– Не паспелі… Інтэрнэт у нас не працуе, радыё не ловіць, усюды перашкоды. І мы спрабавалі хутка выбрацца з Нью-Ёрка, не да таго было… Аднак некаторыя чуткі да нас усё ж дайшлі… – сказала Кіра.
– Што ж, відаць, вы прапусцілі ўсё самае важнае. Выбухнуў Елаўстонскі вулкан. Пакуль яшчэ невядома як. Сейсмолагі звычайна адсочваюць яго актыўнасць і загадзя прадказваюць інтэнсіўнасць падземных штуршкоў, аднак паводле іх слоў ён прачнуўся неспадзявана. Маўляў, два дні таму ўсе паказчыкі былі ў норме, але пазаўчора адбыўся моцны выбух. Апазіцыйна настроеныя СМІ сцвярджаюць, што група невядомых асоб спецыяльна накіравала на яго ракету і што цяпер большая частка кантынента цалкам знішчаная. Таксама былі згадкі, што тэрарысты заклалі паблізу кальдэры бомбу, якая пасля справакавала магутны выбух. Штаты Вашынгтон, Мантана, Паўночная і Паўднёвая Дакота, Арэгон, Айдаха, Ваёмінг, Небраска, частка Каліфорніі, Юта і Каларада цалкам патанулі ў пякельнай лаве, мільёны нявінных людзей памерлі жахлівай смерцю. Выкід попелу дасягнуў атмасферы. Наймагутнейшае цунамі пранеслася па Каліфарнійскім узбярэжжы і ў штаце Мехіка. Усе штаты і некаторыя паўднёвыя раёны Канады накрыла воблакам попелу. Сталіца часова перанесеная ў Агасту, гэта горад у штаце Мэн. Некаторыя журналісты лічаць, што Паўночная Карэя ўсё ж давяла свае спробы знішчыць ЗША да канца, аднак больш сур’ёзныя палітыкі разам з прэзідэнтам, супакойваючы грамадства, сцвярджаюць, што ў іх проста не было адпаведных сродкаў і зброі. Справа ідзе да чарговай сусветнай вайны. Пагаворваюць, што Расія і Кітай у таемнай змове і зрабілі ўсё магчымае, каб арганізаваць гэты выбух. Ёсць версіі аб дыверсійнай працы ІДІЛу на тэрыторыі ЗША. Таксама бачная рука Ірана, які помсціць за 2009 год. Аднак пакуль ніякага адказу з нашага боку не было. Палова буйных ваенных баз разбураная, у краіне ваеннае становішча. У гарадах, якія засталіся на карце, увялі каменданцкую гадзіну. Дарэчы, сёння ў Нью-Ёрку адбыліся моцныя гарадскія хваляванні. У горад уведзеныя ўрадавыя войскі. Цяпер і не ведаеш, каму верыць. Канспіролагі кажуць, што ў святле сучасных падзей нашаму Кангрэсу спатрэбілася вялікая параза ўнутры краіны, каб распачаць новы перадзел свету і вялікую вайну. Вывяржэнне вулкана параўноўваюць з адзінаццатым верасня, калі Буш-малодшы спецыяльна падарваў вежы-двайняты, каб уварвацца ў Ірак. Як бачыце, тэорый шмат, і простаму люду нічога не зразумела. Аднак вядома і іншае: у 1815 годзе ў свеце было штосьці падобнае, калі выбухнуў вулкан на востраве Сумбава ў Інданезіі, тады тэмпература ў ЗША і Заходняй Еўропе знізілася на два з паловай градусы, што выклікала неўраджаі і голад. Пасля вывяржэння Елаўстонскага вулкана зямлю накрыла попельным воблакам памерам 1600 кіламетраў на 3 метры. Карацей, можна сцвярджаць, што ў ЗША пачалася ядзерная зіма і што пры такіх кліматычных умовах сістэма зможа аднавіцца толькі праз год. Таксама я чула плёткі, нібы ў раёне Елаўстона ўпаў астэроід. Бог ведае, што там здарылася насамрэч.
Усе гэтыя чуткі пераказваліся за столікам у віктарыянскім фае спакойна, так, быццам гэта была звычайная канстатацыя фактаў і навіны тычыліся жахлівай бяды, што здарылася за сотні міль адсюль. Гарбата астыла, і Макар у некалькі глыткоў асушыў свой кубачак.
