Выязджаючы з горада, яны сустрэлі некалькі заправак, але адчыненай аказалася толькі адна – «Exxon». Макар заўважыў праз шэрую смугу чырвоныя агеньчыкі, а пад’ехаўшы бліжэй, звярнуў увагу, што там запраўляюцца машыны.
Ён зайшоў унутр і ўбачыў за касай паліцэйскага. Моўчкі расплаціўся з афіцэрам банкнотамі і дазаправіў бензабак.
Калі Макар і Кіра выехалі да кальцавой, ім падалося, што трохі развіднела. Гадзіннік на навігатары паказваў 15:33.
На развязцы зноў быў рух, быццам ніякага апакаліпсісу не здарылася, а проста пачалася ядзерная зіма і людзі па-троху да яе прызвычайваліся.
Аб’ехаўшы кальцавую, нарэшце вывелі «джып» на трасу № 87, і навігатар запатрабаваў новы кірунак. Дрыготкімі пальцамі Макар увёў слова «Адзірондак», і голас зычна наказаў ім ехаць наперад сто шэсцьдзясят восем міль да патрэбнага павароту.
– А я думаў, пакажа больш… – звярнуўся Макар да Кіры.
– Калі стомішся – скажаш, – трохі памаўчаўшы, адказала тая і паклала галаву на бакавое шкло. Яна яшчэ злавалася і была засмучаная ад’ездам.
– Абавязкова.
Дарога вілася шэрай стужкай.
Калі яны канчаткова выехалі за горад і мінулі ўсе прыгарады, Кіра спытала:
– А што, калі ў тым доміку на беразе возера будуць іншыя людзі?
Макар паглядзеў у люстэрка задняга віду – дарога была пустой.
– Ну, мы ж таксама людзі, дамовімся. Не думаю, што арэнда жылля там будзе даражэйшай, чым у Лос-Анджэлесе. Не хвалюйся, каля мясцовага возера ёсць шмат дамоў для начлегу турыстаў, што-небудзь ды адшукаем.
Пачало цямнець. Сонца ўжо трэці дзень не прадзіралася праз густыя шэрыя аблокі. Макар уключыў фары далёкага святла.
Траса № 87 перайшла ў звычайную, як і да Олбані, чатырохпалосную шашу. Краявід перыядычна змяняўся: шырокія палі перацякалі ў густыя лясныя зараснікі і ўзлескі, цалкам засыпаныя попелам.
Пакінуўшы Олбані далёка ззаду, хлопец і дзяўчына сталі сустракаць першых за ўвесь гэты час аўтастопшчыкаў. Яна нічога не казала, і ён абыякава праязджаў міма. Яны заўважылі нават адзінокага байкера, які, заваліўшы свой «Харлей» у кювет, нахабна галасаваў проста пасярод дарогі. Вадзіцелі, зніжаючы хуткасць, стрымана міналі хулігана. Калі Макар з Кірай наблізіліся да дурнаватага патлача, ён злосна ўдарыў па капоце «джыпа», прыгразіўшы ім кулаком.
Калі яны мінулі раку Махок па вузкім двухпалосным мосце, на трасе ўзнавіўся рух. Яшчэ праз колькі міль ужо амаль у кожнай паласе ехалі гружаныя аўтамабілі. Амерыканскія абывацелі цэлымі сямействамі спяшаліся на поўнач. Рух значна запаволіўся, ад чаго з’явілася ўражанне, што на дарозе зноў затор. Яны ехалі на хуткасці дзевяноста кіламетраў у гадзіну. За акном цямнела.
– Так справа не пойдзе, – напружана вымавіў Макар. – Паглядзі па навігатары, які тут найбліжэйшы горад: відаць, давядзецца перачакаць гэтую хвалю. Вочы ўжо баляць ад стомы. Вочны ціск жудасны.
Кіра павялічыла на сэнсарнай панэлі карту і, паглядзеўшы, сказала:
– Саратога, аднак да яе каля шасцідзесяці міль.
– Паглядзі матэлі побач з трасай, – узіраючыся ўдалячынь, наколькі хапала святла фар, папрасіў Макар.
– Навігатар паказвае, што восемдзесят сёмая ў саму Саратогу не вядзе. Давядзецца з’язджаць, як і ў Олбані, матэлі і гатэлі знаходзяцца ў асноўным у межах населеных пунктаў.
– З’язджаць нікуды не будзем, шукай найбліжэйшыя кропкі! – раздражнёна запатрабаваў Макар.
Некаторы час Кіра маўчала, напружана шукаючы ў навігатары зручнае месца для начлегу. Макар пачаў нервавацца, а потым злавацца на сябе за тое, што не паслухаў жонку і не застаўся яшчэ на адну ноч у гатэлі, каб зусім адпачыць і набрацца сіл. Трэба было пераначаваць, а потым раніцай выпраўляцца ў шлях. Вядома, ён не ўлічыў, што рух на дарозе будзе такім ажыўленым. Злавацца цяпер трэба толькі на самога сябе.
– Знайшла! – выгукнула Кіра. – За Гудзонам, якраз ля трасы, ёсць якісьці матэль «Days Inn».
Макар з палёгкай выдыхнуў. На вочы нібы ціснула нешта вельмі цяжкае, так што ў павекі можна было ставіць запалкі. Кіра настроіла маршрут, і яны паехалі па зададзеных каардынатах.
Па меры магчымасці – тады, калі на дарозе рабілася вальней, – Макар павялічваў хуткасць і пераязджаў з адной паласы на другую. Колькі разоў яму нават пасігналілі сустрэчныя кіроўцы.
– Едзь трохі спакойней! – усхвалявана сказала яму Кіра.
Ён паслухаў жонку і зменшыў абароты.
Яны мінулі Саратогу, нават не заўважыўшы яе ва ўжо суцэльнай цемені, тым больш што горад аддзяляў ад трасы густы лясны масіў. На гадзінніку было каля сямнаццаці, аднак здавалася, быццам на дварэ глыбокая ноч.