Як і рака Іст-Бранч, дарога была пакручастай і месцамі камяністай. На асобных участках хлопец зніжаў хуткасць, ужо добра прызвычаіўшыся да кіравання квадрацыклам. Дый наогул ён пачаў разумець, што ў крытычныя моманты чалавек вельмі хутка прызвычайваецца нават да самага складанага. Хіба не дзякуючы гэтаму наш від лічыцца адным з найлепш прыстасаваных і жывучых?
Яны праехалі па гравійцы каля пяці міль і ўбачылі наперадзе паласу трасы. Лес расступіўся, і Макар з Кірай выехалі на невялікую дзялянку. Як выявілася, яны апынуліся на іншым баку ракі.
«Джып» ніхто не крануў. Ды і хто мог тут аказацца і прыкмеціць яго з дарогі? Усюды стаяла адвечная дзікая цішыня.
Хлопец хутка ачысціў машыну ад галін. У багажніку ён знайшоў трос, які ішоў у камплекце з запасным колам, і спрытна прывязаў да яго квадрацыкл. Яны забраліся ва ўжо настылы салон, і Макар павольна вывелі машыну на трасу, а потым з’ехаў на гравійку.
Да дома пад’язджалі ўжо прыцемкам. Ледзь прыкметная чырвоная пляма сонца паўзла да лініі, што раздзяляла неба і даўгаватае возера Лоўэр-Осэйбл, адкідаючы на пірс пунсовыя водбліскі кволых прамянёў.
«Джып» пакінулі ля мансарды. Макар разабраўся з сігналізацыяй і наладзіў гучны трывожны сігнал.
У доме стаяў прыемны смалісты пах, пакой ужо дастаткова прагрэўся. Пры такой тэмпературы можна было смела класціся спаць, не баючыся замерзнуць. Заставалася нявысветленым толькі два пытанні: калі гэты дом пакінулі яго ранейшыя жыхары і ці існуе верагоднасць, што яны вернуцца?
Кіра расклала канапу насупраць каміна, бліжэй да вогнішча. Макар зачыніў дзверы і колькі хвілін паўглядаўся ў акно на зацягнутае змрокам возера. Заўтра будзе шмат спраў.
Яны прынеслі з машыны ўсе свае рэчы і набытыя прадукты. Упарадкаваннем усяго вырашылі заняцца таксама заўтра. Цяпер трэба было адпачываць. Прайшоў амаль тыдзень, як Макар і Кіра прыляцелі ў ЗША, і за гэты час яны стаміліся як ніколі ў жыцці. Апынуўшыся ў доме на беразе жывапіснага возера, яны ўрэшце адчулі сябе ў поўнай бяспецы, і іх па-сапраўднаму размарыла. З’явілася палёгка і адчуванне абароненасці.
Макар моцна прытуліў да сябе Кіру, якая адразу ж абмякла і заснула, соладка сапучы ў падушку. Ён таксама расслабіўся і, адчуўшы лёгкае раўнамернае дыханне жонкі, злавіў яго рытм ды спакойна заснуў на мяккай скураной канапе.
