Кіра моўчкі слухала яго довады, і з яе маўчання было зразумела, што яна з усім згодная. Макар скрупулёзна вывучаў карту.
– Вельмі хутка дарога выйдзе з гэтай блытаніны развязак, і калі верыць карце, траса № 87 павядзе нас проста да Канады.
Дзесьці непадалёк ад таго ўчастка дарогі, дзе паводле слоў Макара разгалінаванні і віражы заканчваліся, яны спыніліся на запраўцы і залілі ў бак паліва. На здзіўленне, станцыя працавала ў звычайным рэжыме, і муж з жонкай падсілкаваліся смачнымі гамбургерамі з гарачай кавай.
Сталы мужчына за касай з недаверам касавурыўся на іх, калі яны зручна прымасціліся за столікам і завялі размову на рускай мове. Ужо развітваючыся з прадаўцом, Макар спытаў пра прагноз надвор’я, на што мужчына паціснуў плячыма.
– Я ведаю не больш за вас, малады чалавек…
Яны паехалі далей. За стырно сеў Макар. Траса пайшла наперад прамой стужкай, адкрываючы новыя краявіды. Скалістыя пагоркі змяняліся густымі лясамі і вялізнымі гарамі ўдалечыні. Машыны рухаліся ў розных кірунках, часам на вялікай хуткасці, а часам павольна як чарапахі, і Макару даводзілася ісці на абгон.
Неўзабаве яны мінулі чарговы «E-ZPass». Кабіны пунктаў пропуску пуставалі, шлагбаумы былі паднятыя ўгару, і Макар з Кірай без перашкод праехалі далей, прасоўваючыся ўглыб штата Нью-Ёрк.
Пасля «E-ZPass» траса звузілася да дзвюх палос. Іх бок дарогі часта разыходзіўся з сустрэчным: палосы то разбягаліся далёка ў розныя бакі, то праз колькі кіламетраў зноў сустракаліся, рэзка выплываючы з-за павароту адна насустрач другой.
Кіра заўважыла збоку ад трасы, амаль каля самай дарогі, двухпавярховы цагляны будынак з зялёным чарапічным дахам.
– Глядзі, які прывабны домік. Можа, зробім у ім першы сапраўдны прывал? Ты штосьці казаў пра прыватны дом. А што, калі там нікога няма і мы зможам у ім пасяліцца?
– Я казаў пра дом у глыбіні лясоў, дзе нас будзе цяжка знайсці. Дом побач з трасай – гэта занадта адкрытае месца, мы будзем ва ўсіх як на далоні.
Макар паехаў далей, акінуўшы позіркам прывабны дом. Ён здаваўся пустым, аднак людзі маглі забарыкадавацца знутры.
– Сёння да мяжы мы не даедзем, аднак палову вызначанага маршруту зробім. Паглядзі, калі ласка, які ў нас па дарозе найбліжэйшы горад?
– Олбані, – сказала Кіра праз некаторы час, уважліва паглядзеўшы на карту.
Яны мінулі вялікую запраўку з матэлем, падобным на драўляны замак. Макар заўважыў на яго стаянцы вялікі гурт байкераў. Яны сядзелі на матацыклах, шумна газавалі і нахабна пілі піва. Макар павялічыў хуткасць.
– Заўважыш – людзі зараз крута зменяцца, – сказаў ён Кіры. – Пакуль у краіне лунае нявызначанасць – абавязкова будуць беспарадкі. Вядома, добра было б сустрэць такіх людзей, як Філіп і Джэсіка. Аднак кожную хвіліну трэба быць напагатове.
Траса зноў раздзялілася надвое, вывеўшы іх у густы зараснік попельнага лесу. Макар зменшыў хуткасць і, паглядзеўшы ў люстэрка задняга віду, адразу абамлеў.
– Гэтага яшчэ не хапала… – у адчаі прамовіў ён.
Да іх набліжалася калона байкераў з запраўкі.
Макар паспрабаваў не выдаць сваю паніку, каб Кіра не заўважыла, што ён баіцца магчымай небяспекі. Галаву пачалі штурмаваць дрэнныя думкі. Як паступіць у такой сітуацыі? Павялічыць хуткасць? Тады яны захочуць распачаць пагоню і абагнаць іх. Ехаць далей як нічога ніякага? Аднак праз некалькі хвілін яны нагоняць іх, і што тады? Кіра маўчала, затаіўшы дыханне. Трэба даць ім дарогу і не замінаць.
У апошні момант Макар вырашыў з’ехаць з трасы і спыніцца. Кіра здзіўлена паглядзела на мужа. На яе твары чытаўся жах перад непазбежнай бядой.
– Прыгніся, – суха сказаў ёй Макар.
Кіра не зразумела, чаго ён хоча, і хлопец груба апусціў яе галаву. Калона шалёна прамчала побач, забрудзіўшы паветра выхлапнымі газамі чорных байкаў. Увесь гэты час Макар спрабаваў не глядзець у іх бок. Байкеры панесліся далей, цудам не звярнуўшы ўвагі на адзінокую машыну, якая, збочыўшы, саступіла ім дарогу.
Як толькі калона знікла за даляглядам, Макар адпусціў Кіру.
– Грэбаныя чэрці…
Яны пастаялі некаторы час у кювеце, пакуль Кіра, выпрастаўшыся, не парушыла маўчанне:
– А што, калі б яны спынілі? Чым ты думаў, Макар?!
– Я вырашыў пайсці на рызыку.
– Яны маглі б мяне згвалціць…
Макар маўчаў.