– Даруй… я абяцаю табе…
– Чорт, любы, нам пашанцавала, а іншым разам можа і не пашанцаваць!
Павісла доўгая паўза. Макар саўладаў са сваімі эмоцыямі, і маладыя людзі рушылі далей.
Некалькі разоў ім давялося спыняцца, каб збегаць па малой патрэбе і перакусіць. Кіра зрабіла сандвічы, і Макар адзначыў прыемны смак бекону. Хаця, мажліва, ён проста моцна згаладаўся, і таму амерыканская ежа здавалася смачнейшай, чым яна ёсць насамрэч.
Краявіды змяняліся адзін за адным. Скалістыя ўзвышшы пераходзілі ў густы яловы лес, а потым з’яўляліся шырокія прасторы лугоў. Едучы далей, яны заўважылі, што дамы побач з трасай трапляюцца радзей. У асноўным каля дарогі сустракаліся СТА, запраўкі і прыдарожныя матэлі. Да таго ж Макар заўважыў, што за ўвесь час яны не сустрэлі ніводнай жывёліны і птушкі і не бачылі ніякіх слядоў іх актыўнасці.
Макар заліў бак на запраўцы «Mobil» і набыў на касе швейцарскі нож. Здавалася, што ўсё ў краіне руйнавалася, але заправачныя станцыі былі пад кантролем. Апошні прадавец трымаў за рэменем пісталет.
Яны праехалі каля двухсот кіламетраў. Да Олбані заставалася ўсяго нічога.
Недзе праз дзесяць кіламетраў яны заўважылі наперадзе невялікі затор. Наблізіўшыся, з жахам убачылі, што гэта той самы гурт байкераў – трохі збочыўшы з крайняй правай паласы, але па-ранейшаму займаючы яе большую частку, – проста пасярод трасы рабаваў невялікі мікрааўтобус. Астатнія машыны абыякава праязджалі міма, ніхто не асмельваўся спыніцца і дапамагчы пацярпелым. Мінаючы месца злачынства, Макар з Кірай заўважылі ў салоне аўтобуса маладых дзяўчат, і проста на іх вачах адзін з валасатых бамбіз выцягваў адтуль за светлыя валасы зусім юную дзяўчыну.
– Які жах! Хутчэй паехалі прэч! – сказала Кіра, закрыўшы далонню рот.
– Мы нічым не можам ім дапамагчы, – прыгнечана прамовіў Макар і ўтапіў педаль газу так, што ў яго забалела нага.
Хуткасць ён стараўся не памяншаць амаль да самага горада. Далей траса была адносна свабоднай, і яны хутка даехалі да развязкі.
Указальнікі паведамілі, у якім баку Олбані, і Макар павярнуў машыну направа.
Яны праехалі крыху далей і натрапілі на чарговы «E-ZPass». Шлагбаумы, як заўсёды, былі паднятыя, аднак за імі ўтварыўся вялікі затор. Было бачна, што некаторыя вадзіцелі кідалі машыны проста пасярод дарогі, хтосьці сігналіў і аб’язджаў перашкоду. Макар таксама вырашыў аб’ехаць. Пасля нядаўна ўбачанага на дарозе ў яго зноў з’явілася трывожнае прадчуванне, што гэты затор штучны і хтосьці наперадзе зрабіў засаду, каб адабраць у іх машыну. У Макара балелі вочы, яму тэрмінова быў неабходны адпачынак, аднак ён спрабаваў не падаваць выгляду. Яшчэ крыху – і яны трапяць у горад.
Макар стрымана аб’язджаў машыны, паглядваў у люстэркі і намацваў у кішэні нож. Вочны ціск рабіўся мацнейшым, у асобныя імгненні хлопец адчуваў, што хутка проста вырубіцца, і тады…
Дарога павяла іх па лясістай мясцовасці, і на трасе зрабілася свабодней. Макар папрасіў Кіру зверыцца з картай. Аднак не паспела дзяўчына разгарнуць тую, як наперадзе з’явіліся абрысы дамоў.
Олбані адкрываў перад імі свае краявіды з высокімі гмахамі. Горад быў невялікім, аднак на гарызонце ўжо віднеліся і буйныя хмарачосы.
Траса № 87 вяла іх да горада, пакуль яны не дабраліся да вялікай кальцавой развязкі.
Тут давялося спыніцца. Рух на дарозе быў нязначным, і яны прытармазілі каля паўметровых парэнчаў уздоўж трасы.
Макар узяў у Кіры карту, цалкам разгарнуў яе і нечакана пляснуў сябе па лбе.
– Вось ёлуп!
– Што здарылася?
Ён імпульсіўна адчыніў схованку і выцягнуў адтуль навігатар, пра які яны забылі.
– Гэта на крайні выпадак, трэба берагчы зарад, – сказаў ён Кіры.
Потым націснуў на панэль, і навігатар уключыўся. На экране з’явілася меню. Макар выбраў цэтлік «GPS», і карта мясцовасці пачала загружацца. Праз імгненне ўсплыло паведамленне, што зарад батарэі слабы – засталося ўсяго дзесяць адсоткаў.
Макар хутка набраў у пошукавым акне «гатэлі Олбані», на экране ўзніклі зялёныя кропкі ўсіх гатэляў горада. Хлопец націснуў на найбліжэйшую, і на панэлі высвецілася назва «Morgan House». Макар завёў рухавік, і машына паехала.
Дарога вельмі хутка павяла іх па коле. На кальцавым павароце яны ўбачылі аранжавыя загараджальныя паўсферы. Гэты ўчастак дарогі так несвоечасова быў на рамонце. Давялося праігнараваць знакі і, наехаўшы на некаторыя з паўсфер, рухацца далей.
Праз хвіліну яны мінулі кальцо і з’ехалі на Саўт-Молі-Артэрыял. Наперадзе высіліся грандыёзныя будынкі Олбані.
Едучы да тунэля, Макар і Кіра ўбачылі хмарачосы і дзіўны будынак, падобны на касмічны карабель незвычайнага малочнага колеру. Горад сустракаў іх сваёй сюррэалістычнай архітэктурай, ён быў зацягнуты бясконцай попельнай імгой, ад чаго здаваўся яшчэ больш велічным і непадуладным катаклізмам і трагічным калізіям. Урэшце тунэль праглынуў іх разам з дзясяткам іншых машын, якія таксама ўязджалі ў Олбані.
Пасля тунэля жаночы голас з навігатара сказаў павярнуць направа, і яны заехалі ў тыповы амерыканскі горад. Аднак вочы разбягаліся і тут. Кіра з захапленнем пазірала на засыпаныя попелам будынкі, невялікія скверы і паркі. У адным з іх яна нават прыкмеціла сталую жанчыну, якая спакойна выгульвала сабачку, быццам вакол быў не попел, а першы снег, і нічога не прадвяшчала бяды.
З Саўт-Суон-стрыт маладыя людзі павярнулі на Вашынгтон-авеню, мінуўшы доўгі будынак, падобны на антычны грэчаскі Парфенон, і выехалі на шыкоўны пляц. Тут яны ўпершыню пабачылі некалькі трупаў, вакол якіх бязладна кружылі на халодным ветры нейкія ўлёткі і валяліся стосы раскіданых газет. Нябожчыкі з прыкрытымі анучамі тварамі ляжалі абы-як.