Мінуў месяц з таго часу, як яны пасяліліся ў доме на беразе возера Лоўэр-Осэйбл. За гэтыя дні Макар з Кірай значна палепшылі свой дабрабыт. Прыбралі ў доме і зрабілі яго больш прытульным. Кіра вымела пыл, вычысціла сцены і вымыла вокны, а таксама прыбрала на падворку. Попел застаўся толькі на шырокім даху дома. Макар падбіў старыя расхістаныя дошкі на пірсе і прыладзіў да ўваходных дзвярэй масіўную заслонку, каб у выпадку нечаканай пагрозы яны маглі глуха зачыніцца. Таксама для кожнага з трох вокнаў ён змайстраваў драўляныя шчыткі. Іх можна было падвесіць на крукі, якія ён убіў у тоўстыя бярвенні на выпадак, калі звонку разыграецца стыхія і павыносіць да чорта крохкае шкло. На жаль, трансфарматар аказаўся няспраўным. Макар так і не змог наладзіць падачу электрычнасці. Хаця святло, відаць, адсутнічала ва ўсіх Злучаных Штатах. Гэта было зразумела яшчэ і таму, што ўжо прыкладна тыдзень яны не маглі злавіць ніякай радыёхвалі: усюды быў суцэльны шум. Першыя дні яны яшчэ слухалі нейкія радыёстанцыя, аднак нічога вартага там не казалі. У эфір пускалі музыку, пераважна джаз, і ўсё часцей – пропаведзі святых айцоў. У плане цяпла разлічваць можна было толькі на камін. Макар падлічыў, што дроў з паветкі павінна хапіць як мінімум на зіму, хоць паводле яго адчуванняў тэмпература ўжо ўпала на пяць градусаў. Аднак галоўнае – пратрымацца першы час; сякера ёсць, а значыць, з нарыхтоўкай дроў праблем не ўзнікне.
Дні сталі карацейшымі. Неба не праяснялася, а наадварот, толькі змрачнела. Макар з Кірай ужо забылі, што такое пагодлівы восеньскі дзень. Кожны заход сонца інтэнсіўна афарбоўваў далягляд пякельна-чырвоным зарывам, а ранішнія зоры нагадвалі фіялетавыя плямкі.
У вялікай шафе непадалёк ад каміна муж з жонкай знайшлі шмат цёплай вопраткі і цяпер выходзілі на двор толькі ў вязаных світарах і парках байдарачнага клуба з лэйблам «Галава індзейца» на грудзях. Там жа яны адшукалі цёплыя чаравікі і вязаныя шкарпэткі. Кіры давялося хадзіць у чаравіках вялікага памеру: відаць, жанчыны сюды не прыязджалі.
У элінгу Макар выбраў адну з шэрага лодак кіслотна-жоўтага колеру і амаль кожны дзень выплываў з жонкай на возера, каб трохі пацешыць сябе ў панурыя працоўныя будні. У тым жа элінгу ён адкапаў пару вуд, аднак пакуль яму яшчэ не пашчасціла злавіць ні адной рыбы. Спярша ён доўга не мог знайсці, на што лавіць, а потым, ахвяраваўшы на гэту справу некалькі кавалачкаў вэнджанай кілбасы, закінуў вуды ў каламутную ваду. Рыба, хутчэй за ўсё, сышла ў больш прыдатныя месцы ці наогул перадохла.
Спярша хлопец з дзяўчынай плавалі непадалёк ад пірса, пакуль Макар урэшце не адважыўся выграбці на сярэдзіну возера. Яно было спакойным, хвалі павольна біліся аб борт лодкі, і перад сужэнцамі адкрываліся яшчэ прыгажэйшыя віды на горы. Возера, бы шырокая рака, цягнулася да самага гарызонту, і Макар не ведаў, якая даўжыня вадаёма, хаця па дарозе сюды бачыў на навігатары, што тое авальнай формы. Горы атачалі возера, грувастка ўзвышаючыся над ім масіўнымі завостранымі пікамі, на якія шчыльным пластом аселі вулканічныя ападкі.
Яшчэ праз тыдзень Макар вырашыў разведаць абстаноўку і падрабязна даследаваць мясцовасць вакол дома. Для гэтага яму давялося ўзняцца на самую высокую кропку – так званую гару Галава Індзейца. Яе было добра відаць з пірса, пра месца хлопец паспеў прачытаць у часопісе падчас знаёмства з Адзірондакам.
Кіра катэгарычна адмаўлялася заставацца адна, і неяк раніцай яны, замкнуўшы дом на завалу і на ўсялякі выпадак схаваўшы акумулятар ад «джыпа», выправіліся ў дарогу.
