– Я абяцаў табе, што мы знойдзем прытулак – мы яго знайшлі. Пакуль поспех на нашым баку.
Макар пацалаваў Кіру і пачаў расціраць ёй спіну, каб жонка хутчэй сагрэлася, з захапленнем гледзячы на габарытнае памяшканне.
– Зараз я паспрабую здабыць агонь, а ты прыгатуеш вячэру. Трэба паспець вярнуцца па машыну да надыходу цемры і прыгнаць яе сюды. Паспрабуй пашукаць у доме цёплую вопратку, коўдры і пакрывалы – магчыма, ноччу яны спатрэбяцца, каб не замерзнуць.
Трохі сагрэўшы Кіру, Макар выйшаў на двор. Яшчэ раз агледзеў свае новыя ўладанні.
Лес пачынаўся адразу за домам. Трэба было знайсці сякеру, каб нарыхтаваць дроў. Хлопец вярнуўся да элінга з байдаркамі, аднак нічога там не знайшоў. Дзіўна. Чым былыя гаспадары распальвалі камін? Апынуўшыся на гравійцы, якая вяла ў лес, Макар вырашыў прайсціся, і інтуіцыя яго не падвяла. Прыблізна праз пяцьдзясят метраў з боку ад дарогі стаяла паветка, таксама абабітая белымі дошкамі. Падышоўшы бліжэй, хлопец заўважыў на дзвярах важкі замок. Давялося вярнуцца ў дом.
Кіра ўжо расклала частку рэчаў і знайшла коўдру, падушкі і пакрывалы, а таксама запаліла свечкі на вялікай люстры. Пакой заліла гатычнае святло, таму з’явілася ўражанне, нібы яны ў старадаўнім фальварку амерыканскага памешчыка-перасяленца.
– Беспаспяхова? – спытала Кіра, калі Макар у разгубленасці зайшоў у дом.
– Мне трэба знайсці адмычку, каб узламаць замок. Дзіўна: дом адчынены, а паветка – пад замком.
– Паглядзі ў бакоўцы.
Пры беглым аглядзе памяшкання ён зусім не звярнуў увагі на невялікія дзверы насупраць каміна. Бакоўка аказалася пакойчыкам два на два, аднак Макар знайшоў там усё неабходнае. Ля сцяны стаялі лапаты, граблі, пыласос, шуфлік і венік, на сцяне вісеў вогнетушыцель, а таксама лом, чырвоная сякера і бейсбольная біта, якую Макар адразу сунуў пад мышку. Адамкнуўшы невялікі куфар, які стаяў пасярод бакоўкі, хлопец адшукаў там будаўнічы інструмент – пачынаючы ад малатка і заканчваючы метровым узроўнем. Гэта была добрая знаходка. Узяўшы лом і сякеру, Макар выбег з дома і накіраваўся да паветкі.
Давялося трохі папацець. Макар ніколі ў жыцці нічога не ўзломваў, таму не адразу даўмеўся ўставіць лом у вушка замка. Урэшце, ладна правазіўшыся, хлопец разоў з дзесяць жахнуў па замку абухом сякеры і адчыніў дзверы.
Тое, хто хавалася ў паветцы, было сапраўдным скарбам. Пасярод стаяў чырвоны квадрацыкл «Сузукі», а амаль усю прастору займалі акуратна складзеныя штабелі дроў.
Праверыўшы паліўны бак квадрацыкла, Макар прыкінуў, што бензіну павінна хапіць, каб вярнуцца па машыну і прывезці яе сюды.
Кіра была рада пачуць такія навіны.
– А я ўжо хацела казаць табе, што застануся тут сачыць за агнём.
– Я таксама аб гэтым думаў, аднак камусьці давядзецца весці квадрацыкл. Я не памятаю, ці ёсць у багажніку трос…
Макар хутка нацягаў у дом дроў, зрабіўшы каля пяці ходак. Паклаўшы іх вігвамам у каміне, ён распаліў іх з дапамогай часопісаў, якія ляжалі на століку. Калі агонь узяўся і дровы пачалі страляць, напаўняючы дом прыемным смалістым пахам і гукамі жыцця, Макар прычыніў камін чыгунным экранам.
Кіра расклала на стале ежу, зрабіўшы прывычныя сандвічы, і паставіла распачатую бутэльку віскі.
Яны селі на мяккую канапу.
– Нават ехаць нікуды не хочацца, – акінуўшы позіркам пакой, сказаў Макар.
– Можа, сёння добра адпачнём, а выправімся ўжо заўтра?
– Не, трэба дарабіць запланаванае, каб потым займацца хатнімі справамі. Павер, тут іх у нас будзе з лішкам. Так званая ядзерная зіма не за гарамі, нам неабходна наладзіць гаспадарку на ўсе сто адсоткаў, каб у выпадку чаго мы капітальна забарыкадаваліся ў доме і ў нас усяго хапіла. Тым больш што я не паспеў вырашыць праблему з электрычнасцю.
Кіра наліла ў кубачкі віскі, і сужэнцы, прыўзняўшы тыя для прыліку, залпам выпілі пякучую вадкасць. Гарачыня разлілася па нутры бадзёрым асвяжальным агнём. Макар прагна накінуўся на прыгатаваную вячэру. Цяпло, якое ішло ад зяпы каміна, а таксама ўнутранае цяпло ад выпітага віскі, абуджалі апетыт і навейвалі лёгкую млявасць. Паглынаючы ежу, Макар думаў пра тое, што доўгая дарога нарэшце пераадоленая, яны знайшлі прытулак і пакуль жывыя. Аднак расслабляцца рана. План можна лічыць выкананым, толькі калі яны даставяць сюды «джып» з астатнімі рэчамі.
– Ва ўсім гэтым прынамсі ёсць нейкі пазітыў, – нечакана ўсміхнулася Кіра.
Макар, імпэтна працуючы сківіцамі, запытальна паглядзеў на жонку.
– Цяпер смела можна ездзіць з праміле, і нам за гэта нічога не будзе…
На двор яны выйшлі ўжо захмялелымі. Алкаголь моцна на іх падзейнічаў, чаму, вядома, паспрыяла стомленасць ад бясконцай дарогі.
Макар падкаціў квадрацыкл да пірса, і яны, жартуючы, што ім спатрэбіўся апакаліпсіс, каб упершыню пракаціцца на такой бандуры, паехалі па лясной гравійцы.
Дарога пайшла за дом, глыбока ў лес.
Высокія хвоі амаль цалкам засланялі шэрае і непрытульнае неба. Пад шатамі дрэў яшчэ больш здавалася, што надышоў сапраўдны надвячорак. Сюды практычна не трапілі попельныя ападкі, і Макар з Кірай упершыню пабачылі натуральны колер прыроды паўночна-усходняй Амерыкі.