– Я б хацела, каб ты калі-небудзь пакатаў мяне на лодцы…
Вяртаючыся да машыны, яны мінулі мясцовую краму «Dollar General». Для гэтага паселішча крама была адносна вялікай.
Макар патузаў ручку ўваходных дзвярэй. Зачынена.
– Спадзяюся, у Каунтвілі крамы будуць працаваць.
Яны зноў селі ў «джып» і зверыліся з курсам. Да павароту на Адзірондак заставалася каля пяцідзесяці міль. Макар уважліва агледзеў мясцовасць ля возера Лоўэр-Осэйбл. Яна была сапраўды дзікай – навігатар паказваў суцэльны зялёны масіў. Ад дарогі да возера вяла лясная рачулка Іст-Бранч. Макар прайшоўся пальцам па ўсёй рацэ да самага возера, максімальна павялічыўшы карту.
– Значыць, так: машыну пакінем у лесе, я замаскірую яе непадалёк ад лясной сцежкі, каб яна не кідалася ў вочы, возьмем усё неабходнае і рушым уздоўж рэчышча ракі. Калі больш-менш асталюемся, я вярнуся па астатнія рэчы. Да той кропкі нам давядзецца прайсці каля пяці міль.
– Не ведаю, што б я сказала табе, калі б мы аказаліся ў іншай сітуацыі… Проста ў галаве не ўкладваецца тое, што мы робім…
– Мы выжываем, любая.
Макар вывеў машыну на трасу, і яны паехалі далей.
З кожнай чарговай міляй над імі ўсё больш узвышаліся камяністыя пагоркі, парослыя хваёвымі дрэвамі. Наперадзе ўсё часцей былі бачныя горы, якія праз попел нагадвалі заснежаныя Альпы. Неба было як каламутная слота, праз гэта хіліла ў сон і хацелася хутчэй дабрацца да месца.
Машыны сустракаліся рэдка, а на пад’ездзе да перакрыжавання з дарогай US 9 яны наогул засталіся на дарозе адны.
Калі з’ехалі з трасы № 87, Кіра папрасіла ў Макара пусціць яе за стырно. Ён згадзіўся. Усё самае складанае было ззаду; яны дабраліся з Нью-Ёрка ў такую далячынь, цяпер заставалася зрабіць апошнія высілкі.
Кіра павяла машыну спакойней. Дарога была вузкай, на дзве паласы. Відаць, сужэнцы ехалі тут першымі: траса была цалкам засыпаная попелам, і, праязджаючы па ёй, яны пакідалі пасля сябе дзве каляіны ад колаў. На некаторых участках уздоўж дарогі былі жалезныя парэнчы. То з левага, то з правага боку амаль да самага кювета падступалі высокія дрэвы, асабліва моцна абсыпаныя попельным пылам. Здавалася, Кіра з Макарам трапілі ў невядомы заснежаны край, дзе снег меў незвычайны шэра-мышыны колер. Далей, над дрэвамі, ужо ўзвышаліся сапраўдныя лясістыя горы.
– Памятаеш фільм «Паварот не туды»? – спытала Кіра. – У мяне цяпер падобнае адчуванне.
За вокнамі было ціха. Макар яшчэ раз зверыўся з навігатарам.
– Хутка наперадзе будзе наша рачулка.
Яны праехалі яшчэ каля дзесяці міль, і злева ад дарогі пад невялікім драўляным мостам з’явілася рака Іст-Бранч. Гэта была звычайная лясная рачулка з камяністым дном і ціхай плынню. Праехаўшы яшчэ трохі, Кіра павярнула «джып» налева. Там спецыяльна для турыстаў была абсталяваная паркоўка, за якой углыб лесу вяла лясная сцежка.
– Праедзь далей, паглядзім, што там, – сказаў ёй Макар.
Кіра паехала па сцежцы, хутка ўткнуўшыся ў лясны тупік.
– Тут і спынімся.
Макар выйшаў з машыны і адразу ж адчуў, што паветра ў гэтым месцы зусім іншае. Было адчуванне, нібы на папялішчы прайшоў дождж і па-над смугой неадольнай попельнай навалы дыхнула вільготнай свежасцю.
– Ты адчуваеш гэта? – спытаў ён у Кіры, якая выйшла ўслед за ім.
– Што менавіта?
– Пахне лесам, не так выразна, аднак ледзь адрозны прысмак усё ж прысутнічае…
Кіра разагнула спіну і паглядзела навокал. Над імі навісалі вялікія мачтавыя хвоі, прыцярушаныя попелам, усюды стаяла мёртвая цішыня.
Яны тут жа выправіліся ў шлях. Макар узяў толькі заплечнік і ўключыў навігатар. Перад гэтым яны разам з Кірай абклалі «джып» галінамі, якія хлопец абламаў з суседніх елак. Цяпер заўважыць машыну з дарогі было немагчыма.
На навігатары Макар настроіў далейшы маршрут. Канчатковай кропкай было выбранае возера Лоўэр-Осэйбл, і дарога да яго вяла ўздоўж ракі Іст-Бранч. Жаночы голас сказаў ім ісці сем міль. Кіра цяжка ўздыхнула, і яны рашуча пашыбавалі праз гушчэчу сярод вялікіх хвой.
Попел у гэтых мясцінах ляжаў не так шчыльна. Тут было вільготна, ападкі, асеўшы на мяккую зямлю і мох, проста растварыліся, ад чаго зямля заўважна пачарнела. Здавалася, што ў лесе стаіць ранняя вясна. Толькі на галінах хвой і дубоў попел ляжаў густым і важкім пластом.
Спусціўшыся да рэчышча ракі, хлопец і дзяўчына павольна пачалі прасоўвацца ўглыб.
Глеба пад іх нагамі была глейкай. Ужо праз пяць метраў кеды Макара наскрозь намоклі і выпацкаліся.