– Скажыце, па гэтай трасе мы даедзем да мяжы з Канадай? – спытаў ён у мужчыны.
– Так, толькі які ў гэтым сэнс? Мяжу перакрылі. Мы як у кансервавай бляшанцы, якая выбухнула. Божа, блаславі Амерыку!
Мужчына сеў у свой «Форд». Макар уставіў картку ў тэрмінал і зноў без піну заліў яшчэ дзесяць літраў паліва. Магчыма, хакеры ўсё ж узламалі сістэму. Колькі на рахунку грошай, ён не ведаў.
Вярнуўшыся назад, Макар задумаўся.
– Што ён табе сказаў? – спытала Кіра.
– Усе межы перакрытыя, і лепш за ўсе шукаць дом у лесе, падалей ад гарадоў, каб перачакаць усе гэтыя катаклізмы.
– І што мы будзем рабіць?
Макар стомлена правёў рукой па вачах.
– Трэба адпачыць. Праедзем яшчэ трохі і зробім прывал.
Праз некалькі кіламетраў яны выехалі за межы Нью-Ёрка. Макар зразумеў гэта па дарожных знаках, якія сігнальнымі маячкамі акрэслівалі далейшы шлях у непралазнай цемрадзі. Вельмі хутка траса стала двухпалоснай.
Адразу за межамі раёна, збоку ад дарогі, пачаўся невялікі канал, і Макар з’ехаў на абочыну. Завярнуў у гай і выключыў рухавік.
– Спі першай, я пабуджу цябе на досвітку.
– А ты?
– Будзем спаць вахтамі, дзеля бяспекі.
Кіра пачала спрачацца, што ў гэтым няма сэнсу, аднак Макар настаяў на сваім. Хутка яна сцішылася і заснула.
Макар паглядзеў па баках. За вокнамі стаяла непраглядная ноч. Ніякіх гукаў не было, толькі раз-пораз па трасе праязджалі машыны. Ні стракатання конікаў, ні квакання жаб. Відаць, праз попельныя ападкі ўся жыўнасць вымерла або адправілася шукаць больш прыдатныя для жыцця мясціны. Макар толькі цяпер зразумеў, як моцна стаміўся. Рукі дрыжалі, а сэрца білася так, нібы ён зрабіў забег на стаметроўку. У галаве безупынна тачыліся думкі. Што рабіць далей, як выжыць у гэтай сітуацыі – у становішчы, у якім яны аказаліся па яго віне? Ён падумаў пра сваіх бацькоў. Пра бацькоў Кіры. Як яны там цяпер? Навіны, хутчэй за ўсё, даўно даляцелі да іншага кантынента. Аднак Макара суцяшала тое, што яны жывыя, у іх (і гэта галоўнае) ёсць сродак перамяшчэння, прадукты харчавання і паліва. Засталося толькі набыць стрэльбу і рухацца далей – толькі так. Заўтра па магчымасці неабходна адолець значную частку маршруту. Калі мяжа сапраўды перакрытая, значыць давядзецца на пэўны час пасяліцца дзесьці паблізу, каб у любую хвіліну быць гатовымі выправіцца ў далейшы шлях, у больш бяспечнае месца, пакуль Макар дакладна не ўпэўніцца, што ім з жонкай нічога не пагражае.
Ён думаў пра гэта і патроху супакойваўся. Кіра ўжо салодка пасопвала, і пад яе мяккае дыханне ён на секунду заплюшчыў вочы.
Яго пабудзіў штуршок у плячо.
– Ты заснуў? – спытала Кіра асіплым спрасонку голасам.
Ён пралупіў вочы і схамянуўся. На дварэ развіднела, і на трасе ўзнавіўся ажыўлены рух.
– Прабач, – сказаў ён.
Яны выйшлі з машыны пакурыць, ужо не надзяваючы рэспіратары. У паветры адчувалася восень, на дарозе стаяў густы туман.
– Зараз жа рушым далей!
– Я таксама магу весці, ты абяцаў, што, калі мы выедзем за горад, пусціш мяне за стырно, – нагадала Кіра.
– Я памятаю. Давай я яшчэ трохі праеду, няхай на дарозе развеецца туман…
Яна нічога не сказала, і яны вярнуліся ў машыну.
Дарога вяла праз высокія загараджальныя сцены і пашырылася на тры паласы. Машыны рухаліся доўгімі калонамі, і часам Макар ішоў на вымушаны абгон, каб не валачыцца ў хвасце за асабліва абачлівымі амерыканцамі.
Калі яны выехалі далёка за прыгарады Нью-Ёрка, траса пашырылася на яшчэ адну паласу, абапал пачалі з’яўляцца скалістыя выступы. Дарога была спрэс засыпаная попелам, і толькі дзве каляіны ад аўтамабільных колаў акрэслівалі далейшы шлях. Складвалася ўражанне, што на Амерыку напаў моцны шэры снегапад і дарогу яшчэ не паспелі як след пачысціць. Можна было толькі ўяўляць усю тую прыгажосць, якая паўстала б перад імі, калі б яны апынуліся ў гэтых мясцінах у іншых абставінах без усіх гэтых попельных ападкаў і катаклізмаў. Усю тую зеляніну і яскравае сонца. Цяпер жа навокал толькі брудна-шэры краявід і над імі гаротна навісаюць, навяваючы песімістычныя думкі і паволі плывучы на поўнач, бясконцыя свінцовыя хмары, праз якія не прабіваюцца прамяні.
Праз паўгадзіны яны ўбачылі чарговы «E-ZPass», аднак у адрозненне ад такога ж пункта за мостам Уайтстоўн у Нью-Ёрку на гэтым участку дарогі шлагбаумы былі паднятыя і машыны вольна ехалі далей.
Мінуўшы «E-ZPass», Макар дазволіў Кіры перасесці за стырно. Яна трымалася рашуча і смела ціснула на педалі, паказваючы мужу, што ёй можна даверыцца. Кіра хацела, каб Макар мог на яе разлічваць. Цяпер яны – каманда і павінны падтрымліваць адно аднаго. Неразумна было скідваць увесь цяжар адказнасці на яго плечы.