Далей, за вялікім чорным хмарачосам, пачаліся вуліцы з аднапавярховымі дамамі. Кіра заўважыла адзінокага мужчыну, які спрабаваў вычысціць ад попелу свой сціплы дворык. Было адчуванне раніцы пасля Раства, калі звычайны добрапрыстойны амерыканскі абывацель мусіць прывесці ў належны стан сваю маёмасць.
Слухаючы ўказанні навігатара, Макар павярнуў «джып» на Генры-Джонсан-бульвар, і хутка яны ўткнуліся ў Вашынгтон-парк. Павярнулі налева на Стэйт-стрыт і спыніліся насупраць трохпавярховага будынка з чырвонай цэглы ў псеўдагатычным стылі.
– Я пайду агледжуся, а ты пашукай у навігатары яшчэ які найбліжэйшыя гатэль, каб, не губляючы часу, адразу паехаць у новым кірунку. Разбярэшся? – стомлена спытаў у Кіры Макар.
– Так.
Ён выйшаў з машыны і паглядзеў вакол сябе. Вулка была пустой. Некалькі машын таксама прыпаркавалася ўздоўж Стэйт-стрыт, і ў паветры адчуваўся гар. Макар перабег на другі бок дарогі і імгненна ўзляцеў па лесвіцы да дзвярэй. Побач быў званочак. Перад тым як націснуць, хлопец на ўсялякі выпадак тузануў ручку. Дзверы былі глуха зачыненыя.
З сярэдзіны доўгі час ніхто не адказваў, і Макар паўторна націснуў на званочак. Спусціўся па лесвіцы і, задраўшы галаву, паглядзеў, ці гарыць у вокнах святло. Святла не было, хлопец роспачна азірнуўся на Кіру. У гэты момант дзверы гатэля прачыніліся, і паказалася сівая галава пажылой жанчыны.
– Дзень добры, мы б хацелі зняць пакой, – адразу перайшоў да справы Макар. – У нас ёсць грошы, а ваш гатэль якраз нам па дарозе.
Жанчына недаверліва паглядзела на Макара.
– Хто гэта «мы»? Я бачу толькі аднаго чалавека, – сказала яна траскучым голасам.
– Са мной мая жонка, яна чакае ў машыне.
– Мы зачыненыя, хіба вы з іншай планеты? Бачылі, што ў краіне дзеецца?
– Мы эмігранты, і нам патрэбны прытулак, усяго на адну ноч.
– Вось як, адкуль жа вы?
Макар на імгненне задумаўся, успомніўшы, як мужчына на запраўцы казаў, што рускія аб’ядналіся з кітайцамі супраць ЗША.
– Палякі, – раптам выпаліў ён.
Жанчына марудзіла з адказам.
– Няхай твая жонка таксама пакажацца.
– Вядома! Кіра! – крыкнуў у бок машыны Макар і махнуў жонцы рукой. – Любая, падыдзі, калі ласка, да нас!
Кіра асцярожна выйшла з «джыпа» і падышла да Макара. Жанчына змерыла іх позіркам і прыадчыніла дзверы шырэй.
– У цябе прывабная жонка, паляк.
– Мяне завуць Макар, а гэта Кіра.
– Бярыце свае рэчы і можаце заходзіць, – ужо лагодней сказала жанчына.
Яны на радасцях кінуліся да машыны. Макар схапіў заплечнік і сумку, дзе былі ўсе неабходныя рэчы. Кіра ўзяла адзін пакунак з ежай.
– Няўжо нам пашчасціць прыняць душ? – падыходзячы да дзвярэй і не верачы сваім вачам, сказала яна Макару.
Іх сустрэла прыемнае фае, абстаўленае паводле ўсіх канонаў віктарыянскага стылю. Адразу на ўваходзе стаялі дзве канапы колеру слановай косткі, над імі вісела вялікая жырандоль, а на сцяне насупраць размяшчалася прамавугольнае люстэрка з разьбянай рамай. Сцены фае былі абклееныя малочнымі шпалерамі і аздобленыя да сярэдзіны драўлянымі ўстаўкамі шакаладнага адцення. На сценах віселі карціны са сланечнікамі.
Жанчына чакала іх на ўваходзе ў другі пакой. За яе спінай быў відаць доўгі стол на восем персон і белы камін. Гаспадыня была невысокай, у хатнім халаце і цёплых вязаных шкарпэтках. На выгляд ёй было каля шасцідзесяці.
– Усе нумары вольныя. Які вас цікавіць? – мякка спытала яна.
– Галоўнае, каб там быў душ, – адразу сказала Кіра. – І пажадана вялікі ложак.
– Тады вам падыдзе нумар-студыя «к’ўін сайз» з сумежнай кухняй, – усміхнуўшыся куточкамі вуснаў, сказала жанчына. – Мяне завуць Глорыя. Пойдзем наверх, я вас правяду.
– Вельмі прыемна, Глорыя, – Макар пачціва схіліў галаву.