што засталося яшчэ пяцьдзясят адсоткаў зараду, і паклаў перад сабой часопісы, якія ён даўмеўся ўзяць з гатэля Глорыі. У адным з часопісаў была падрабязная карта акругі з усімі суседнімі гарадамі і іншымі населенымі пунктамі. Іх паблізу было не так і шмат, у асноўным на поўначы акругі Эсекс з адміністратыўным цэнтрам у Элізабэттаўне. Бліжэй за ўсё знаходзіўся гарадок Каунтвіль.
Па навігатары Макар вызначыў, што, калі выбрацца па гравійцы на трасу і праехаць каля дзесяці кіламетраў, яны трапяць у згаданы гарадок.