Абапал рачулкі сустракаліся камяністыя выступы, таму даводзілася з цяжкасцю пераадольваць няроўныя ўчасткі, каб выпадкова не паслізнуцца і не сарвацца ў ваду. Кіра спрабавала ісці за Макарам ледзь не след у след. Ён выламаў сабе дубец і правяраў ім зямлю на ўстойлівасць. Рачулка была пакручастай; мох пад нагамі ператвараўся ў чорнае месіва, і яны ішлі па ім, нібы па топкім балоце.
Ніякіх прыкмет лясной жыўнасці і блізка не было. Толькі час ад часу высока над іх галовамі патрэсквалі старыя дрэвы, калышучыся ад лёгкага ветру.
Па дарозе ім трапіўся высокі, метраў з пяць, прыгожы вадаспад. Попел асеў на каменне, струмені празрыстай вады жвава сцякалі ўніз па вытачаных прыступках.
Макар падышоў бліжэй і зачэрпнуў у прыгаршчы сцюдзёнай вады, каб абмыць твар.
– Я ніколі не бачыла сапраўдных вадаспадаў, – сказала Кіра, гледзячы на гэтую прыгажосць.
– Вада бы крынічная, тут можна прымаць душ.
Яны яшчэ трохі пастаялі каля яго падножжа, з захапленнем гледзячы на пенныя патокі і слухаючы казачныя гукі, якія, здавалася, ажыўлялі мясціны і напаўнялі цішыню апошняй надзеяй на аднаўленне ранейшага жыцця.
Пераадолеўшы палову маршруту, Макар заўважыў наперадзе невялікі прасвет. Рака нязменна цякла да свайго вусця – месца ўпадзення ў возера.
Праз гадзіну гаротных блуканняў яны выйшлі да дамбы, да якой шумным і бурлівым патокам цёк Іст-Бранч. Пачуўшы гукі вадаспада, Макар радасна паглядзеў на жонку.
– Ужо хутка, мы зусім побач! – запэўніў ён Кіру.
Яна ўсміхнулася мужу і ўзяла яго пад руку. Дзяўчыну даўно стаміла гэтае шалёнае падарожжа, і яна горача чакала хвіліны, калі можна будзе прысесці і як след сагрэцца.
Каля дамбы яны зрабілі невялікі перапынак.
Возера Лоўэр-Осэйбл паўстала перад імі ва ўсёй сваёй красе.
Гэта быў доўгі вадаём, больш падобны на даволі шырокую раку ці праліў, што туліўся між вялікіх гор, якія абступалі яго з усіх бакоў, навісаючы над надзіва празрыстай роўняддзю і адбіваючыся ў ім магутнымі вяршынямі. Макар заўважыў, што попельныя ападкі амаль не закранулі празрыстай чысціні возера, магчыма, асеўшы на глыбокім дне. Возера цягнулася далёка наперад, і з месца, дзе знаходзіліся сужэнцы, не было відаць яго канца. Відовішча было сапраўды грандыёзным. Кіра расчулена паклала галаву на плячо Макара.
– Няўжо мы знойдзем тут прытулак?
– Ужо знайшлі, – сказаў Макар, гледзячы ўдалеч.
Калі яны абышлі дамбу злева, наперадзе з’явілася рэдкалессе, і, мінуўшы яго па глейкай зямлі, хлопец і дзяўчына заўважылі ў метрах ста, каля самага берага возера, пясчаны грудок. Узышоўшы на яго, убачылі вялікі аднапавярховы дом, абабіты белымі габляванымі дошкамі.
Падышоўшы бліжэй, яны зразумелі, што гэта лодачная прыстань. Зробленая ад рукі шыльда абвяшчала: «Сардэчна запрашаем у байдарачны клуб “Галава індзейца”». Людзей побач пакуль не назіралася. Зайшоўшы на падворак, Макар і Кіра пераканаліся, што ў ваколіцах нікога няма; яны адны.
Адразу каля ўвахода на прыстань стаяў элінг, таксама абабіты белымі дошкамі, у якім яны ўбачылі з дзясятак рознакаляровых байдарак і вёслаў, замацаваных на спецыяльных стэлажах. Побач на зямлі бязладна ляжалі вяроўкі і крапяжы. Макар заўважыў нават адну аранжавую выратавальную камізэльку. Людзі пакінулі гэтае месца нядаўна: на пяску былі сляды ад пратэктараў шын. Было відаць, што ратаваліся ўцёкамі.
