Шырокая дарога ў гэтым кірунку стала больш свабоднай, і яны вельмі хутка дабраліся да моста, які перасякаў Гудзон. Увесь час Макар глядзеў на карту і паведамляў Кіры, што іх чакае наперадзе. Перад мостам ён папрасіў яе перасесці, аднак яна адмовілася і з патокам машын заехала на мост.
Перад імі адкрыўся жахлівы краявід: неба няпэўна-бурага колеру і мазутная роўнядзь заліва. На даляглядзе бачныя цёмныя вяршыні лесу, які паўставаў на іншым баку моста і высока ўгару ўзвіваўся слуп густога чорнага дыму, злучаючы попельную зямлю з шэрымі хмарамі стрыжнем, падобным на тарнада. Наперадзе штосьці гарэла, выкідваючы ў паветра крывавыя языкі полымя.
Мост пятляў, паварочваючы то налева, то направа. Рух тут значна запаволіўся, і ў Макара ўзнікла дурное прадчуванне, што ў любую хвіліну асфальт пад імі праломіцца і яны праваляцца ў пекла.
Праязджаючы пад высокімі падвеснымі калонамі, яны заўважылі самотны амерыканскі сцяг, які горда развяваўся над усёй трагічнай карцінай, нібы ўсяляючы ў падарожнікаў веру ў тое, што, пакуль у паветры трапеча гэта палатно, усе яны будуць жывыя і нічога з імі не здарыцца, прынамсі на гэтым участку шляху.
Мост цягнуўся цэлую вечнасць, пакуль траса ўрэшце не павярнула направа і яны не ўехалі ў невялікі гарадок, што размяшчаўся ля самага яго падножжа.
Аднапавярховыя дамы сіратліва туліліся абапал шашы. Макар прыкмеціў, як гаспадар аднаго дома, паставіўшы драбіны пад страху, змятаў з яе аселы попел. Гарадок аказаўся невялікім, і яны хутка выехалі з яго. Далей зноў пацягнуліся ўсё тыя ж скалістыя пагоркі і выступы.
Кіра ўдала прымасцілася за доўгім грузавіком і працяглы час рухалася ўслед за ім.
Яны ўжо прывыклі да спакойнага руху і трохі абстрагаваліся ад свайго бядотнага стану, як нечакана звонку пачуліся прыглушаныя гукі магутных лопасцей верталётаў. Макар уважліва паглядзеў удалеч. На гарызонце вымалёўвалася армада вялікіх ваенных верталётаў, больш вядомых як «чорныя ястрабы» – такія ён бачыў толькі ў фільмах. Па меры іх набліжэння гукі рабіліся ўсё больш грознымі, і хутка над «джыпам» праляцела з тузін такіх гаргарын.
– Глядзі! – паказала рукой Кіра.
Па супрацьлеглай паласе ў кірунку Нью-Ёрка рухалася калона чорных «хамераў». У люках на дахах віднеліся кулямётчыкі ў процівагазах.
– У горадзе штосьці здарылася. Добра, што мы паспелі пакінуць яго на досвітку, – сказаў Макар.
Калона ехалі міма іх яшчэ некалькі хвілін, а як толькі скончылася, Кіра павялічыла хуткасць і абагнала грузавік наперадзе.
Праз некалькі кіламетраў траса звузілася да трох палос, і Макар заўважыў справа вялікі чырвоны дыскаўнтар з надпісам «Target».
– Заедзем і назапасімся максімальна, – сказаў ён Кіры.
Яна моўчкі скіравала машыну на з’езд з дарогі, і яны паспяхова трапілі на вялікую паркоўку побач з дыскаўнтарам.
Падыходзячы да шырокіх чырвоных дзвярэй, яны са здзіўленнем заўважылі, што людзі спакойна заходзяць і выходзяць з прыдарожнага гандлёвага цэнтра. Макар узяў з доўгага шэрага ля дзвярэй чырвоную цялежку і спакойна зайшоў разам з Кірай унутр.
На ўваходзе стаяў паліцэйскі з драбавіком у руках; добразычліва павітаўшыся, ён прапусціў іх у памяшканне. Пакупнікі паводзілі сябе стрымана, аднак усюды адчувалася напружанне. Значыць, за межамі горада амерыканцы ўсё ж спрабуюць наладзіць і падтрымліваць парадак.
Падчас усяго гэтага падарожжа па ЗША, пачынаючы з экстраннай эвакуацыі ў аэрапорце Джона Кенэдзі, Кіра заўжды трымала пры сабе паясную барсетку з усімі грашыма, якія яны прывезлі ў Амерыку. Дваццаць тысяч долараў стакупюравымі банкнотамі. Макару давялося прадаць усе свае самыя дарагія рэчы. Яны абое добра ведалі, што гэтай сумы будзе недастаткова, аднак для пачатку мусіла хапіць. І вось прыйшоў час трохі раскашэліцца.
– Зноў бяром толькі самае неабходнае, – папярэдзіў Кіру Макар, – і не губляем шмат часу.
Дыскаўнтар аказаўся велізарным. Гэтым разам яны засяродзіліся на крупах, макароне і вэнджаным мясе, якога ў дыскаўнтары было багата, на бутэльках з пітной вадой і неабходных леках. Макар набыў два блокі цыгарэт, узяў колькі бутэлек віскі і пару запальніц. Цэны не былі завышаныя, і на касе яны заплацілі дзвесце пяцьдзясят долараў.
Давялося пастаяць у вялікай чарзе. Людзей было безліч, і ўсе занепакоена пераглядаліся і абмяркоўвалі саму сітуацыю і апошнія навіны. Ад найбліжэйшай групы Макар пачуў, што ў Нью-Ёрку ўспыхнула паўстанне супраць муніцыпальных улад. Большасць з прысутных у чарзе згаджалася, што ад буйных мегаполісаў трэба трымацца падалей і сяліцца ў сельскай мясцовасці.
Склаўшы пакупкі ў багажнік «джыпа» і набіўшы яго амаль пад завязку, Кіра запаліла цыгарэту і паглядзела ў бок прыдарожных хатак з чырвонымі чарапічнымі дахамі адразу за дыскаўнтарам.
– Можа, застанёмся тут? Здымем пакой і ўсё перачакаем. Глядзіш, вайскоўцы хутка навядуць парадак. Зірні, попел амаль што асеў…
– Не хачу рызыкаваць. Як на мяне, усё ж лепш знайсці месца далей ад людзей, на беразе якога-небудзь возера ці ракі з добрым відам, дзе будзем толькі мы з табой – і нікога побач.
– Ты ўжо прыдумаў план?
– У любым выпадку трэба ехаць далей.
Яны зноў завялі рухавік.
– Мужчына на запраўцы параіў знайсці ціхае і ўтульнае месца ў лесе і перачакаць там усе гэтыя пошасці, – разгарнуўшы на каленях карту, сказаў Макар. – Я вымушаны давяраць тутэйшым. Яшчэ невядома, колькі часу ўладам спатрэбіцца на тое, каб узнавіць на кантыненце ранейшае жыццё. Тым больш што можа пачацца вайна, у якой я не хачу ўдзельнічаць. Цяпер чым далей ад цывілізацыі – тым лепш.
– Гучыць няблага. Аднак дзе нам адшукаць такое месца?
– Як бы дзіўна гэта ні гучала, але я разлічваю, што ў краіне цяпер з’явілася шмат вольнай маёмасці. У іншым выпадку мы заўжды зможам дамовіцца з кім-небудзь і зняць жыллё. Будзем прасоўвацца далей да мяжы і назіраць.