На экране ішоў «Fox News Chanel», і чарнявы мужчына на фоне Манхэтэна казаў, што паліцыя ліквідавала беспарадкі ў раёне Куінса, аднак цалкам страціла кантроль над Бруклінам. Межы з Канадай па-ранейшаму заставаліся закрытымі, а ў Фларыдзе адбыўся землятрус магутнасцю ў дзесяць балаў, справакаваўшы цунамі. Вядучы таксама паведаміў пра магчымае набліжэнне небяспечнага цунамі да ўсходняй часткі кантынента і пра гуманітарную дапамогу з краін ЕС. Апошнім пачутым было тое, што ўсім жыхарам краіны цяпер лепш за ўсё адправіцца на поўнач ЗША.
Макар падышоў да Кіры і, забраўшы з яе рук пульт, выключыў тэлевізар.
– Не будзем марнаваць час, тут і так усе зразумела. Трэба выязджаць.
Яны зачынілі нумар, і Макар вярнуў ключы на рэцэпцыю. У фае так нікога і не з’явілася. Пара села ў машыну, хлопец завёў рухавік, і яны выехалі на дарогу.
Траса, як Макар і разлічваў, аказалася пустой. Машын пакуль нідзе не было. Сонца праразалася праз тоўстыя пласты хмар чырвоным вусцішным зарывам, на даляглядзе паўставалі краявіды з палотнаў празорцы Босха.
Траса вяла іх наперад, і праз колькі кіламетраў супрацьлеглыя палосы рэзка разышліся. Дарога павярнула ў густыя лясы, засыпаныя бясконцым попельным пылам.
Макар павялічыў хуткасць і зніжаў яе толькі на крутых паваротах.
Неўзабаве шашу абступілі скалістыя пагоркі, а калі трохі развіднела, удалечыні пачалі вымалёўвацца высокія лясістыя хрыбты гор, якія то ўзвышаліся над гарызонтам, то знікалі з поля зроку. Мясцовасць была даволі прыгожай, штосьці падобнае Макар з Кірай бачылі ў Грэцыі, калі адпачывалі там у мядовы месяц. Аднак гэтыя пахмурнасць і трывога, што навісалі над імі, не давалі атрымліваць асалоду ад хараства мясцовага краявіду. Макар, утаропіўшыся наперад, моцна трымаў стырно абедзвюма рукамі.
За ўвесь час яны не сустрэлі ніводнай машыны, і хлопец папрасіў у Кіры паглядзець на навігатары патрэбны паварот на Адзірондак.
Да павароту заставалася яшчэ каля пяцідзесяці міль.
– Нам давядзецца пакінуць машыну ў лясах Адзірондака, каб дабрацца да таго дома. Знайдзі найбліжэйшы да гары Галава Індзейца горад ці населены пункт, – сказаў Макар.
Кіра доўга ўглядалася ў карту.
– Ёсць непадалёк якісьці гарадок Каунтвіль. Мяркуючы па карце, ён зусім маленькі, аднак гэта найбліжэйшае месца.
– Цудоўна! – узрадаваўся Макар. – Тое што трэба! Галоўнае, каб ён быў жывым і там былі крамы.
– У адваротным выпадку нам давядзецца дабірацца да Нью-Рашы і Элізабэттаўна, а гэта значна далей…
– Не варта забывацца і пра паліва. У нас застаўся толькі адзін бак. Аднак да Адзірондака павінна хапіць.
Сустрэчная паласа выплыла з гушчэчы лесу злева, і пачалася адносная раўніна. З’явіліся іншыя машыны, Макар скінуў хуткасць.
Наперадзе паказалася возера Шрун і невялікі населены пункт.
– Чым не месца ля возера? – спытала Кіра.
– Стратэгічна не зусім добрае, – адказаў Макар.
– Прапаноўваю заехаць і перакусіць.
Макар паглядзеў на гадзіннік на спідометры – было адзінаццаць.
– Падтрымліваю!
Яны пакінулі машыну на шашы. Узялі адзін пакунак з ежай і спусціліся да возера.
Дамы найбліжэйшага мястэчка былі зачыненыя, нідзе не было ні душы.
Побач з берагам стаяла адзінокая лаўка, і Макар з Кірай уселіся на яе паснедаць.
Хлопец глядзеў на ваду. Возера – калісьці, відаць, крыштальнай чысціні – праз попельныя ападкі набыло ўстойлівы мазутны колер, лёгкі ветрык ганяў па яго роўнядзі хвалістую рабізну. Непадалёк знаходзіўся драўляны пірс, ля якога была прышвартаваная лодка.
– Як думаеш, у нас з табой будзе свая лодка? – спытала ў Макара Кіра, перадаўшы яму бляшанку з кансерваванымі бабамі.
Макар спярша адчыніў бляшанку Кіры, а потым – сабе. Бабы былі някепскія на смак.
– У нас з табой будзе іншае жыццё… – гледзячы ўдалячынь, на другі бераг возера, сказаў Макар. Там былі бачныя белыя дамы. Яны стаялі амаль усутыч адзін з адным.