Сляды вялі адразу за будынак, і, прайшоўшы па іх, Макар выбраўся на гравійку, якая ішла ў лес.
– Значыць, тут ёсць праезд! Паспрабую прайсці па ім, і калі дарога выведзе мяне да трасы, вярнуся сюды на машыне.
– Давай толькі спярша падрабязна абследуем мясцовасць.
Макар паглядзеў на драўляны дом.
Той быў значных памераў і стаяў на самым беразе возера. Перад уваходам быў невялікі драўляны масток, які вёў на двухпавярховую мансарду, на першым ярусе якой маладыя людзі заўважылі перакуленыя дагары нагамі крэслы і раскіданыя па дашчаным насціле газеты і нейкія паперы. З мансарды Макар і Кіра выйшлі на пірс перад самым уваходам у дом. Шырокія дзверы былі адчыненыя, і звонку яны пабачылі, што дом вялікі і прасторны. З пірса адкрываўся асабліва прыгожы від. Возера было як на далоні. Горы выглядалі надзвычай высокімі, і здавалася, што іх вострыя вяршыні з шапкай попелу проста не вытрымаюць яе цяжару і што з хвіліны на хвіліну яна спаўзе на прыстань жудаснай лавінай, назаўжды пахаваўшы іх у гэтым маляўнічым месцы. Кіра адчула сябе мурашкай і, падышоўшы да краю пірса, паглядзела ўніз. Да вады было каля метра, і яна была настолькі празрыстай, што можна было разгледзець усе свае маршчынкі.
У гэты час Макар паспеў абысці дом з іншага боку, канчаткова пераканаўшыся, што паблізу нікога няма. Тады яны з Кірай зайшлі ўнутр.
У доме быў адзін агульны вялікі пакой, абабіты лакіраванай вагонкай. Гарышча адсутнічала, і столь вострым конусам цягнулася да самага даху, падпіраючы яго па ўсёй даўжыні тоўстым бярвеннем. Ужо з увахода яны заўважылі ў дальнім правым куце масіўны камін з абчасаных камянёў. Макар зачыніў шырокія дзверы, каб у дом больш не пранікаў пыл, і агледзеўся. Насупраць каміна стаяла шырокая цёмна-карычневая канапа з парэпанай ужо і трохі аблезлай па баках скуры. Побач мясціўся столік для часопісаў. З абодвух бакоў каміна было па акне, так што святла ў памяшканні хапала. Над акном, якое выходзіла на возера, вісела вялікая галава аленя. Кіра заўважыла шмат карцін розных памераў, развешаных на ўсіх чатырох сценах, аднак гэта былі проста пейзажы і невыразныя малюнкі, якія, відавочна, проста запаўнялі пустыя месцы. Злева ад увахода размяшчаліся кухонныя шафкі, барная міні-стойка і лядоўня. Тут таксама былі вокны. Усё левае крыло займалі вялікая квадратная канапа з бэжавай скуры і стол пасярэдзіне, на якім стаялі піўныя бляшанкі. На падлозе ляжалі дываны – імітацыя шкуры белага мядзведзя. У цэнтры, падвешаная за адну з бэлек, звісала гатычная люстра з тоўстымі свечкамі, якія ўжо напалову згарэлі. Дом быў звычайным халасцяцкім логавам, месцам, куды кампанія мужчын можа прыехаць павудзіць рыбу, паплаваць па возеры на байдарках, схадзіць на паляванне і добра надзерціся гарачай.
Макар падышоў да ўваходных дзвярэй. Там таксама было вялікае акно, якое выходзіла на пірс. Хлопец націснуў на ўключальнік. Святла не было.
– Я бачыў за домам трансфарматар, трэба будзе праверыць падачу электрычнасці…
– Для пачатку трэба распаліць камін, – абхапіўшы сябе абедзвюма рукамі, сказала Кіра.
Макар паглядзеў на жонку, кінуў на падлогу заплечнік і падышоў да яе абняцца.