– Заставайцеся столькі, колькі вам спатрэбіцца. Спяшацца няма куды, ды і пастаяльцаў, відаць, доўгі час не прадбачыцца.
Макар згроб часопісы і падняўся.
– Дзякуй вам вялікі. Я нават і не ведаю, як вам аддзячыць. Кіра, пойдзем!
Глорыя далікатна ўсміхнулася.
– Мой бацька казаў, што добрыя ўчынкі заўжды вяртаюцца той жа манетай. Па ўсім відаць, што вы някепскія людзі. Прыехалі ў нашу краіну, каб наладзіць жыццё. Вам так не пашанцавала. Польшча цяпер, напэўна, лепшае месца для жыцця. На жаль, я магу прапанаваць вам толькі гэтае…
Кіра неахвотна ўзнялася, і разам з Макарам яны вярнулася ў нумар на трэці паверх.
– Паслухай, любая, я разумею тваё жаданне застацца тут пасля ўсяго, што нам давялося перажыць. Такую прапанову можна расцэньваць як сапраўднае шанцаванне і цуд. Аднак я па-ранейшаму настойваю, што трэба рухацца далей. Маё рашэнне пакінуць Нью-Ёрк было правільным, ты сама чула, што там цяпер адбываецца. У нас ёсць мэта, і мы ведаем, дзе можна пасяліцца. Я спрабую думаць на перспектыву. Цяпер Амерыка – гэта напаўразбураная краіна, дзе ў любую хвіліну можа ўспыхнуць вайна, і некалі нам усё роўна давядзецца пакінуць Штаты. Аднак давай рабіць усё паслядоўна і ўзважана.
Кіра прысела на засланы ложак.
– Чаму ты так пазбягаеш людзей?
– Я пазбягаю не людзей, а месцаў, дзе іх шмат. Павер мне, я ўжо сто разоў усё прадумаў! У мяне ёсць план! Які план у цябе? Сядзець тут і чакаць, што нешта зменіцца? Горад ачысцяць ад попелу? Людзі зноў пачнуць жыць па-ранейшаму? Я да таго, што Олбані вельмі хутка ператворыцца ў чарговы Нью-Ёрк, толькі ў меншым маштабе! – павысіў тон Макар.
– Цішэй! Трымай сябе ў руках. Я зусім не збіраюся ісці супраць цябе і, вядома, падтрымаю любое тваё рашэнне. Проста хачу быць упэўненай, што ты ўсё добра разлічыў і сам верыш у тое, што робіш.
Макар правёў пальцамі па вачах. Трэба было супакоіцца. Занадта шмат рашэнняў лягло на яго плечы. Аднак ён дакладна ведаў, што трэба браць сітуацыю ў свае рукі. Ён мужчына, муж, ён апора сям’і.
– Прынамсі, гэта лепш, чым заставацца тут. У першую чаргу я думаю пра нашу бяспеку, – выціснуў з сябе Макар. Ён прысеў на ложак да Кіры, і яны яшчэ раз прагледзелі часопісы, якія ім уручыла Глорыя. Убачылі прыродную прыгажосць парку «Вялікі Каньён» з яго зелянінай і вадаспадамі, гару Марсі, самую высокую кропку штата, «Уоткінс Клін» – парк з прывабнымі ляснымі масівамі, «Чамяні Блафс» – парк з маляўнічым пясчанікам на Атлантычным узбярэжжы, лясныя вадаспады парку «Філмас Клін», Мядзведжую гару, нават знакаміты Ніягарскі вадаспад, дзікае возера Лэйк-Плэсід і ўжо вядомы ім рэгіён Адзірондак.
Сярод іншага Макар адразу вылучыў менавіта захапляльныя краявіды Адзірондака. Асабліва яму спадабаўся фотаздымак з адзінокім домікам на беразе возера з гладкай люстранай паверхняй, у якой адбіваліся высокія лясістыя горы, што навісалі над ім з усіх бакоў.
– Нам абавязкова трэба адшукаць гэтае месца! – натхнёна адзначыў ён, паказаўшы здымак Кіры.
