Яны ўтраіх узняліся па скрыпучай драўлянай лесвіцы цёмна-карычневага колеру, упрыгожанай разьбянымі парэнчамі і балюстрадамі, быццам зусім нядаўна пакрытымі бліскучым лакам. У паветры лунаў прыемны пах свежай фарбы і, як падалося Макару, адчуваўся дух школьнай бібліятэкі, такі любімы ім яшчэ з дзяцінства. На трэцім паверсе быў невялікі калідорчык. Пакой нумар пятнаццаць знаходзіўся якраз пасярэдзіне яго. Глорыя прыклала картку да электроннага валідатара, адамкнула дзверы і ўключыла святло.
– Вось і ваш пакой. Вокны, дарэчы, выходзяць на Вашынгтон-парк. Калі вам што-небудзь спатрэбіцца – звяртайцеся, я буду ўнізе ці ў крайнім выпадку на тэрасе. Размяшчайцеся і адпачывайце, – прыязна сказала Глорыя.
– О так, адпачываць мы будзем шляхетна. Здаецца, я прасплю цэлыя суткі, – адчуўшы з парога сапраўдную хатнюю ўтульнасць, сказала Кіра.
– Ведалі б вы, як мы стаміліся! Таму яшчэ раз вялікі вам дзякуй, што адважыліся нас упусціць. Мы вас не патрывожым. Колькі з нас?
– Аплату ўнесяце пры высяленні, – сказала Глорыя, а потым зацікаўлена спытала: – Твая жонка руская? Я чую ў яе акцэнт…
Макар ледзь бачна замяўся, хутка ўпусціў Кіру ў пакой і, павярнуўшыся да Глорыі, паспрабаваў як мага больш упэўнена адказаць:
– Украінка. Там самыя прывабныя жанчыны.
– Адны з самых прывабных, – адразу паправіла яго Глорыя. – Добрай ночы.
– Дзякуй… і вам…
Макар зачыніў дзверы і стомлена прыхінуўся да іх спінай, заплюшчыўшы вочы. Кіра адразу лягла на вялікі двухмесны ложак.
– Давай дамовімся на будучыню, – не расплюшчваючы вачэй, гаротна сказаў Макар. – У святле нядаўніх падзей нам лепш не распаўсюджвацца, адкуль мы і хто, пакуль дакладна не стане вядома, што ўсё ж здарылася ў Амерыцы і, галоўнае, хто вінаваты. Давай адразу вырашым: я – паляк, а ты – дзяўчына з Украіны, пажадана негаваркая. У найгоршых абставінах можна зрабіць выгляд, што ты зусім не ведаеш англійскай. Добра? Пра беларусаў тут мала хто ведае, да таго ж па-англійску слова «беларус» вельмі падобнае на «рускі». А як я чуў ад некаторых тутэйшых, мажліва, вельмі хутка на Расію і яе хаўруснікаў павесяць усіх сабак. Камусьці ж трэба за ўсё адказваць. Ворага знойдуць – і вокам міргнуць не паспееш.
– Добра, – з прыемнасцю пацягваючыся ў ложку, сказала Кіра.
Не разбіраючы свае рэчы, дзяўчына, трохі паляжаўшы, адправілася ў душ. Макар скінуў кеды і зняў шкарпэткі, ступіўшы на мяккі кілім. Нумар быў вялікі. Шырокі ложак, засланы белымі пакрываламі, стаяў пасярэдзіне, на тумбачках з абодвух ад яго бакоў былі таршэры. Над ложкам вісела невыразная карціна з рознакаляровымі лініямі і плямамі, побач размяшчалася ўбудаваная ў сцяну белая шафа з шэрагам паліц. Шчыльныя белыя жалюзі завешвалі акно, пад якім стаяў столік з двума фатэлямі. Шпалеры былі пяшчотнага персікавага колеру. За шафай знаходзілася невялікая кухня. Макар убачыў там усё неабходнае: чорную лядоўню, газнічку, кран і белыя шафкі. Побач размяшчаўся душавы пакой. Усё было сціпла і па-англійску чапурыста.
Абследаваўшы памяшканне, Макар знайшоў разетку і паставіў навігатар на зарадку.