– У любым выпадку мы хацелі б пераехаць у Канаду, – паспрабаваў стрымана сказаць Макар, ад чаго яго голас здаўся яшчэ больш няўпэўненым і дрыготкім.
– Межы часова перакрылі, – уважліва пазіраючы на іх, сказала Глорыя, інтэлігентна адпіўшы гарбаты.
Макар паглядзеў на Кіру. Яна трымала кубачак абедзвюма рукамі, і было бачна, што навіны яе вельмі занепакоілі – яшчэ больш, чым усё тое, з чым яны сутыкнуліся за гэтыя дні ў эміграцыі.
Глорыя прыязна ўсміхнулася і сказала:
– Калі хочаце, можаце застацца ў мяне.
– Што вы, не варта, мы не хочам вас абцяжарваць! – выпаліў Макар. – Да таго ж вы сказалі, што ў буйных гарадах цяпер частыя хваляванні, а Олбані…
– Олбані – невялікі горад, – скончыла за яго Глорыя.
Макар адразу зразумеў, куды хіліла гаспадыня: адной ён адзінока і няўтульна, а мужчынская дапамога заўжды спатрэбіцца.
– Ведаеце, мне чамусьці ўяўляецца ціхае і бязлюднае месца ў глыбіні амерыканскіх лясоў, сярод гор, на беразе якога-небудзь возера, – справіўшыся з уласнай нервовасцю, урэшце адказаў Макар.
– Мажліва, вы маеце рацыю. Вучоныя прадракаюць змяненне клімату. Электрычнасць пакуль не адключылі, аднак гэта пытанне часу…
Глорыя ўзнялася з месца і на хвіліну выйшла з пакоя. Як толькі яна знікла, Кіра пад сталом ударыла Макара па назе і прашаптала:
– Што ты робіш? Яна ж намякае, каб мы заставаліся. Я ўжо і сама падумвала прапанаваць ёй прытуліць нас, хаця б на некаторы час. Табе што, тут кепска? Будзе свой пакой, душ і ложак!
– Кіра, ты не разумееш, гэта сур’ёзная справа. Што б з намі было ў Нью-Ёрку, калі б мы своечасова адтуль не з’ехалі?! – Макар таксама перайшоў на шэпт.
– Табе хтосьці ўбіў у галаву гэты лес, і ты гатовы рызыкаваць нашым жыццём, – пакрыўджана адвярнулася ад яго Кіра.
– Якраз я і спрабую яго ратаваць. Ты чула аб выбуху? А што, калі гэта Расія? Нас з нашай гаворкай тут адразу лінчуюць!
– Ты перабольшваеш! Я хачу застацца ў гэтым гатэлі, – цвёрда сказала яна.
Глорыя вярнулася да сужэнцаў са стосам каляровых часопісаў і паклала іх на стол перад імі.
– Штат Нью-Ёрк славіцца сваімі горнымі хрыбтамі і вялікай колькасцю азёраў.
Яна разгарнула перад імі першы часопіс.
– Вось, да прыкладу, горная града Адзірондак. У лепшыя часы карысталася вялікім попытам сярод турыстаў і моладзі. Вы толькі паглядзіце, якая прыгажосць!
Макар з Кірай убачылі веліч аксамітных гор, незвычайна сінія лясныя азёры, зарослыя мохам і папараццю вузкія сцежкі і казачна-празрыстыя вадаспады. Нават калі тут не абышлося без фоташопу, уражанне ад гэтых мясцін было неверагоднае: ва ўяўленні адразу ж малявалася безліч дзівосных краявідаў.
– Цяпер там, вядома, усё пакрытае попелам, аднак калі вы так хочаце знайсці ціхі прытулак, я б у першую чаргу параіла ехаць менавіта туды. А калі вы і там не адшукаеце добрае месца для жыцця, што ж, памятайце – заўжды можна вярнуцца. Памочнікі мне спатрэбяцца.
– Колькі, вы кажаце, адсюль да гэтага Адзірондака? – прагортваючы глянцавыя старонкі, спытаў Макар.
– Міль сто семдзесят, не больш.
Кіра абыякава паглядала на каляровыя ілюстрацыі.
Макар цяжка ўздыхнуў і адсунуў часопісы. У яго галаве віравалі думкі.
– Давайце паступім так. Мы зараз возьмем у нумар гэтыя часопісы, яшчэ раз з жонкай уважліва праглядзім усе месцы і вырашым, што рабіць далей. Калі, вядома, вы дазволіце.