Пасля гадзіны разважанняў і спрэчак яны ўрэшце сабралі свае рэчы, яшчэ раз сытна паелі на дарогу, прыбралі нумар і спусціліся да Глорыі. Яна сядзела за сталом і чытала кнігу. Убачыўшы сваіх гасцей з заплечнікам і сумкай, спытала з сумнай усмешкай:
– Усё ж вырашылі выпраўляцца?
– Так, – адказаў Макар. – Дзякуй вам за ўсё, што вы для нас зрабілі. Ужо і не ведаю, як бы мы правялі гэтую ноч. Колькі з нас?
– Зробім выгляд, што я нічога не пачула, – жанчына прыязна ўсміхнулася. – Не думаю, што грошы цяпер маюць нейкую каштоўнасць. Куды вырашылі накіравацца?
– Да Адзірондака. Гэтае месца здалося нам ціхім і спакойным. Калі пашчасціць, знойдзем сабе які-небудзь домік і паселімся ў ім да лепшых часоў.
– Неблагі выбар, і турысты не будуць дакучаць. А калі казаць пра лепшыя часы, то невядома, ці надыдуць яны ўвогуле. Аднак будзем спадзявацца…
Яны трохі пасядзелі з Глорыяй на дарожку. Жанчына расказала, як ехаць далей, каб хутчэй выбрацца з горада на трасу № 87, і яны развіталіся.
Пакуль Макар клаў заплечнік у багажнік, Глорыя стаяла ў дзвярах гатэля. Хлопец завёў рухавік і рвануў з месца, каб у Кіры ў апошнюю хвіліну не ўзнікла жаданне пераканаць яго застацца ў гэтым даволі прывабным месцы.
Калі яны паехалі па Стэйт-стрыт, Глорыя выйшла на ганак і, гледзячы, як яны аддаляюцца, махала ім услед. Макар працяжна пасігналіў і моцна ўчапіўся рукамі ў стырно. На яго вачах выступілі слёзы. Што будзе з гэтай жанчынай далей, ён не ведаў, але быў удзячны ёй за прытулак і магчымасць аднавіць сілы.
Сужэнцы накіраваліся на Цэнтрал-авеню. Макар прыладзіў зараджаны навігатар на прыборную панэль і ўвёў трасу № 87. На экранчыку з’явілася зялёная лінія маршруту, і прыемны жаночы голас загадаў рухацца прама да кальцавой развязкі.
Горад быў практычна бязлюдным. Сумныя постаці з’яўляліся толькі на падворках: людзі займаліся гаспадарчымі справамі. Машыны праязджалі рэдка, пераважная іх большасць стаяла ўздоўж дарогі. Аднак у горадзе ўсё роўна ўвесь час круцілі паведамленне, каб жыхары знайшлі сабе падземнае сховішча ці прынамсі не выходзілі з дому.
Абапал Цэнтрал-авеню стаялі мясцовыя забягалаўкі, будынкі грамадскага харчавання і пустыя гіпермаркеты. Святла ў вокнах не было, неонавыя агні не гарэлі, і праз усю гэтую шэрасць стары каланіяльны горад з прыгожымі дамамі ў стылі класіцызму і неагатычнымі храмамі ўсё больш нагадваў лакацыю з твораў Лаўкрафта.
Усю дарогу праз горад Кіра маўчала. Макар паспрабаваў уключыць радыё, аднак усюды былі адны шумы, хаця, можа, ён проста рабіў штосьці няправільна.
– Глорыя, вядома, добры чалавек, толькі яе канспіралагічныя забабоны наконт вежаў-двайнят мяне агаломшылі. Я не хацеў гаварыць табе пра гэта раней, – паспрабаваў палепшыць абстаноўку Макар. – Усе яе гісторыі гучаць праўдзіва, аднак вінаваціць урад ва ўсіх бедах… Ну не ведаю. Зруйнаваць краіну, каб распачаць экспансію на ўвесь свет – такое не прыходзіла ў галовы нават самым крыважэрным афрыканскім дыктатарам. Тым больш што пра актыўнасць Елаўстонскага вулкана не чуў толькі глухі.
Кіра нічога не адказала.