Кіра прымала душ, як зазвычай, доўга. Макар раздзеўся дагала і, чакаючы сваёй чаргі, заснуў. Дарога выматала яго ўшчэнт, а калі Кіра ласкава даткнулася да яго нагі цёплай вільготнай рукой, ён спалохана схамянуўся.
У душы хлопец цалкам намыліўся і, не марудзячы, змыў бруд і пот гэтых трывожных і небяспечных дзён. Вада была гарачай і прыемнай як ніколі.
У ложку яго ўжо чакала Кіра, і ён мядзведзем забурыўся да яе пад коўдру. Пацалаваў жонку ў шчаку, мацней прыціснуў да сябе, і яны заснулі.
Сон у абаіх быў моцным. Яны праваліліся ў яго адразу, як толькі іх целы сагрэліся і размяклі. Трэба было адаспацца на тыдзень наперад, адпачыць і набрацца сіл. Далей іх чакаў доўгі і напружаны шлях, і дзе яго прыблізны канец, яны не ведалі. Трывога і страх перад невядомым адбіралі шмат энергіі.
Прачнуліся Макар і Кіра роўна праз дванаццаць гадзін. У пакоі было светла, таму яны не ўяўлялі, колькі часу, аднак гэта не мела ніякага значэння. Хлопец адчуў сілы і рашучае жаданне рухацца далей, дзяўчына, паспакайнеўшы, коткай лашчылася да мужа.
Яны заняліся каханнем упершыню за гэты час. Упершыню на новым кантыненце. Праз гэта сэкс атрымаўся хуткім, гарачым і імпульсіўным. Ложак быў вельмі зручным, і яны не пашкадавалі часу, каб яшчэ трохі застацца ў ім, лашчачы адно аднаго, нібы ў свеце нічога не змянілася і муж з жонкай проста прыехалі сюды ў адпачынак.
Макар вылез з-пад коўдры першым. Падышоў да акна і прыадчыніў жалюзі. Акно сапраўды выходзіла на Вашынгтон-парк. На вуліцы быў так званы дзень, аднак праз шчыльныя густыя аблокі і паўсюдную шэрасць здавалася, што навокал пануе пахмурны надвячорак. Вуліца была пустой. Цішыня і асуджанасць віселі над усім Олбані.
Кіра папрасіла папіць, і Макар падаў ёй бутэльку вады.
Праз гадзіну яны былі на нагах, паспеўшы за гэты час умыцца і перакусіць. Кіра пераматала галаву Макара новым бінтам з аптэчкі. Рана пачала загойвацца. Вядома, у іншай сітуацыі было б варта накласці швы, аднак цяпер можна было разлічваць толькі на хлоргексідын і чыстыя бінты з ёдам. Прывёўшы сябе ў належны стан, яны спусціліся на першы паверх.
У фае нікога не было. Макар прайшоў у сумежны пакой з вялікім сталом і ўбачыў за ім дзверы, што выходзілі на ўнутраную тэрасу. Праз шкляное акенца хлопец прыкмеціў дворык з парай засыпаных попелам фатэляў і вялікімі клумбамі з невядомай расліннасцю, таксама густа пакрытай буйнымі шэрымі шматкамі. Глорыя прыводзіла гатэль у парадак, праходжваючыся па дворыку са шчоткай і беспаспяхова спрабуючы абтрэсці з фатэляў і раслін дакучлівай масай. Макар адчыніў дзверы, каб павітацца з гаспадыняй.
– Вы прачнуліся ўжо? – заўважыўшы гасцей, спытала Глорыя. – Хадзем, я вас гарбатай напаю.
У фае яны ўтраіх уселіся за стол, і Глорыя паставіла перад імі керамічны імбрычак. Наліла ў кубачкі гарачай вадкасці і, уважліва паглядзеўшы на сужэнцаў, спытала:
– Якія ў вас планы? Што збіраецеся рабіць?
Макар пераглянуўся з Кірай і вырашаў выкласці ўсё як ёсць. Глорыя паставілася да іх вельмі абыходліва, чаму б не адказаць ёй узаемнасцю, падумаў ён.
– Мы паедзем на поўнач па трасе № 87 шукаць больш прыдатнае і адасобленае месца ў амерыканскай глушы, пакуль у краіне не нармалізуецца абстаноўка.
– Гэта надоўга… Вы не чулі, што казалі па тэлебачанні?