За Саратогай машын на шашы трохі паменшала, аднак Макар канчаткова вырашыў адпачыць і выправіцца далей толькі наступнай раніцай.
Мінуўшы Гудзон, яны адолелі яшчэ каля дзесяці міль, і Кіра, уважліва гледзячы ў навігатар, урэшце сказала, на якім павароце з’язджаць.
Матэль аказаўся не зусім ля трасы, аднак быў ад яе найбліжэйшым. Яны павярнулі направа і па коле з’ехалі на вялікі пляц, дзе, як аказалася, знаходзілася яшчэ некалькі праігнараваных навігатарам гатэляў: яны, відаць, проста адсутнічалі ў базе дадзеных. Макар заўважыў, што ні ў адным з іх не было святла, затое побач стаяла некалькі машын. Навокал панавала цішыня.
Некалькі хвілін Макар кружыў па пляцы ў надзеі пабачыць хоць якія-небудзь прыкметы чалавечай дзейнасці. Але марна. Толькі шыльда ў «Days Inn» гарэла яскравым неонавым агнём.
Макар скіраваў «джып» на пустую паркоўку.
– Заставайся ў машыне, я пайду ўсё праверу, – прамовіў хлопец, і Кіра не асмелілася пярэчыць.
Ён вылез з-за стырна і пайшоў да ўваходных дзвярэй гатэля. Аказалася адчынена, і Макар зайшоў. Цемень хоць вока выкалі. Хлопец пагукаў у пустэчу і, не пачуўшы адказу, пачаў намацваць на сценах уключальнік. Урэшце на штосьці націснуў, і ў фае загарэлася святло.
Ён знаходзіўся ў сярэдніх памераў пакоі з жоўтымі шпалерамі, зялёнымі фіранкамі і саўковымі, як яму здалося, сталамі і зэдлікамі. Пасярэдзіне памяшкання стаяла масіўная стойка рэцэпцыі цёмна-карычневага колеру. За ёй нікога не было. Пакой відавочна спрабавалі аформіць у мексіканскім стылі, аднак з густам у гаспадара былі праблемы. Макар абыякава падышоў да стойкі. На сцяне за ёй вісела скрыначка з ключамі. Ён бесцырымонна ўзяў першы ключ, які трапіўся, і выйшаў на двор да Кіры.
Нумар быў на першым паверсе і выходзіў вокнамі на тэрасу з паркоўкай. Макар адамкнуў дзверы з лічбай дзевяць і запаліў святло. Пакой аказаўся з такімі ж безгустоўнымі жоўтыя шпалерамі і зялёнымі фіранкамі. У цэнтры стаяў двухспальны ложак, а насупраць вісела плазма, што прыўносіла ў пакой хатнюю ўтульнасць. Трохі далей была душавая з туалетам.
Сужэнцы зайшлі ўнутр і стомлена ляглі на мяккі ложак, не скідаючы абутку. Пакой быў халодным, у паветры адчувалася вільгаць.
– Заўтра выпраўляемся рана, трэба паставіць будзільнік на шэсць гадзін. Я разлічваю, што рух на дарозе зменшыцца і мы ўрэшце дабяромся да Адзірондака. Калі ўсё будзе добра, заўтра ўжо заначуем у доме ля возера.
Яны яшчэ трохі паляжалі, а потым Кіра адправілася прымаць душ. Макар выйшаў на двор да машыны і дастаў з багажніка бутэльку віскі і багет з мясной нарэзкай на вячэру.
Пакуль Кіра мылася, ён сеў на парозе перад дзвярыма, запаліў цыгарэту і адкаркаваў бутэльку. Неба было чорным. Холад наступаў хвалямі, і Макар адчуваў, як той пранікае сваімі пальцамі яму пад вопратку і пранізвае скуру. Хлопец зрабіў добры глыток і паморшчыўся. Віскі апякло нутро, а праз хвіліну па целе разышлося прыемнае цяпло. З боку дарогі даносіўся млявы шум машын. Макар паглядзеў на неонавую шыльду «Days Inn». Амерыканская мара цьмяна дагарала ў гэтай богам забытай глухмені зусім не абнадзейлівым сіне-чырвоным святлом.
Захінуўшыся ў цёплы белы халат, узяты ў душавой, Кіра з’явілася на парозе, калі Макар ужо выпіў чвэрць бутэлькі.
– Пойдзеш у душ? – гледзячы ў ноч, спытала яна.
– Заўтра зранку… Асвяжуся перад дарогай, цяпер лянота…
Яна працягнула руку, і ён падаў ёй бутэльку «Джэка Дэніэлса».
– Як ты думаеш, гэта надоўга? – выцершы вусны пасля глытка, спытала Кіра.
– Не ведаю. Аднак будзе халадаць. Ты адчуваеш у паветры павевы зімы?
– Я адчуваю безвыходнасць… Думаеш, у Беларусі нам цяпер было б лягчэй?
– Свет рыхтуецца да глабальнай вайны. Цяпер усюды небяспечна…
Яны моўчкі закурылі горкія цыгарэты. Потым вярнуліся ў нумар і па-хуткаму перакусілі. Мяса было без смаку, а багет зачарсцвеў. Макар зрабіў яшчэ колькі глыткоў віскі, і яны ляглі спаць, навёўшы будзільнік, які стаяў на тумбачцы побач з ложкам, на шэсць раніцы. Заснулі адразу, прыткнуўшыся адно да аднаго.
Спалася ім абаім добра. Макар сніў доўгую і бясконцую шашу, Кіра – вялікі дом на беразе люстранога возера і гладкашэрснага мастыфа, які бегаў каля іх, пакуль яны шпацыравалі ўздоўж прыстані.
Ноч была спакойнай, і хлопец з дзяўчынай спалі без задніх ног.
Калі прагучаў будзільнік, Макар страпянуўся і паглядзеў па баках. Дзверы зачыненыя, за фіранкамі цёмна. Кіра таксама прачнулася. Макар сказаў ёй заставацца ў ложку, пакуль ён не прыме душ, і яшчэ трохі паспаць.
Хлопец уключыў летні дожджык і некалькі хвілін проста пастаяў пад бруёй прыемнай вады.
Ён разумеў: яны абавязкова павінны сёння ж дабрацца да канчатковай кропкі. А значыць, трэба ціснуць на педаль. Да таго ж неабходна дакладна разлічыць, колькі часу спатрэбіцца на гэты маршрут. У часопісе Макар вычытаў, што да горнай грады Адзірондак трэба прабірацца пешшу цераз лес па спецыяльных турыстычных сцежках. Цямнела цяпер прыкладна як узімку – каля пяці вечара. Значыць, дабрацца да месца трэба ў дванаццаць гадзін дня.
Ён насуха выцерся тоўстым і мяккім ручніком, які вісеў побач на кручку, і паглядзеў у люстэрка. На твары густое шчацінне, пад вачыма мяшкі, у вачах хваравіты бляск ад недасыпання і стомленасці. Макар моцна, каб канчаткова прачнуцца, пляснуў сябе па шчоках далонямі і выйшаў у пакой.
Кіра сядзела на ложку і пераключала пультам каналы.
– Ты бачыш, яны яшчэ працягваюць вяшчанне, – сказала яна.