Гара знаходзілася трохі паводдаль ад байдарачнага клуба, і з пірса здавалася, што да вяршыні некалькі кіламетраў. Нягледзячы на гэта, Макар з Кірай выйшлі з жылля яшчэ на фіялетавым золку і не пралічыліся. На дарогу ім спатрэбілася каля дзвюх гадзін.
Яны ішлі ўздоўж берага, аднак прыблізна праз восемсот метраў лес ператварыўся ў значную перашкоду, яго давялося абгінаць па доўгай дузе. Неўзабаве лясны масіў прывёў хлопца з дзяўчынай пад гару, і пачаўся больш круты пад’ём. Пад нагамі адчувалася пакрытая мохам скальная парода. Праз попел, якога ў гэтых мясцінах асела асабліва шмат, ісці стала складаней. Аднак ім шанцавала. На некаторых участках дарогі спецыяльна для турыстаў былі прыбудаваныя драўляныя лесвіцы, што значна аблягчала маршрут. Некаторыя з гэтых лесвіц былі да дзесяці метраў. Макар пусціў Кіру наперад: калі яна ўпадзе, ён зможа яе злавіць і такім чынам пазбегнуць трагедыі. Бліжэй да вяршыні лесвіц стала больш, а ад вышыні пачала кружыцца галава.
Праз гадзіну яны ўзлезлі дастаткова высока, каб добра бачыць наваколле. Схілы суседніх гор былі спрэс пакрытыя шэрым попелам.
Мясцовая расліннасць у асноўным была прадстаўлена хвойнымі і ліставымі дрэвамі, якія засталіся далёка ўнізе. Было шкада, што праз брудны слой не атрымалася палюбавацца прыгажосцю амераканскіх піхтаў і адчуць прыемны пах горна-лясной прыроды. Попел цалкам забіў усе пахі, пасеяўшы ў паветры агідны прысмак смогу.
І вось урэшце яны ўзышлі на гару. Праз попел здавалася, што на яе адзетая трохметровая шапка. Макар пачаў крок за крокам ачышчаць нагамі дарогу, каб падысці да схілу і не сарвацца. Для гэтага спатрэбілася шмат часу. Ён прачарціў невялікую паласу, адкрыўшы вачам учарнелую каменную пароду. Наблізіўшыся да стромы, Макар з жахам паглядзеў уніз – да краю бездані было колькі соцень метраў.
Возера разыходзілася ў розныя бакі тонкімі пакручастымі рукавамі, якія хаваліся за магутнымі горнымі схіламі, быццам не маючы ні канца ні краю.
Відовішча было сапраўды ашаламляльным.
Попел ахутаў усё жывое, схаваў пад сваёй бяскрайняй цяжкай коўдрай усё на сотні міль з захаду на ўсход, да самага далягляду, зліўшыся з шэрым і абыякавым небам. Перад імі паўсталі карціны сапраўднай вулканічнай зімы ва ўсёй яе жудаснай бясконцасці і асуджанасці.
Макар быў расчараваны і, калі Кіра за яго спінай ціха заплакала, падышоў яе абняць.
– Нічога, мы ўсё перажывём і выстаім, – гэта былі словы мужчыны, які мусіў клапаціцца аб свёй жанчыне і аберагаць яе.
– Макар, гэта канец? Попел будзе заўжды і ўсюды? – спытала яна, уткнуўшыся яму ў плячо.
– Усяму калі-небудзь прыйдзе канец… і попелу таксама…
Ён яшчэ раз агледзеў гэты балючы краявід. З вышыні гары байдарачны клуб і дом побач здаваліся зусім дробнымі, вылучаючыся, аднак, на попельнай карціне: там, прынамсі, былі відаць сляды чалавечай дзейнасці, зямля з травой, пірс і «джып». Яны расчысцілі гэтае месца для сябе, а значыць, іншыя людзі, якія выжылі, з часам змогуць расчысціць усё астатняе.